Верасень пачынаецца ў жніўні

- 12:10Сацыяльны ракурс

Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ў самым разгары. Пашпарты гатоўнасці школы і іншыя ўстановы павінны атрымаць у жніўні, а значыць, часу на прывядзенне іх у належны стан засталося не так многа. Таму, куды б мы ні зайшлі сёння, карціну ўбачым адну: рамонт, добраўпарадкаванне тэрыторыі, прыбіранне, мантаж абсталявання. Вось і ў Жодзіне падрыхтоўка ідзе поўным ходам, прычым па большай частцы — з выкарыстаннем гаспадарчага спосабу, якім у тутэйшых установах адукацыі карыстаюцца ўжо трэці год запар. І наогул вельмі актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года, бо лета для педагогаў, кіраўнікоў навучальных устаноў — час не толькі адпачынку, але і напружанай работы.

Летам і не толькі

Безумоўна, летнія канікулы — самая гарачая пара для прывядзення будынкаў школ, дзіцячых садоў і г.д. у належны стан. Але з дапамогай гаспадарчага спосабу рамонтамі займаюцца на працягу ўсяго года. У гэтым я пераканалася, калі, напрыклад, знаёмілася з работай па гэтым спосабе ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці, бачыла, як у студзені ідзе рамонт школы ў Дзяржынску (таксама на Міншчыне). І Жодзіна не выключэнне. Так, сёлета рамонты тут пачалі адразу пасля навагодніх свят — 4 студзеня. Прычым і рамонты гаспадарчым спосабам, і за кошт гарадскога бюджэту, і замена абсталявання за пазабюджэтныя сродкі вядуцца ва ўсіх установах, якія падначалены аддзелу адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама.

А ўсяго ў горадзе абласнога падпарадкавання 9 школ, уключаючы жаночую гімназію, 12 дзіцячых садоў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр развіццёва-карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі, тры спартыўныя ўстановы. Дарэчы, усе 9 школ горада ўдзельнічаюць у пілотным праекце па падушным фінансаванні і частку грошай, якая засталася з мінулага года (а ў буйных школах такое бывае), могуць выкарыстоўваць у годзе наступным на бягучы рамонт і набыццё абсталявання. У некаторых школах дзякуючы гэтаму абсталявалі камп’ютарныя класы, кабінеты фізікі і хіміі, зрабілі рамонт.

— Сёлета мы імкнуліся звярнуць увагу на праблемы, якія ўзнікалі ў некаторых установах у мінулым годзе. Напрыклад, на праблемы з тэмпературным рэжымам, — гаворыць галоўны спецыяліст аддзела Настасся Мікалаеўна Кавалеўская. — Значыць, “навядзенне прыгажосці” ў такой установе лепш пакінуць на потым, а як мага хутчэй трэба заняцца ацяпленнем, уцяпленнем фасада, устаноўкай шклопакетаў.

Асаблівасць устаноў адукацыі Жодзіна ў тым, што тут няма новых будынкаў, сярэдні ўзрост збудаванняў школ, цэнтраў, дзіцячых садоў складае каля 30 гадоў, таму неабходна шчыльна займацца заменай камунікацый, тым жа ўцяпленнем. Адным словам, работ па рамонце хапае. Хутка, праўда, тут збіраюцца адкрыць два новыя дзіцячыя сады, якіх гораду вельмі не хапае: адзін — у новым будынку, другі — былым будынку дзіцячага дома.

Сёлета ў сувязі са зменамі ў заканадаўстве кіраўнікі ўстаноў, якія вядуць рамонт гаспадарчым спосабам, маюць магчымасць заключаць дагаворы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і гэта вельмі добра, сцвярджае мая суразмоўніца.

— Для рамонтаў нашых школ і дзіцячых садоў, іншых устаноў мы знаходзім такіх прадпрымальнікаў, якія маюць сертыфікаты на выкананне работ, напрыклад, санітарна-тэхнічных, заключаем дагаворы так, каб знізіць нашы выдаткі, каэфіцыенты прымяняем невысокія, — працягвае Настасся Мікалаеўна. — І атрымліваецца вельмі нядрэнна: калі браць сярэднестатыстычны каштарыс падраднай арганізацыі, то эканомія можа дасягаць 40 працэнтаў.

