Віктар ЛІСОЎСКІ: “Як бы ні склаліся абставіны, я ўсё роўна стаў бы ваенным”

- 16:55Моя школа

Усё дзяцінства ён марыў пра авіяцыю, а стаў танкістам, прайшоўшы ў войсках шлях ад камандзіра танкавага ўзвода да начальніка штаба танкавага палка. Госць праекта “Мая школа” — начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, кандыдат ваенных навук, дацэнт, палкоўнік Віктар Аляксандравіч Лісоўскі.

Віктар Аляксандравіч, адкуль вы родам?
— Мае карані тут, у роднай сінявокай Беларусі. Бацька — Аляксандр Аляксандравіч — родам з вёскі Палонка Баранавіцкага раёна, а маці — Фаіна Рыгораўна — з саміх Баранавіч. Нарадзіўся я ў Баранавічах 17 кастрычніка 1965 года. А потым у 1971 годзе мы пераехалі ў пасёлак Русіна (бацька стаў працаваць на птушкафабрыцы). Таму ў першы клас я пайшоў у Русінаўскую васьмігадовую школу. І да восьмага класа вучыўся ў звычайнай беларускамоўнай сельскай школе.
Зараз Русіна стаў аграгарадком, ды і школа вырасла з васьмігодкі да сярэдняй і працуе цяпер у іншым будынку. А ў тым, старым, дзе некалі вучыўся я, размясціўся этнаграфічны музей. Там мне ўсё вельмі добра знаёма — школа знаходзілася за метраў пяцьсот ад майго дома, і я бачыў яе з акна.
За некалькі кіламетраў ад Русіна размяшчалася авіяцыйная база, таму я фактычна вырас на ўзлётна-пасадачнай паласе. Памятаю, як, ажаніўшыся, прывёз жонку ў тую кватэру; яна пэўны час не магла прывыкнуць да самалётаў, што дзень і ноч ляталі ледзь не над галавой — у той час авіяцыя несла баявыя дзяжурствы пастаянна.

— Чаму раптам танкавае вучылішча? А як жа авіяцыйная рамантыка? Няўжо не хацелася ў неба?
— Сапраўды, я спадзяваўся, што маё жыццё будзе звязана з авіяцыяй: і “хварэў” я моцна на авіяцыю, і паступаць збіраўся ў Армавірскае авіяцыйнае вучылішча, але склалася інакш. Мой бацька — “карэнны” танкіст. Тэрміновую службу праходзіў у танкавых войсках, скончыўшы яе старшыной роты. Ён, хоць і не быў кадравым ваенным, а па сутнасці быў чалавекам ваенным, змог прывіць мне любоў да цяжкай грознай зброі — танка. Менавіта гэтым і быў вызначаны мой выбар.
У 1987 годзе я скончыў Ульянаўскае вышэйшае гвардзейскае танкавае каманднае вучылішча з адзнакай і па размеркаванні быў накіраваны ў Цэнтральную групу войскаў у тагачасную Чэхаславакію, дзе праслужыў тры гады. Потым праходзіў службу ў Калінінградскай вобласці, куды ў 1990 годзе была выведзена наша часць. У 1994 годзе перавёўся ў вучэбны цэнтр, што размяшчаецца ў Пячах і дзе калісьці служыў мой бацька.
Там праходзіў службу на пасадзе намесніка камандзіра батальёна па агнявой падрыхтоўцы — вучыў нашых салдат страляць. У 1995 годзе паступіў на камандна-штабны факультэт ВАРБ і пасля яго заканчэння ў 1998 годзе быў прызначаны начальнікам штаба танкавага палка 120-й мотастралковай дывізіі, што дыслацыруецца пад Мінскам. Увесь час мая служба праходзіла ў разгорнутых вайсковых часцях у вельмі напружаным рытме, таму на рабоце быў і дзень і ноч — сям’я бачыла мяне даволі рэдка.
Цяга да глыбокай тэарэтычнай падрыхтоўкі была заўсёды, таму паступленне ў 1999 годзе ў ад’юнктуру было лагічным. Паступаў я туды двойчы, але ў 1998 годзе па рашэнні міністра абароны быў спачатку накіраваны ў войскі. А праз год, нанова пераздаўшы экзамены, стаў ад’юнктам па спецыяльнасці “Аператыўнае мастацтва” і адразу пасля заканчэння ад’юнктуры 7 мая 2002 года тут, у Мінску, абараніў дысертацыю.
Далейшая мая служба была звязана з выкладчыцкай дзейнасцю: у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь вучыў слухачоў камандна-штабнога факультэта на кафедры аператыўнага мастацтва на чале з генерал-палкоўнікам Валерыем Сяргеевічам Сакаловым. Так я пачаў чытаць курс “Аператыўнае мастацтва” ў Ваеннай акадэміі.
Потым была вучоба ў Акадэміі Генеральнага штаба ў Маскве (2004—2006). Акадэмію я скончыў не толькі з дыпломам з адзнакай, але і з запаветным залатым медалём, які ніяк не ўдавалася атрымаць (залаты медаль уручаецца слухачам, якія атрымалі дыплом з адзнакай, а таксама на працягу ўсяго навучання мелі толькі выдатныя адзнакі — Заўв. рэд.).
Пасля акадэміі я спачатку ўзначальваў кафедру аператыўнага мастацт ва (2006—2007), а потым тры гады (з 2007 па 2010) — Навукова-даследчы інстытут Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

