Выбіраюць актыўнае жыццё

- 10:16Адукацыйная прастора

Члены маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў правялі антынаркатычны дэсант “Разам супраць наркотыкаў!”.

Антынаркатычны рух “ВЕК”, які ініцыіравалі парламентарыі папярэдняга склікання, стаў адным з самых распаўсюджаных у Гродзенскай вобласці. Моладзь праводзіць выязныя антынаркатычныя дэсанты, флэш-мобы, трэнінгі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, у сацыяльнай сетцы “УКантакце” вельмі актыўна працуе група антынаркатычнага руху “ВЕК”.

Маршрут дэсанта праходзіў па гарадах Ліда і Навагрудак. У Ліду прыехалі прадстаўнікі маладзёжных парламентаў з усіх раёнаў Гродзеншчыны, якіх віталі старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інеса Белуш і дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Сычэўскі.

Як адзначыла куратар маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў загадчык аддзела дзіцячых арганізацый Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Васюкевіч, лідскі маладзёжны парламент — адзін з самых актыўных у Гродзенскай вобласці. Тут рэалізуецца шмат цікавых праектаў: “Мы маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя”, “Мой край беларускі”, актыўна вядзецца валанцёрская дзейнасць.

— Мы хочам сваім ладам жыцця паказаць моладзі альтэрнатыву шкодным звычкам, якую мы бачым у самарэалізацыі: інтэлектуальным развіцці, занятках спортам, ва ўдзеле ў культурных мерапрыемствах, — сказала старшыня лідскага маладзёжнага парламента вучаніца сярэдняй школы № 4 Лізавета Бешцень.

Маладыя парламентарыі ўдзельнічалі ў конкурсе калажаў “Наша будучыня ў нашых руках. Робім правільны выбар!”. У спартыўна-аздараўленчым комплексе “Алімпія” ў рамках рэалізацыі інклюзіўнага праекта “Планета сяброў” адбылася спартыўная сустрэча “Фізкульт-лато”, удзел у якой прынялі выхаванцы Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На трэнінгі “Не” — наркотыкам” з выкарыстаннем тэхналогій “роўны навучае роўнага”, якія прайшлі ў сярэдняй школе № 8, запрасілі навучэнцаў усіх школ Навагрудка. Тут адбылася сустрэча са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Мішарыным, намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Ірынай Барыкінай.

Удзельнікі антынаркатычнага дэсанта правялі на вуліцах Навагрудка акцыю “ВЕК” без наркотыкаў” — распаўсюджвалі лістоўкі, праводзілі апытанне.

Танцавальны флэш-моб “Супраць наркотыкаў” аб’яднаў членаў маладзёжнага парламента і школьнікаў Навагрудка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.