Так, у самай старой сярэдняй школе горада (гэта школа № 1) новы год пачалі з рамонту спартыўнай залы з заменай камунікацый, цалкам адрамантавалі кабінет метадыста і кабінет хіміі, уцяплілі адну сцяну фасада, якая была дагэтуль пакрыта драніцай (работы па гэтай сцяне пакуль працягваюцца). Таксама рамонт ідзе на ўваходзе ў школу, абнаўленне захапіла і хол будынка.

У сярэдняй школе № 2 сёлета цалкам адрамантавалі некалькі кабінетаў, хол, зараз рамантуюць харчовы блок. Там мяняюць усе камунікацыі, вядзецца электрамантаж, пад які быў заказаны праект, што школа аплаціла з пазабюджэтных сродкаў. З абсталяваннем абноўленага блока абяцаў дапамагчы горад.

Прыкладаў такога маштабнага рамонту можна прыводзіць яшчэ многа: дзесьці адрамантавалі санвузлы, музычны кабінет, абедзенныя залы, сістэму ацяплення, лесвічныя клеткі, калідоры, прадметныя кабінеты і г.д. А ў школе веславання рамантуюць дах элінга, у якім захоўваюцца лодкі. У сярэдняй школе № 6 нават замахнуліся на цір, бо тут ёсць настаўнік — энтузіяст гэтай справы. Плануецца, што тут змогуць займацца навучэнцы з усіх школ і наогул усе жадаючыя, бо цір адзіны ў горадзе. Магчыма, будуць праводзіць спартыўныя спаборніцтвы.

— Мяняючы камунікацыі, мы імкнуліся набываць найлепшыя матэрыялы, няхай яны і каштуюць даражэй, — падкрэслівае Н.М.Кавалеўская. — Зразумела, што лепш адразу зрабіць добра, чым потым бясконца рамантаваць. Робім, канечне, і добраўпарадкаванне тэрыторый, дзе гэта неабходна. Гаспадарчы спосаб — гэта магчымасць зрабіць тое, што хочацца зрабіць даўно, але даводзіцца адкладваць. А яшчэ гэта пэўная самастойнасць, бо дагаворы кожны кіраўнік навучальнай установы падпісвае сам. Мы, калі трэба, дапамагаем адшукаць пастаўшчыкоў, праводзім працэдуры закупкі. Але галоўныя рашэнні — за кіраўнікамі на месцах.

Паэтапнае абнаўленне

Рамонт гаспадарчым спосабам — выйсце для ўстаноў адукацыі не ідэальнае (напрыклад, даводзіцца шукаць пастаўшчыкоў, якія гатовы працаваць з адтэрміноўкай плацяжоў), але, як падкрэслівалі ўсе мае суразмоўніцы, калі б не ён, такі аб’ём работ ніколі не ўдалося б ажыццявіць.

Так, мы завіталі ў дзіцячы сад № 12 “Бярозка”, дзе шмат зроблена і гаспадарчым спосабам, і за іншыя сродкі. Толькі сёлета заменена некалькі вокнаў у дзвюх групах, адрамантаваны адно агульнае памяшканне, медыцынскі кабінет, кабінет загадчыка гаспадаркі — усяго на суму больш за 14 тысяч рублёў толькі на сродкі, выдаткаваныя на рамонт гасспосабам. Зараз тут заканчваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, але ўжо за іншыя сродкі — бюджэтныя і пазабюджэтныя. Загадчыца сада Аксана Віктараўна Тушынская расказвае, што ў заканчэнні рамонту будуць актыўна ўдзельнічаць і бацькі выхаванцаў.

— Я як кіраўнік установы ў цэлым задаволена тым, што ўжо не першы год маю магчымасць весці рамонт гаспадарчым спосабам, — гаворыць Аксана Віктараўна. — Пытанняў, канечне, з’яўляецца шмат, даводзіцца паглыбляцца ў кожнае, але да гэтага такія аб’ёмы рамонту мы не рабілі. Толькі замена труб па ўсім будынку абышлася ў вельмі значную суму.