— Вучылішча з адзнакай, дзве акадэміі з адзнакай… Можна сказаць, што вы па жыцці выдатнік?
— У школе я не быў выдатнікам. Толькі зараз я разумею, наколькі трэба ўважліва і свядома ставіцца да базавай адукацыі, дзе закладваецца фундамент усіх наступных дасягненняў чалавека. Менавіта на гэтым фундаменце выбудоўваецца кожная з прыступак лесвіцы дасягненняў.
І гэта, безумоўна, тычыцца не толькі ваеннай, але і любой іншай адукацыі. Шчыра кажучы, я зараз нават шкадую, што ў свой час да некаторых прадметаў ставіўся не вельмі адказна. Таму сённяшнім сувораўцам імкнуся давесці, наколькі важна асвоіць спосаб здабывання ведаў (нават не самі веды!), бо гэты навык потым спатрэбіцца ў жыцці. А ўжо якім прадметам аддаваць перавагу, яны могуць выра шаць самі. Але на самай справе трэба ведаць і мову, і літаратуру, і гісторыю, і фізіку, і матэматыку, і замежную мову: як без гэтых навук абыходзіцца ў жыцці?
У той час, калі я вучыўся, узровень гарадской і сельскай школы вельмі моцна адрозніваўся, але, маючы пэўную мэту і імкненне, можна было атрымаць патрэбныя веды. Нягледзячы на сярэдні ўзровень падрыхтоўкі за курс базавай школы, з дапамогай мэтанакіраванасці змог узяць тыя рубяжы, якія я перад сабой ставіў.

— Ці падтрымлівала вас сям’я на шляху па кар’ернай лесвіцы?
— А як інакш? З вельмі вялікай пашанай я стаўлюся да сваёй сям’і, жонкі Ларысы. Яна вельмі сістэмны і інтэлігентны чалавек, шмат у чым мяне падтрымлівала і дапамагала. Многа добрых слоў хочацца сказаць і пра бацьку Аляксандра Аляксандравіча, які прывіў цягу да парадку (у яго ўсё павінна быць на сваіх месцах і ў свой час).

— Хто вас больш выхоўваў, бацька ці маці?
— На жаль, лёс распарадзіўся так, што нашым выхаваннем у большасці займаўся бацька, таму што маці доўга хварэла і памерла вельмі рана. Я тады быў у дзясятым класе, а брат Анатоль — у восьмым. І ўвесь цяжар выхавання хлопцаў-падлеткаў лёг на бацьку. І ён здужаў, за што мы яму бязмерна ўдзячны. Выхоўвалі нас, як і ўсіх падлеткаў таго часу, і школа, і двор.
Мне ў жыцці шанцавала, што побач са мной заўсёды знаходзіліся людзі, якія маглі і падказаць, і накіраваць. Пачнём з таго, што па суседстве з намі жылі мае настаўнікі: класны кіраўнік Валянціна Антонаўна Калько, настаўнік фізікі Міхаіл Вікенцьевіч Лішык і яго жонка настаўніца рускай мовы Яўгенія Міхайлаўна. Таму мне было вельмі складана дрэнна вучыцца: уся інфармацыя адразу даходзіла з ніжніх паверхаў на пяты (наша кватэра была на пятым паверсе). Хачу некалькі слоў сказаць пра Міхаіла Вікенцьевіча, які быў шчыра ўлюбёны ў свой прадмет і ведаў, як яго трэба падаць вучням. Бо сапраўды, можна вало даць каласальнымі ведамі і не ўмець перадаць іх вучням. Ён вучыў не проста браць веды, запамінаючы і запісваючы, а прымушаў вучыцца іх здабываць.

