Выхаваўчы патэнцыял тэатральнай творчасці

- 11:37Якасць адукацыі

На базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум, прысвечаны фарміраванню творчай асобы сродкамі тэатральнага жанру. Удзельнікамі двухдзённага мерапрыемства, арганізаванага Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, сталі кіраўнікі тэатральных калектываў устаноў вышэйшай адукацыі.

— Рэспубліканскі семінар-практыкум — гэта не толькі новая форма метадычнай работы, прапанаваная Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але і пляцоўка для абмену вопытам, дэманстрацыі творчых дасягненняў, разважанняў і дыскусій пра стан маладзёжнага самадзейнага тэатра, прычым гэтая пляцоўка аб’яднала шматгадовую прафесійную дзейнасць і эксперымент, навуку і інтэрактыў, — адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце БарДУ П.І.Папко. — Прыемна, што мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць у педагогаў. Акрамя творчых калектываў УВА, у семінары-практыкуме ўдзельнічаюць калектывы ПТНУ, ССНУ і ўстаноў дадатковай адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны. Зносіны ў жывым тэатральным асяроддзі падштурхоўваюць да новых вывадаў і рашэнняў. Хочацца, каб творчыя зносіны ў такім фармаце сталі традыцыйнымі і далі пачатак новаму інтэрактыўнаму праекту, які стане чарадой студэнцкіх міжуніверсітэцкіх падзей. Гэта дазволіла б студэнцкім тэатрам паказаць тэатральную класіку на ўніверсітэцкіх сцэнах, разнастаіць рэпертуар творамі беларускіх аўтараў. Упэўнены, што інтэрактыўныя міжуніверсітэцкія пастаноўкі будуць надзвычай запатрабаваны, а метадычныя матэрыялы, назапашаныя падчас іх правядзення, знойдуць шырокае прымяненне ў выхаваўчай рабоце з моладдзю.

У першы дзень ва ўніверсітэце працавалі інтэрактыўная пляцоўка “Педагагічныя магчымасці тэатральнага жанру ў рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнтаў”, навукова-метадычная пляцоўка “Актуальныя формы псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзейнасці творчых аб’яднанняў і калектываў”, пляцоўка перадавога вопыту і прэзентацыйна-інтэрактыўная пляцоўка “Тэатральная творчасць як фактар эстэтычнага і маральнага выхавання студэнцкай моладзі”. У рамках гэтых пляцовак былі арганізаваны тэатральны трэнінг-флэшмоб “Стань акцёрам на хвілінку…”, культурна-асветніцкі бліцконкурс “Вялікія пра тэатр”, крэатыўныя эцюды, міжтэматычны культурна-адукацыйны бліцконкурс “Да дошкі” па прадмеце “Тэатразнаўства”, тэатральны бодзі-арт, інфа-мімы, крэатыўная фотазона, майстар-класы “Мадэль творчай дзейнасці студэнтаў у народным тэатры моды “Світа” і “Студыя мастацкага чытання “Дзеяслоў” — пляцоўка творчых эксперыментаў і інавацый”, мультымедыйная прэзентацыя тэатральных калектываў БарДУ, інфармацыйна-пазнавальны экскурс “Беларусь тэатральная”, выстава навукова-метадычных матэрыялаў “Мастацка-творчая дзейнасць і сацыякультурнае выхаванне студэнцкай моладзі”, а таксама паказаны выступленні тэатральных калектываў БарДУ, БрДТУ і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара-практыкуму выклікаў майстар-клас “Студыя мастацкага чытання “Дзеяслоў” БарДУ — пляцоўка творчых эксперыментаў і інавацый” (кіраўнік А.С.Пшаўлоцкая). Алеся Станіславаўна расказала пра ўдзел калектыву ў рэспубліканскім інтэрактыўным праекце “Рэцытацыя”: “Удзел у такіх праектах стымулюе дзейнасць студэнтаў, дазваляе распрацоўваць і ўвасабляць новыя ідэі і рашэнні, максімальна выкарыстоўваць ініцыятыву моладзі і інтэграваць сучасныя напрамкі маладзёжнай творчасці і формы выхаваўчай работы, апрабоўваць эфектыўныя інавацыйныя тэхналогіі ўзаемадзеяння”.

— Аддзел культуры і творчасці Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта — гэта ўнікальны цэнтр культурна-адпачынкавай дзейнасці студэнцкай моладзі з сучаснай інфраструктурай, які задавальняе творчыя патрэбы юнакоў і дзяўчат і дазваляе паспяхова вырашаць многія выхаваўчыя задачы, — адзначыла начальнік аддзела Г.У.Грэзе. — Ва ўніверсітэце створаны належныя ўмовы для арганізацыі змястоўнага вольнага часу і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу студэнтаў у маладзёжных аб’яднаннях па інтарэсах, гуртках, студыях і калектывах мастацкай творчасці, чатыры з якіх з’яўляюцца народнымі: інструментальны ансамбль “Музычны гасцінец”, тэатр моды “Світа”, маладзёжны тэатр мініяцюр “Сафіт” і студыя эстраднай песні “Талент”. Універсітэцкія мерапрыемствы і праекты-конкурсы (“Таленты БарДУ”, “Творчасць — пасол міру”, “Лепшая крэатыў-каманда” і інш.) не толькі памнажаюць традыцыі і далучаюць студэнтаў да духоўна-маральных каштоўнасцей, але і развіваюць полікультурнае мысленне, фарміруюць спрыяльнае інтэлектуальна-творчае асяроддзе. Ствараючы пазітыўны імідж БарДУ, мастацкія калектывы актыўна ўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна. Асаблівы гонар выклікаюць перамогі творчых аб’яднанняў у шматлікіх конкурсах і фестывалях у Беларусі, Украіне, Расіі і Польшчы.

Народны тэатр моды “Світа” дзейнічае на працягу 18 гадоў і з’яўляецца неаднаразовым пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Калектыў працуе па аўтарскай мадэлі яго кіраўніка магістра педагагічных навук М.В.Лукашэвіч. У аснове мадэлі — распрацоўка і стварэнне аўтарскага спектакля па арыгінальным сюжэце.

— Работа над спектаклем ажыццяўляецца ў два этапы, — расказала М.В.Лукашэвіч. — Падчас першага, падрыхтоўчага, нараджаецца і распрацоўваецца ідэя, выбіраюцца прыёмы сцэнічнага ўздзеяння, аналізуюцца сучасныя тэндэнцыі сусветнай моды, ствараюцца эскізы адзення, адбіраюцца музычныя і паэтычныя матэрыялы, прадумваецца агульная канцэпцыя спектакля, выбудоўваюцца дэфіле і харэаграфічныя замалёўкі, размяркоўваюцца ролі, шыюцца касцюмы. Другі этап уключае працяглы рэпетыцыйны працэс і прэм’еру спектакля. Асаблівасцямі мадэлі творчай дзейнасці народнага тэатра моды з’яўляюцца полісінтэтычнасць жанраў, работа ў акцёрскай пары ў адпаведнасці са знешняй і псіхалагічнай сумяшчальнасцю яе ўдзельнікаў, індывідуальная работа з дубліруючым складам і дзейснасць усіх раней створаных спектакляў.

У другі дзень семінара-практыкуму адбыліся майстар-клас “Пабудова вучэбна-творчага працэсу ў народнай тэатральнай студыі “Слова” БрДТУ” (кіраўнік В.І.Карват) і прэзентацыя творчай дзейнасці тэатральнай студыі “Эпізод У-нескладовік” (кіраўнік С.М.Шчэрба) філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна.

— Палітра перадавога педагагічнага і творчага вопыту тэатральных калектываў УВА паказала яго важнасць, эфектыўнасць і запатрабаванасць у выхаванні моладзі, — адзначыла загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — У рамках Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” вывучаюцца тэндэнцыі маладзёжнай творчасці, сацыякультурныя інтарэсы студэнтаў, аналізуецца якасць дзейнасці творчых калектываў. На аснове комплекснага маніторынгу будуецца работа па далейшым павышэнні іх прафесійна-педагагічнага майстэрства. Калектывы-пераможцы фестывалю з’яўляюцца апорнымі пляцоўкамі ў сістэме дадатковай адукацыі моладзі. Адной з іх стаў БарДУ.

Сёння ва УВА краіны дзейнічаюць 150 калектываў тэатральнага жанру: музычныя і дакументальныя тэатры, тэатры мініяцюр і моды, агітбрыгады. Тэатральны жанр — адзін з найбольш папулярных напрамкаў дзейнасці сярод студэнтаў. З мэтай папулярызацыі дасягненняў мастацкай творчасці, стварэння ўмоў для самаадукацыі кіраўнікоў калектываў, пашырэння інавацыйных форм работы на вэб-партале творчай моладзі Беларусі artviva.by арганізавана комплексная рэпрэзентацыя перадавога педагагічнага вопыту.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-цэнтрам БарДУ.