У дзіцячым садзе № 15 “Рабінка” нас сустракае загадчыца Жанна Вітальеўна Яроменка. Тут рамонт гаспадарчым спосабам пачалі адразу, як з’явілася такая магчымасць, — тры гады назад, аднымі з першых у горадзе. Сёлета на рамонт гаспадарчым спосабам затрацілі больш за 23 тысячы рублёў.

— Зараз, праз тры гады, у нас на 100 працэнтаў заменены вокны, — расказвае Жанна Вітальеўна, — адрамантаваны ўсе санблокі, спартыўная і музычная залы, медыцынскі кабінет, пральня, іншыя памяшканні, холы, ганкі, кабінет для супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Зрэшты, засталося толькі зрабіць два лесвічныя пралёты. Будынку 35 гадоў, таму рамантаваць трэба было многае, не толькі за бюджэтныя, але і за пазабюджэтныя сродкі, хаця апошніх, канечне, у нас не так многа.

Наступным аб’ектам маёй экскурсіі па ўстановах адукацыі Жодзіна стала сярэдняя школа № 4. Тое, што тут актыўна рыхтуюць будынак да новага навучальнага года, бачна яшчэ на вуліцы: частка фасада акружана будаўнічымі рыштаваннямі, у калідоры мы сустракаем рабочых, якія тынкуюць сцены, займаюцца іншымі работамі.

Тутэйшая адміністрацыя, дарэчы, акцэнтуе ўвагу на тым, што рамонт, падтрыманне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы ў належным і бяспечным стане (а школа пабудавана ў 1964 годзе) мае і яшчэ адзін бок — эстэтычны. Выкарыстоўваючы бюджэтны рэзерв гаспадарчага спосабу, пазабюджэтныя сродкі і сродкі гарадскога бюджэту, школа развіваецца ў плане сучасных падыходаў да навучання і выхавання дзяцей. У ёй, напрыклад, выкарыстоўваюць новыя падыходы да афармлення кабінетаў у плане колеравага рашэння. І падкрэсліваюць, што зрабіць так многа дазваляе разуменне патрэб устаноў адукацыі з боку кіраўніцтва горада.

— Сёння мы можам сказаць, што ў нас будзе цудоўная сучасная агароджа, велапаркоўка, распрацаваны дызайн уваходнай аркі з сімвалам школы, фасад будзе не толькі ўцеплены, але і цікава аформлены. Мы звярнуліся ў дзіцячую мастацкую школу і атрымалі 4 варыянты афармлення нашага фасада, — расказвае намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Таццяна Мікалаеўна Паўловіч. — У кожным варыянце закладзены пэўны сэнс: школа — гэта дрэва жыцця; школа — гэта сонца. Але мы разумеем, што павінны ўпісацца са сваім фасадам у агульнае аблічча горада, таму звярнуліся да гарадскога архітэктара, і яна падказала найбольш падыходзячы варыянт. У нас будзе школа радасці.

Такім чынам, у гэтай установе разумеюць, што мала жыць сённяшнім днём, неабходна глядзець у будучыню не толькі ў плане адукацыі, але і ў плане матэрыяльнай базы: усё навокал павінна адукоўваць і выхоўваць, нават сцены. У літаральным сэнсе: за кошт афармлення, афарбоўкі, стварэння сучасных модуляў, напрыклад, у выглядзе вялікага дрэва для дэманстрацыі работ навучэнцаў і г.д. Каб літаральна ўсё ў школе працавала на выхаванне і адукацыю.

Зараз тут могуць пахваліцца цалкам гатовым сучасным абліччам і напаўненнем памяшканняў для пачатковай школы, уключаючы доступ у інтэрнэт. Да пачатку навучальнага года будзе абсталявана электронная сістэма доступу ў школу, завершаны іншыя работы. А такую вялікую работу, як капітальны рамонт харчовага блока, тут выканалі яшчэ летась. Сёлета ж заменена частка вокнаў і сістэма ацяплення актавай залы. Ну і, канечне, новы фасад — фасад радасці — сустрэне школьнікаў і педагогаў на свяце першага званка.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва дзіцячага сада “Рабінка”.