Вырашэнне праблемы наркаманіі — справа агульная

Для вырашэння праблемы наркаманіі патрэбны ўзгодненыя дзеянні ўсіх службаў. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

На пасяджэнні разгледжана работа па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх ужывання і сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію.

Як адзначыў Андрэй Кабякоў, даныя медыцынскай і крымінальнай статыстыкі сведчаць, што праблема ўжывання наркотыкаў і іх незаконнага абароту застаецца актуальнай і выклікае сур’ёзную трывогу і хваляванне з боку дзяржавы і грамадства. “Як аб’ектыўна існуючы сацыяльна негатыўны феномен наркаманія ўплывае на многія сферы жыццядзейнасці грамадства. З’яўляючыся з’явай комплекснай, яна ўключае сацыяльны, медыцынскі і псіхалагічны аспекты. Вырашэнне праблемы наркаманіі павінна ляжаць у плоскасці ўзгодненых дзеянняў праваахоўных органаў, арганізацый аховы здароўя, адукацыі, а таксама ўстаноў пра цы, занятасцi i сацыяльнай абароны”, — упэўнены прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, сярод тых, хто трапляе ў наркатычную залежнасць, найбольш неабароненая частка грамадства — падлеткі, а таксама маладыя людзі, якія ўступаюць у самастойнае жыццё. “Упэўнены, што нашы з вамі сумесныя намаганні могуць і павінны паўплываць на сітуацыю і вярнуць да нармальнага жыцця нарказалежных асоб”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Як падкрэсліў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Іван Падгурскі, інтэнсіўная і мэтанакіраваная работа па вырашэнні праблемы распаўсюджвання наркотыкаў і наркаманіі фундаментальна паўплывала на разуменне грамадствам складанасці і шматграннасці гэтай з’явы. “Прынятыя меры далі магчымасць істотна запаволіць рост злачыннасці, звязанай з незаконным абаротам наркотыкаў. У выніку практычных мерапрыемстваў выяўлена больш за 6 тысяч нарказлачынстваў, каля палавіны з якіх звязаны са збытам”, — адзначыў ён.

Іван Падгурскі паведаміў, што дзякуючы сумеснай рабоце МУС, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Міністэрства аховы здароўя новыя віды наркотыкаў аператыўна ўносяцца ў спісы забароненых рэчываў. Вопыт Беларусі ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў станоўча пазіцыянуецца і выкарыстоўваецца на міжнароднай арэне. “Прыярытэтнымі задачамі для ўсіх зацікаўленых з’яўляюцца зніжэнне існуючых рызык, мінімізацыя попыту і прапанавання наркотыкаў, дасягненне мінімальнага ўзроўню наркатызацыі і смяротнасці насельніцтва ад атручэння псіхаактыўнымі рэчывамі, выключэнне магчымасці для ўцягнення ў наркаманію непаўналетніх, забеспячэнне высокага ўзроўню прафілактыкі наркаманіі з боку ўсіх суб’ектаў, а таксама паляпшэнне якасці і эфектыўнасці рэабілітацыі нарказалежных”, — рэзюмаваў Іван Падгурскі.