— У яго былі нейкія адметныя метады?
— Безумоўна. Аднойчы ён мне ўляпіў “кол” і напісаў яго ў дзённіку такога памеру, каб, як ён тады сказаў, “бацька з пятага паверха мог убачыць”. І гэтым давёў мяне да такога стану, што пасля ставіў мне толькі “выдатна”. Неяк ён ладзіў фізічную віктарыну, у якой удзельнічалі вучні розных, у тым ліку гарадскіх школ, дык я на ёй з гонарам заняў адно з прызавых месцаў. І пяцёркі ён “маляваў” такія ж вялізныя, каб, як і тую адзінку, бацька мог убачыць з пятага паверха.

— А ў чым праяўлялася дваровае выхаванне?
— Я адношу сябе да таго пакалення савецкіх людзей, якіх вуліца вучыла найперш добрай фізічнай падрыхтоўцы (у нас пастаянна былі спартыўныя спаборніцтвы па хакеі і футболе, што ладзіліся па прынцыпе самаарганізацыі). Улічваючы абставіны тых часоў, трэба было ўмець абараніць сябе, а, бывала, і гонар раёна. Я займаўся боксам, веласпортам, гіравым спортам.
У нас існаваў своеасаблівы культ справядлівасці. На ражон не лезлі, але сваіх не крыўдзілі і ў крыўду не давалі. Мы жылі ў шматпавярховых дамах, таму нас звалі “дамаўскімі”, а тых, што жыў у вясковых дамах, называлі “сельскімі”. Калі мы гулялі ў хакей, яны пазіцыяніравалі сябе як зборная Канады, а мы — як зборная Савецкага Саюза. Безумоўна, адразу ж у першым тайме былі паламаны клюшкі, пачыналіся бойкі, але не да звар’яцеласці, а, як кажуць, да першай крыві.

— А ў творчых сферах вы сябе праявілі?
— Вельмі быў зацікаўлены музыкай. Іграў на бас-гітары. Іграў на канцэртах і вечарынах, удзельнічаў у конкурсах. Нават прапаноўвалі ісці ў тагачасны Інстытут культуры, але вайсковая служба ўсё ж узяла верх.

— Спорт, творчасць… Відаць, і з тэхнікай сябравалі, калі ў танкавыя войскі пайшлі?
— Так. Яшчэ адно, чаму навучыла вуліца, гэта любоў да тэхнікі. Веласіпеды, мапеды, матацыклы, якія разбіралі да запчастак, а потым збіралі зноў. Памятаю, як уважліва чыталі часопіс “Мадэліст-канструктар”, бо вельмі ж хацелася самому сабраць картынг. Ды і іншая тэхнічная літаратура была на вагу золата. Чаго мы толькі ў гаражах не выраблялі з тымі мапедамі!..

— Ці цяжка было рэзка памяняць цывільны стыль жыцця на жыццё па вайсковым статуце?
— Сапраўды, маё дзяцінства абарвалася, калі я вырашыў паступаць у ваеннае вучылішча ва Ульянаўск. Там усё было інакш. Гэта былі вельмі складаныя чатыры гады, усё па вайсковым статуце: як у ім напісана, так і было, і ні кроку ўбок.
Культ спорту, культ вучобы… Асабліва мы любілі заняткі па баявой падрыхтоўцы. Нават сёння я напішу любую формулу, якая тычыцца асноў стральбы з танка. Найперш, была грунтоўная базавая падрыхтоўка, але немалаважна і тое, што я ўвесь час служыў толькі ў танкавых войсках, у званні падпалкоўніка пайшоўшы ў навуку і педагагічную дзейнасць.

Хто з вашых настаўнікаў і выхавальнікаў асабліва паўплываў на вас як на асобу?
— Вобраз кіраўніка, выхавальніка для мяне ў большасці збіральны: дырэктар школы Людміла Рыгораўна Валынец, класны кіраўнік Валянціна Антонаўна Калько, настаўнік фізікі Міхаіл Вікенцьевіч Лішык — гэта не проста настаўнікі, якія мяне вучылі, а яшчэ і людзі, якія жылі з намі побач, нашы суседзі, а іх дзеці — гэта мае сябры.

