Велічны помнік беларускаму слову

- 12:36Культура

150 гадоў назад, у маі 1870 года, у Санкт-Пецярбургу выйшла кніга, якая раскацістым веснавым громам агучыла свет. “Словарь бЂлорусскаго нарЂчія” Івана Насовіча стаў выключнай з’явай, адзіным грунтоўным лексіконам беларускай мовы ХІХ ст. Пра яго аўтар мог бы сказаць словамі старажытнарымскага паэта Гарацыя: Exegi monumentum aere perennius (“Трывалейшы за медзь я помнік узвёў”).

Cлоўнік — гэта сапраўдная адлюстраваная ў мове энцыклапедыя беларускага побыту, досціпу, розуму, нацыянальнага характару XIX ст. Акрамя асобных слоў, у ім прыведзена шмат прыказак і прымавак, дзясяткі ўстойлівых выразаў, словазлучэнняў, урыўкаў з народных песень. Складзены Іванам Насовічам слоўнік стаў яскравым доказам існавання самастойнай славянскай мовы — беларускай, якая станавілася аб’ектам усебаковага даследавання.

Важна тое, што ён убачыў свет у “сцюжны час, бязмежна суровы” (Уладзімір Караткевіч), пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, калі на нашых землях актыўна праводзілася палітыка “восстановления единой русской народности и православной веры”. Праца ж Насовіча садзейнічала таму, каб адолець гэты імперскі гіпноз, і закладвала падваліны для развіцця беларускай нацыянальна-культурнай ідэі. Не беспадстаўна Ніл Гілевіч сцвярджаў: слоўнік — “гэта пераканальнае пацвяр­джэнне, што беларуская мова, ды вунь якая самабытная і багатая, ёсць, а значыць ёсць такі славянскі народ — беларусы, ёсць беларуская духоўная культура”.

Насовічаў слоўнік прымусіў прызнаць, што наша мова не непатрэбная, не бедная, а такая ж, як і іншыя славянскія, што ў глыбінях памяці яе носьбітаў жывуць сапраўдныя дыяменты, моўныя залацінкі. Праз слоўнік Насовіча грамадства даведалася пра самастойную беларускую мову, яна адкрыла сусвет і космас беларуса. Яго праца спрычынілася да абуджэння прыснулага нацыянальнага духу, ажыўлення цікавасці да беларускасці ў царскай Расіі.

Узваліўшы на сябе ношу па складанні слоўніка, Іван Насовіч цалкам аддаўся доўгай і нялёгкай працы, якая была сплачваннем доўгу Бацькаўшчыне, бо, як вынікае з яго ўспамінаў, ён усё жыццё быў шчырым абаронцам праваслаўя, глыбока перакананым, заўзятым вернападданым расійскага цара і Айчыны. Пасля выхаду ў адстаўку Насовіч палічыў, што падводзіць вынікі пражытага рана, што для яго сапраўднае жыццё толькі пачалося. Зразумець ход яго думкі дапамагае прызнанне: “Нехта ўжо канчае. Я толькі пачаў. І я буду ісці па гэтай дарозе, наколькі хопіць сілы. У мяне ўрэшце развязаныя рукі, і мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і я не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму”.

І ён сапраўды служыў, аддаўшы гэтаму 16 гадоў нястомнай працы, карпатліва збіраючы скарбы народнай мовы. Гэта ж якой сілай духу, прагай жыцця і дзейнасці павінен валодаць чалавек, каб у 62 гады зрабіць першыя крокі па навукова-даследчай сцяжынцы, а ў 75 укласці рукапіс слоўніка, за які пасля рэцэнзавання І.Сразнеўскім уганараваны палавіннай Дзямідаўскай прэміяй — самай ганаровай няўрадавай узнагародай тагачаснай Расіі!

