Навучэнцы і настаўнікі сярэдняй школы № 12 Гродна адзначылі верасень удзелам у шматлікіх мерапрыемствах, якія праходзілі падчас Дзён устойлівай энергетыкі ў рамках Пагаднення мэраў, Глабальнага тыдня дзеянняў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, Еўрапейскага тыдня мабільнасці.
Велаэкаквест “Падары планеце час” быў арганізаваны ў новым фармаце. Дзеці ўдзельнічалі ў квесце як індывідуальна, так і ў камандзе, а потым размяшчалі справаздачы аб выкананых заданнях у школьных сеткавых супольнасцях. Для самых маленькіх удзельнікаў, а таксама для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі быў падрыхтаваны аблегчаны маршрут і суправаджэнне валанцёраў.
На пяці лакацыях квеста школьнікі, іх сябры і бацькі атрымалі карысную інфармацыю пра Мэты ўстойлівага развіцця і магчымасці асабістага ўкладу ў іх дасягненне, прыбралі смецце ў лясным масіве Ласосна і ў мікрараёне школы, вырабілі і распаўсюдзілі лістоўкі пра карысць веларуху.
— Ініцыятывы нашай школы былі прадстаўлены ў фінале конкурсу на міжнароднай ZOOM-канферэнцыі актывістаў Глабальнага тыдня дзеянняў у Мэтах устойлівага развіцця, — расказвае каардынатар праектнай дзейнасці сярэдняй школы № 12 Гродна Галіна Богдан. — 19 удзельнікаў канферэнцыі з Берліна, Масквы, Валгаграда, Краснаярска, расійскіх рэгіёнаў Ямала, Карэліі, Алтая, з Малдовы, а таксама Гродна прадставілі свае праекты і абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў інтарэсах устойлівага развіцця.
Далучыліся да актыўнасцей і выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна, якія прынялі ўдзел у экалагічным велапрабегу “Вясёлыя старты з катом Леапольдам”.
— Самакаты і веласіпеды нашых выхаванцаў упрыгожылі эмблемамі ў абарону прыроды, якія вырабілі напярэдадні: “Мы за чысты горад!”, “У смецця ёсць месца!”, “Чыстае паветра — здароўе чалавека!”, “Скажы веласіпеду:“Так”, “Я выбіраю экалагічны транспарт”, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзйнасці ДЦРД № 58 Гродна Наталля Казлоўская. — Такія экалагічныя знакі — напамін дзецям і дарослым аб тым, што чалавеку неабходна змяніць свае паводзіны ў прыродзе — гэта значыць, перамагчы ў барацьбе за чыстае паветра, ваду і зямлю.
У дашкольным цэнтры ўпэўнены, што экалагічны велапрабег змог даступна расказаць дзецям аб існуючых экалагічных праблемах і даць зразумець, што кожны, прыклаўшы невялікія сілы, можа ўнесці свой уклад у захаванне экалогіі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.