— Падтрымліваеце сувязі з аднакласнікамі?
— Чым старэй мы становімся, тым менш абяцанняў мы даём сваім сябрам. Таму самае моцнае сяброўства закладвалася менавіта ў дзяцінстве, падлеткавым узросце, юнацтве. У мяне і цяпер вельмі многа добрых успамінаў пра аднакласнікаў, і найперш з Русінаўскай школы. З-за спецыфікі маёй службы часта сустракацца вельмі складана, але кожны раз, калі я прыяз джаю да бацькі, мы са старымі сябрамі абавязкова бачымся, і ў нас заўсёды ёсць нагода ўспомніць усё добрае, што адбывалася з намі ў дзяцінстве.

— Вельмі цяжка паверыць, што хлопец-падлетак меў такія прыкладныя паводзіны…
— Нічога дзіўнага. Заўсёды ў падлеткавым асяроддзі існуюць нейкія групоўкі, канфлікты старэйшых і малодшых — гэта заканамерна. Я ўжо казаў, што Русінаўская школа была васьмігадовай, і атрымліваць сярэднюю адукацыю я пайшоў у 13-ю школу Баранавіч. Клас у нас быў зборны: тыя, хто вучыўся ў гэтай школе, мы, 6 чалавек з Русінаўскай школы, і некалькі чалавек з 15-й школы. У класе было больш як 30 чалавек. Канечне, мы прыйшлі на чужую тэрыторыю, дзе ўжо былі ўсталяваны свае няпісаныя правілы і законы, свая іерархія.
Ужо ў 13-й школе мы арганізавалі вакальна-інструментальны ансамбль, з-за чаго да нас была павышаная ўвага: мы былі сапраўднымі зоркамі, бо забяспечвалі жывой музыкай усе школьныя ўрачыстасці, прывозячы з клуба птушкафабрыкі апаратуру.
Безумоўна, пэўныя канфлікты ўзнікалі, і, вядома, мы ўшасцярых маглі за сябе пастаяць. І аднойчы так “пастаялі”, што нас ледзь не выгналі са школы. Але, улічваючы нашы станоўчыя характарыстыкі, гэты інцыдэнт спусцілі на тармазах і потым нават не ўспаміналі, аднак мы для сябе зрабілі пэўныя вывады і больш такіх сітуацый не ўзнікала. А скончыўшы школу, я паехаў паступаць у ваеннае вучылішча.

— А калі б не паступілі ў вучылішча? Як бы тады мог скласціся ваш лёс?
— А, уласна кажучы, так і было. Спачатку я планаваў паступіць у сувораўскае вучылішча, але туды заўсёды было цяжка паступіць. Ды і ва Ульянаўск я паступіў толькі на другі год. Праз год, вырашыўшы, што сваёй мэты трэба абавязкова дасягнуць, я зрабіў другую спробу паступлення і стаў курсантам ваеннага вучылішча. Дарэчы, следам за мной у гэтае ж самае вучылішча паступіў і мой малодшы брат Анатоль.
Сёння я разумею, што, як бы ні склаліся тады, у пачатку 80-х, абставіны, я ўсё роўна стаў бы ваенным. Больш за тое, калі б Бог даў мне сына, я направіў бы яго па тым самым шляху.

— Дзе складаней працаваць: у дзеючых войсках ці тут, у сувораўскім вучылішчы?
— Мая сённяшняя пасада, відаць, самая складаная ў маёй кар’еры. Я разумею, што сувораўскае вучылішча не проста першая прыступка ваеннай адукацыі. Гэта фундамент, на якім будзе будавацца ўся сістэма бяспекі нашай краіны ў найбліжэйшай будучыні.
Разам са мной працуюць вельмі моцныя педагогі, якія даюць сістэмныя веды, камандзіры рот і афіцэры-выхавальнікі, якія ўкладваюць у кожнага сувораўца ўсю душу. Мэта, якую мы перад сабой сёння ставім, — выйсці на высокі ўзровень якасці адукацыі. І паказчыкам гэтай якасці павінны быць не адзнакі ў атэстаце, а запатрабаванасць нашых выпускнікоў у сілавых і цывільных ВНУ. Суворавец павінен быць лепшым ва ўсім — менавіта так мы іх і настройваем. І я не памылюся, калі скажу, што ва ўсіх ВНУ нашы былыя курсанты становяцца лепшымі студэнтамі.