Пры гэтым рэцэнзент не без захаплення адзначыў, што “такі велізарны збор слоў варты быў бы асаблівай павагі <…>. Тым больш варты павагі такі зборнік слоў вуснай мовы народнай, які вымагае працы непараўнальна больш складанай і цяжкай”. Здзіўляе надзвычайная працаздольнасць гэтага сталага веку чалавека, у асобе якога спалучаўся прыродны талент з выключнай працавітасцю, мэтанакіраванасцю, які, старанна занатоўваючы слова да слова, узводзіў велічны гмах народнай культуры.

Уражвае аб’ём кнігі: на 756 старонках пададзена больш за 30 тысяч слоўнікавых артыкулаў, а таксама дапаўненні, прынятыя аўтарам скарачэнні і выпраўленні заў­важаных памылак. З нястомным даследчыцкім запалам Іван Насовіч да апошніх дзён свайго жыцця дапрацоўваў і дапаўняў свой лексікон. Так, праз чатыры гады пасля яго смерці выдадзены дадатак да слоўніка на 1000 слоў.

Гэта была першая грунтоўная праца па беларускай лексікаграфіі, якая колькасна і якасна пераўзыходзіла ўсе папярэднія слоўнікі. Яна заклала трывалы падмурак наступнай беларускай лексікаграфічнай працы. Над такімі вялікімі аб’ёмамі цяпер, часам падоўгу, працуюць цэлыя калектывы. Іван Насовіч адолеў гэтую работу адзін. Сапраўдны подзвіг, годны захаплення, і прыклад таго, што можа зрабіць чалавек, калі ён апанаваны выразнай ідэяй і дакладнай мэтай, калі ён аддае сваёй працы ўсе сілы без астатку.

Насовічаў лексікон выходзіць за межы чыста лінгвістычнага выдання. Асаблівую каштоўнасць уяўляе не толькі лексічны, але і фразеалагічны ды фальклорны склад слоўніка, у якім зафіксавана стагоддзямі назапашаная народнай памяццю мова гісторыі і думкі нашага народа, яго жыцця, духу і светаразумення.

Тут дапытлівы чытач знойдзе падрабязнае апісанне народных і рэлігійных звычаяў, свят (вяселля, радзін, Дзядоў, Радаўніцы, Купалля і інш.); звесткі з галіны народных рамёстваў, медыцыны, промыслаў. Даследчыкі і аматары народных уяўленняў пазнаёмяцца з цікавымі аповедамі пра белуна, вадзяніка, ваўкалака, гуменніка, дабрахота, дамавіка, Перуна ды іншых міфалагічных істот.

У артыкуле сечень аўтар паведамляе, што простыя людзі ў пераважнай большасці ўжываюць старажытныя назвы месяцаў: сечень — январь, лютый — февраль, берозовик — март, квецень — апрель, май, червец — июнь, ліпец — июль, серпень — август, вресень — сентябрь, паздерник — октябрь, лістапад — ноябрь, студзень — декабрь. Іх значэнне канкрэтызавана ў асобных слоўнікавых артыкулах і ілюстравана прыкладамі словаўжывання: сечень (Сечень насечець плечы лёдом); люты (Пытаецца лютый, ци добрэ обутый); сакавік (березозоль, марац) (Цешився старец, што пережив марец, ажно и в маю несуць его до гаю); квецень (Што то нам квецень покажець) і красавік (старая назва апреля ци кветня. Якій соковик, такій и красовик); паздернік (Паздзерник поздзираець лісце з дрэў); студзень (Студзень харашо застудзів). Пры ўсіх назвах месяцаў падаецца каментарый, што гэта старая назва, якая і цяпер ужываецца. Таксама прыведзены назвы месячных квадраў: маладзік, поўная, сход (дарэчы, яго няма ў ТСБМ), ветах.

Лексічнае багацце рэпрэзентавана палітрай вобразных сродкаў, шмат увагі ўдзяляецца памяншальна-ласкальным суб’ектыўна-ацэначным формам з разнастайнымі эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценнямі: Ганна — Ганначка, Ганнулька, Ганнуля, Ганнуся, Ганнэчка; дзед — дзедзічка, дзедзька, дзедзюга, дзедзюхна, дзедка, дзядок, дзядулька, дзядуля; баба — бабка, бабачка, бабулька, бабуля, бабусенька, бабуся, бабусечка; хуста — хустка, хустачка, хусціна, хусцінка.

