Верагоднасць фінансавання тэрарызму праз Беларусь — мізэрная

- 11:34Інфармацыйная гадзіна

Існуе мізэрная верагоднасць так званага транзітнага фінансавання тэрарызму праз банкаўскую сістэму Беларусі.
Аб гэтым заявіў дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю Вячаслаў Рэўт.

“Адсочваць гэтыя аперацыі вельмі складана, — адзначыў Вячаслаў Рэўт. — Але наша задача ў тым, каб выявіць такія транзітныя патокі. Што тычыцца непасрэднага фінансавання тэрарызму з Беларусі, то ступень верагоднасці мізэрная”.
Ён нагадаў аб тэрактах у Іспаніі, калі былі арганізаваны ўзрывы паяздоў. На іх ажыццяўленне спатрэбілася менш як 1,5 тысячы еўра, а на тэракты ў ЗША 11 верасня — усяго $500 тысяч. “Любы фанатызм падтрымліваецца фінансава, немагчыма ваяваць або арганізаваць тэракт без фінансавай дапамогі, — падкрэсліў Вячаслаў Рэўт. — У зоне ІДІЛ цяпер не дзейнічае ніводны банк, але ж хтосьці пастаўляе зброю баевікам для вядзення поўнамаштабнай вайны. Значыць, з нейкіх крыніц грошы паступаюць. З захопленых раёнаў прадаецца нафта — хтосьці ж яе купляе”.
Паводле слоў прадстаўніка Дэпартамента фінансавага маніторынгу, краіны свету, у тым ліку і Беларусь, павінны прымаць актыўны ўдзел у процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму, пастаянна ўдасканальваць нацыянальнае заканадаўства. “Гэта тычыцца бяспекі і нашай краіны таксама”, — дадаў ён.