— Які прафесійны профіль вашай сям’і? Ці не збіралася ваша дачка пайсці ўслед за вамі?
— Такія размовы напачатку былі, але потым яна выбрала для сябе міжнароднае права, якое паспяхова асвойвае ў Белдзяржуніверсітэце. У нашай сям’і ёсць ваенныя (мой брат), медыкі (жонка, яе маці і сястра), педагогі (цесць). Мая жонка Ларыса Іларыёнаўна — урач-стаматолаг, вядзе свае карані з урачэбна-настаўніцкай сям’і: яе бацька Іларыён Андрэевіч прайшоў шлях ад школьнага настаўніка да намесніка начальніка аддзела адукацыі Ляхавіцкага раёна.
Сёння для мяне сям’я — гэта ўсё. Для любога ваеннага чалавека адзін пагон — асабіста яго, а другі — яго жонкі. Сям’я ўмее разумець і падтрымліваць, асабліва ў самыя крытычныя моманты. Служба ўкладзена ў вельмі шчыльны графік на працягу ўсіх 365 дзён года. Асабліва ў пачатку службы мы вельмі мала бачыліся, але ўсё ж знаходзілі тыя нешматлікія хвіліны, каб выбудоўваць свае адносіны. Не ўсе сем’і вытрымліваюць такі рытм жыцця, але тыя жанчыны, якія змаглі яго вытрымаць, становяцца сапраўднымі афіцэрскімі жонкамі, якія ўмеюць цярпець, кахаць, падтрымаць у патрэбную хвіліну. А цёплыя адносіны захаваліся ў нас і да гэтага часу.

— А сваю ваенную кар’еру, відаць, збіраецеся працягваць ва ўнуках?
— Канечне! З дачкой гэта мы ўжо абмяркоўвалі… (смяецца) на будучыню… Хаця, ведаеце, Бог усё ж даў мне сыноў. Сёння ў мяне ў вучылішчы 450 хлопцаў, якіх я люблю сапраўднай бацькоўскай любоўю. У іх я бачу самога сябе.

— Як пазнаёміліся з будучай жонкай?
— Пасля школы год да паступлення ў вучылішча я працаваў аўтаслесарам у майстэрнях птушкафабрыкі. Склалася так, што на той самай птушкафабрыцы (каб зарабіць працоўны стаж перад паступленнем у медінстытут) працавала і мая будучая жонка. На адной з вечарын, калі Ларыса з сяброўкамі прыйшла ў клуб, мы і пазнаёміліся (мы якраз выступалі на той вечарыне з ансамблем).

— Чаму вас навучыла жыццё?
— Я па жыцці аптыміст, хаця выдатна разумею, што многае прадвызначана. Тое, што павінна здарыцца, абавязкова здарыцца. І тое, што я з першай спробы не паступіў у вучылішча, а мая жонка ў той жа год не паступіла ў медінстытут, прадвызначыла маё сямейнае жыццё. Аднак чалавечая прырода ўладкавана так, што мы ўсё роўна спадзяёмся на лепшае і імкнёмся да яго.
А жыццё мяне навучыла пераадольваць цяжкасці. І я дзякую лёсу, што гэтыя цяжкасці мне выпалі. Без іх я не стаў бы тым, кім з’яўляюся зараз. І ад сваёй дачкі я не хаваў пэўных цяжкасцей, не ствараў вакол яе ахоўны кокан, даючы зразумець сутнасць навакольнага свету, вучыў змагацца за сябе, абараняць свае інтарэсы, самастойна рабіць выбар і ахоўваць сябе ад пагроз. Так выхоўвалі мяне, маю жонку. Так мы стараліся выхоўваць сваё дзіця.

— Што б напярэдадні вашага прафесійнага свята — Дня абаронцаў Айчыны — вы пажадалі ўсім, хто звязаў свой лёс з сувораўскім вучылішчам?
— Я хацеў бы падзякаваць усяму калектыву Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, людзям, якія знаходзяцца побач са мной і займаюцца высакароднай справай — выхаваннем дзяцей, якія ву чаць будучых афіцэраў і ўкладваюць у іх душу і сэрца, і павіншаваць іх з надыходзячым святам. Таксама хацелася б павіншаваць з Днём абаронцаў Айчыны ўсіх выпускнікоў нашага вучылішча, большасць з якіх сталі сапраўднымі абаронцамі Радзімы і свята нясуць праз жыццё дэвіз вучылішча, які прыйшоў з далёкіх кадэцкіх часоў: “Жыццё — Радзіме, гонар — нікому!”.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.