Іван Насовіч імкнуўся паслядоўна пры­трымлівацца аднаслоўнага тлумачэння слоў, карыстаўся сінанімічнымі прыёмамі, каб глыбей перадаць дух роднага слова, яго сілу. Насовіча прываблівала прыга­жосць, вобразнасць і выразнасць прыказкавага і народна-песеннага слова, з дапамогай якога ён імкнуўся пранікнуць у метафарычнасць народнай мовы. Сапраўдны россып народнага досціпу, мудрасці, маральна-філасофскае асэнсаванне жыцця адлюстравана ў прыказках, з дапамогай якіх тлумачыцца значэнне асобных слоў: “Век зжыў, а розуму не нажыў”; “У Нясвіжы людзі хіжы: салому таўкуць — бліны пя­куць; сена смажуць — бліны мажуць”; “Кепска коло Вітэпска, а ў Воршэ ешчэ горшэ”; “Заглянець сонца і ў мае аконца”; “Адклад не йдзець на лад”; “У сваім краю, як у раю” і шмат іншых.        

Працуючы над слоўнікам, Іван Насовіч кіраваўся ісцінай братоў Грым: для любога народа слоўнік мае вялікую пазнавальную і аб’яднальную сілу гуртавання, бо ён “падобны да зброі, гатовага да бітвы войска, з якім можна здзяй­сняць цуды і су­праць якога бяссільныя асобныя, хаця і адборныя атрады”. Невыпадкова, што вучоных знітоўвае адзіная матывацыя — любоў да роднага слова, каштоўнасцей свайго народа, яго слоўнай, духоўнай і матэрыяльнай культуры і праз іх пасрэдніцтва абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, усведамленне сябе асобным народам.

Слоўнік істотна паўплываў на развіццё і станаўленне ўсходнеславянскай лексікаграфіі. Гэта надзейная фактычная база пры вырашэнні пэўных агульнаславістычных праблем мовазнаўства, бо ў ім адлюстраваны сляды міжмоўных кантактаў. Ацэньваючы гэтую працу, заўважым, што аўтара цікавіла найперш не будова і заканамернасць мовы, нават не слова само па сабе, а мова і слова як жывое выказванне ўзаемаразумення між людзьмі ў чалавечым згуртаванні.

На сёння больш-менш поўна даследаваны прынцыпы размяшчэння слоў у слоўніку, арганізацыя і структура слоўнікавых артыкулаў, уплыў тагачаснай расійскай лексікаграфіі на будову. Па-за ўвагай застаюцца асноўныя моманты моўнай і лексікаграфічнай праграмы Івана Насовіча, практычна нічога не вядома пра яго погляд на беларускую мову як асобную славянскую, шляхі яе развіцця. Абсалютна не вывучана, у якой ступені вучоны адлюстраваў увасобленую ў мове ўніверсальную ідэю нацыянальнага духу, фрагментарна разгледжана тое, як упісваюцца яго працы ў агульнаславянскі лінгвістычны кантэкст, наколькі прытрымліваўся ён прыярытэтаў, неад’емных для развіцця еўрапейскай філалогіі.

Гаворачы пра таго ці іншага чалавека, пра яго спадчыну, нагадаем, што адзіным суддзёю, якога неабходна баяцца і які мае права судзіць, з’яўляецца час. Ён заўсёды расставіць усё на свае месцы, аддасць кожнаму па яго заслугах. Так адбылося і са спадчынай Івана Іванавіча Насовіча, значэнне якой для беларускай і агульнаславянскай культуры цяжка перабольшыць. Яго жыццё і дзейнасць — яскравы ўзор таго, як не дарма пражыць век, зрабіць наканаванае лёсам. Таму Івана Насовіча будуць нязменна шанаваць за шчыраванне на ніве роднай мовы і культуры, а яго слоўнік разглядаць як помнік, непадуладны іржы часу.

