Велапрабег маладых педагогаў Міншчыны прайшоў на радзіме класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа

- 14:48Репортаж

Велапрабег “Дарогамі памяці” быў прымеркаваны да Года міру і стварэння, 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 

— 15 жніўня 922 маладыя спецыялісты пачалі працаваць ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Летась у нас з’явілася цудоўная традыцыя — сустракацца з маладымі настаўнікамі ў розных кутках Міншчыны напярэдадні новага навучальнага года. Сёння нас чакаюць 20 кіламетраў дарог, па якіх хадзіў наш вялікі пісьменнік. Жадаю, каб прафесія, якую абралі, стала для вас любімай, а на ўроках вы атрымлівалі асалоду ад зносін з дзецьмі. Не скажу, што ўсё будзе лёгка. Але калі сутыкнецеся са складанымі сітуацыямі, галоўнае — не апускайце рукі: верце, што з кожнага з вас вырасце добры настаўнік. Упэўнены, падчас велапрабегу ў вас з’явяцца думкі пра сваю малую радзіму і вы адчуеце, што на яе абавязкова трэба вяртацца. Працуйце, тварыце — і абавязкова ўсё атрымаецца!

На пачатку спартыўнага мерапрыемства 78 маладых педагогаў сабраліся ў Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе імя Якуба Коласа. Пасля ўскладання кветак да помніка песняра быў дадзены старт велапрабегу.

Наступным прыпынкам падарожнікаў стала сядзіба Смольня, якая непарыўна звязана з жыццём пісьменніка.

У Акінчыцах, на малой радзіме Канстанціна Міцкевіча, маладых настаўнікаў Міншчыны сустрэла ветэран педагагічнай працы Галіна Іосіфаўна Грэкава. Сёння тут знаходзіцца музей-сядзіба паэта і пісьменніка. У ім сабраны экспанаты, узрост якіх перавышае 100 гадоў. Перш за ўсё гэта асабістыя рэчы Якуба Коласа, а таксама прадметы быту канца ХІХ стагоддзя. Музей цікавы не толькі тым, хто захапляецца творчасцю Коласа, але і ўсім, хто хоча больш даведацца пра быт і жыццё беларусаў.

Акрамя экскурсіі па музеі-сядзібе, удзельнікам мерапрыемства прапанавалі паглядзець тэатральную пастаноўку па матывах паэмы “Новая зямля”, якую падрыхтавалі навучэнцы ўстаноў адукацыі Стоўбцаў.

Затым педагогі ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу, які мінулай восенню быў усталяваны ў Стоўбцах. Апошняй у веламаршруце педагогаў значылася сярэдняя школа № 4 Стоўбцаў. Тут прайшла дыялогавая пляцоўка “Ад прафесіі настаўніка да прызвання педагога”, якую правёў Мікалай Башко.

Кульмінацыяй насычанага стала калектыўная працоўная акцыя, прысвечаная Году міру і стварэння. Падчас яе Мікалай Башко і маладыя педагогі пасадзілі самшытавую алею.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА