Выхоўвае сапраўдных мужчын

- 12:21Людзі адукацыі

Хлопчыкі ў будучыні павінны стаць сапраўднымі мужчынамі. І гэта не проста пэўныя рысы характару, а яшчэ і падрыхтоўка да штодзённых рэалій. Неабходныя ў жыцці ўменні трэба прывіваць не толькі ў сям’і, але і ў школе, у прыватнасці на ўроках працы. Такога меркавання прытрымліваецца настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Эдуард Гардзееў.

У педагогіку Эдуард Юр’евіч прыйшоў свядома. Больш за тое, лічыць, што выбар прафесіі быццам быў наканаваны яму звыш. З дзяцінства ён быў знаёмы з усімі тонкасцямі і асаблівасцямі настаўніцкай працы.

— Ды і як інакш, калі выхоўваўся ў педагагічнай сям’і. Напэўна, у дзіцячыя гады і захапіўся гэтай няпростай прафесіяй. Прычым першапачаткова мне было цікава стаць менавіта настаўнікам працы. Да гэтага ішоў мэтанакіравана. У выніку дасягнуў таго, чаго хацеў. Ужо больш за дваццаць пяць гадоў працую настаўнікам працоўнага навучання і ні разу не пашкадаваў аб тым, што некалі рушыў услед за юнацкай марай, — расказвае Эдуард Гардзееў.

Педагагічную дзейнасць пачынаў на роднай Слаўгарадчыне. Дастаткова доўга працаваў у сельскіх школах раёна. А потым атрымаў запрашэнне заняць вакансію настаўніка працы ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, якую сам калісьці скончыў.

Свае заняткі Эдуард Юр’евіч стараецца максімальна звязаць з жыццём. Для дасягнення высокага ўзроўню паспяховасці вучняў актыўна прымяняе на ўроках сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

— Настаўнік не павінен выкладаць толькі па прынятай вучэбнай праграме. Калі хочаш дасягнуць эфектыўнасці навучання, трэба пастаянна ўкараняць нешта новае. Для сваіх заняткаў я распрацаваў аўтарскі мультымедыйны кантэнт. Гэта звыш 200 відэаўрокаў. Такі падыход павышае цікавасць хлопцаў да вучобы, — адзначыў Эдуард Гардзееў.

Бесперапыннае самаўдасканальванне педагога, а таксама яго імкненне будаваць урокі на асабістым прыкладзе прыўносяць станоўчыя змены ў вучэбны працэс. Заняткі становяцца больш выніковымі, паляпшаецца якасць тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі вучняў. У многіх з іх працоўнае навучанне — адзін з любімых прадметаў. І нядзіўна, бо на ўроках у Эдуарда Юр’евіча заўсёды можна праявіць сябе, свае здольнасці. Хлопцы не баяцца звярнуцца да педагога і за слушнай парадай ці тлумачэннем, бо ведаюць: ён кожнага ўважліва выслухае.

— Сапраўдны мужчына павінен умець працаваць рукамі — гэта галоўнае, чаму вучу сваіх вучняў.

Пастаянна нагадваю ім і пра тое, што мужчына — гэта той, хто бярэ адказнасць на сябе і імкнецца быць лепшым ва ўсім, — падкрэсліў Эдуард Юр’евіч.

Настаўнік сам нястомна працуе над развіццём свайго педагагічнага майстэрства. Гэта прывяло Эдуарда Гардзеева і на рэгіянальны конкурс “Настаўнік года”. На прафесійнае спаборніцтва ён ішоў, каб паглядзець, як працуюць іншыя педагогі. А ў выніку стаў пераможцам. Эдуард Юр’евіч не проста ўвайшоў у склад каманды, якая будзе прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскім туры конкурсу, а быў прызнаны лепшым настаўнікам вобласці. Гэтая перамога пакуль для яго самы значны працоўны поспех. Але спыняцца на дасягнутым педагог не збіраецца: будзе і далей працягваць адточваць прафесійныя навыкі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.