Першае знаёмства Насовіча з выдадзеным слоўнікам выклікала абурэнне, выказанае ў вершы-эпіграме. Аўтар выказвае незадаволенасць кароткай рэдактарскай прадмовай, у якой утрымліваліся неаб’ектыўныя ацэнкі яго працы: быццам гэта слоўнік толькі адной губерні. Адказваючы на гэтыя закіды рэдактара слоўніка, ва ўспамінах Іван Насовіч заўважыў, што “падобных несправядлівых высноў можна знайсці шмат. І гэты несправядлівы погляд на Беларускі слоўнік адбыўся таму, што пададзенае мною беларускае (выдзелена Насовічам — Д.П.) тлумачэнне пакінутае без увагі, хоць станоўча варта прывесці яго ў слоўніку”. Было б нядрэнна пашукаць гэтае “тлумачэнне” ў пецярбургскіх архівах, думаецца, яно дало б мажлівасць пазбегнуць некаторых супярэчлівых ацэнак Насовічавай спадчыны, дапамагло б канкрэтызаваць яго погляд на беларускую мову, яе адметнасці, вызначыць асноўныя палажэнні яго лексікаграфічнай і моўнай праграмы, раскрыць мэты і матывы, якімі ён кіраваўся, працуючы над слоўнікам. З успамінаў вынікае, што гэта ўласнаручна напісаная Іванам Насовічам пашыраная прадмова — “предуведомление” — ключ да слоўніка, бо ў ёй прыведзены гістарычныя звесткі пра нашу мову як мову “старажытнага крывіцкага племені ад вытокаў Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі, якое распрасціралася на паўднёвы-захад праз усю беларускую тэрыторыю”, і зроблена спроба правесці даволі дакладную мяжу беларускай этнічнай прасторы.

Яго слоўнік быў высока ацэнены вядомымі расійскімі філолагамі, якія назвалі яго “найлепшым упрыгажэннем рускай вучонай літаратуры”, творам “па-свойму ўзорным”. На Насовічаў слоўнік нярэдка спасылаецца ў сваіх “Беларусах” Яўхім Карскі, хаця і папракае за відавочныя хібы і недакладнасці. Вядома, што па Насовічавым слоўніку вывучаў родную мову Максім Багдановіч. У часы Першай сусветнай вайны на акупіраванай кайзераўскімі войскамі Беларусі быў выдадзены сямімоўны слоўнік, у беларускай частцы якога выкарыстаны матэрыял слоўніка Івана Насовіча. У 20-я гады мінулага стагоддзя С.М.Некрашэвіч рэкамендаваў цалкам уключыць увесь матэрыял Насовічавага слоўніка ў планаваны поўны слоўнік жывой беларускай мовы. Шэраг цікавых артыкулаў можна знайсці ў матэрыялах канферэнцыі, праведзенай у БДУ да 220-й гадавіны з дня нараджэння Івана Насовіча. І сёння яго працы ўспрымаюцца як выдатны набытак беларускай даследчыцкай думкі ХІХ ст., бо “створаны ім “Слоўнік”, — як адзначаў Ніл Гілевіч, — ставіць яго ў адзін рад з найбольш выдатнымі ў беларускай філалогіі імёнамі”.

На жаль, смерць чалавека, які самааддана слугаваў роднаму краю і дзяржаве, засталася незаўважанай. Івана Насовіча ціха, без некралогаў пахавалі на могілках Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра.

Дзмітрый ПАЎЛАВЕЦ,
дацэнт кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

P.S. Прамінулыя 150 гадоў засведчылі высокую годнасць слоўніка, цікавасць да якога не губляецца дагэтуль. Летась быў аб’яўлены збор сродкаў для стварэння электроннага варыянта працы Насовіча.