Вітамін “Л”, ці У чым прафесійнае шчасце педагога?

- 13:07Рознае, Сацыяльны ракурс

Што больш важна для паспяховага прыёмнага бацькоўства: любоў да дзяцей ці псіхолага-педагагічная падкаванасць? Спрэчкі пра гэта ўзнікаюць апошнім часам нярэдка. Але ці варта проціпастаўляць гэтыя велічыні? Пра гэта мы запыталі ў вядомага беларускага псіхолага Якава Львовіча Каламінскага, у якога, акрамя велізарнага і прызнанага вопыту навукоўца, за плячыма яшчэ і рэальны вопыт работы з дзецьмі сіроцкай катэгорыі. Як наладзіць дыялог з такімі дзецьмі? Дзе шукаць дапамогу, калі праблемы здаюцца невырашальнымі? Пра ўсё гэта, а таксама пра незаменны вітамін “Л”, абыякавасць дарослых, няўдзячнасць дзяцей і правіла шчаслівага педагога — у інтэрв’ю з Якавам Львовічам.

— Якаў Львовіч, на вашу думку, што больш важна для паспяховага замяшчальнага бацькоўства: любоў да дзяцей ці псіхолага-педагагічная падкаванасць?
— Мне давялося ў свой час працаваць з дзецьмі сіроцкай катэгорыі, зараз жа я супрацоўнічаю з прыёмнымі сем’ямі, адна з іх — цудоўная сям’я Наталлі Вакер, дзе, акрамя чацвярых родных, выхоўваецца пяцёра прыёмных дзяцей. Я бываю ў гэтай сям’і часта, размаўляю з дзецьмі, наведваю і сацыяльна-педагагічныя цэнтры.
І ведаеце, я ўпэўнены: безумоўная любоў да дзіцяці — гэта асноўнае. Вельмі важна бацькам, як родным, так і замяшчальным, унушыць адну рэч: няхай вы не так смачна накорміце дзяцей, не так прыгожа апранеце, але абавязкова знайдзіце час на зносіны з дзецьмі. Ёсць такое паняцце ў псіхалогіі — “вітамін “Л”. Вось менавіта ён больш за ўсё і лепш за ўсё дзейнічае на дзяцей. “Мяне любяць” — гэта асноўны лозунг шчаслівага дзяцінства. Нельга абмяжоўвацца выдачай грошай на гульні, марожанае ці клуб. Неаб-ходна размаўляць, гуляць, праводзіць час разам. Менавіта гэта і называецца любоўю да дзіцяці.
Нам варта працаваць з бацькамі, рыхтаваць іх да зносін з дзецьмі. Прычым не да абслугоўвання немаўляці, хоць і гэта неабходна. Неабходна вучыць іх размаўляць з дзіцем. Дзіця ў два гады — гэта яшчэ малыш, у тры яго лозунг — “Я сам!”, у 10—11 гадоў яно адмовіцца ад дапамогі дарослых, праігнаруе патрабаванні настаўніка, бо для яго на першы план выходзяць сябры і захапленні. Да гэтага неабходна быць гатовым і ведаць, як рэагаваць. Толькі тыя бацькі, якія разабраліся ў гульнях-стралялках, тыя, хто без запінкі можа назваць хаця б трох сяброў свайго дзіцяці, змогуць наладзіць узаемаадносіны са сваім дзіцем.
Кожнае дзіця — гэта цэлы сусвет. Калі я працаваў у школе-інтэрнаце і рабіў свой першы абход сем’яў, дзеці якіх, як меркавалася, будуць вучыцца ў школе-інтэрнаце, то ад усіх бацькоў чуў прыкладна адно і тое ж: “Ведаеце, да яго патрабуецца асаблівы падыход”. Так я праз некалькі дзён засвоіў, што трэба мець 34 асаблівыя падыходы — менавіта столькі было выхаванцаў. І так — з кожным дзіцем. І каб зразумець кожны гэты сусвет і адпаведным чынам з ім кантактаваць, бацькі павінны валодаць псіхолага-педагагічнай культурай.

— Але тэрмін “псіхолага-педагагічная культура” для многіх сённяшніх замяшчальных бацькоў, а тым больш біялагічных, гучыць як нешта занадта навуковае і далёкае ад штодзённага жыцця. Вы ж сцвярджаеце, што гэта абавязковы складнік паспяховага бацькоўства — як звычайнага, так і замяшчальнага…
— Тут найперш варта разумець, што маецца на ўвазе пад гэтым тэрмінам. Насамрэч гэта жыццёвыя рэчы. Псіхолага-педагагічная культура — гэта перш за ўсё разуменне дзіцяці, яго ўзроставых асаблівасцей, запытаў.
Калі псіхалагічная культура адказвае на пытанне “Чаму?” (чаму дзіця такое, чаму яму патрэбна тое ці іншае), то педагагічная культура адказвае на пытанне “Як?” (як гэта зрабіць, як дабіцца чагосьці, каб задаволіць запыты дзіцяці на яго ж карысць). Напрыклад, веданне асаблівасцей уласнага тэмпераменту і тэмпераменту дзіцяці дапаможа лепш разумець даросламу сваё дзіця і адпаведным чынам выбудоўваць адносіны з ім: не прымушаць меланхоліка быць больш хуткім, а актыўнасць халерыка ўспрымаць як рысу характару, а не злоснае свавольства.
Ці, напрыклад, такое прыватнае пытанне: як ацэньваць дзяцей? Аказваецца, гэта цэлае мастацтва. Як дзіця ці нават дарослы чалавек успрымае ацэнку звонку? Чалавек яе абавязкова супастаўляе з унутранай самаацэнкай. Менавіта яна спрацоўвае, калі чалавек атрымлівае ацэнку звонку. Калі гэтая ацэнка супадае з самаацэнкай, дзіця ўспрымае яе як адэкватную і справядлівую. Калі ацэнка больш нізкая, чым самаацэнка, яна трактуецца як несправядлівая: “Да мяне прыдзіраюцца…”, “Ён мяне не любіць…”. Псіхолагі праводзілі яшчэ адно даследаванне: даручылі дашкольнікам рашыць задачу, паабяцаўшы за яе рашэнне цукерку. Адзін хлопчык не рашыў, але яму ўсё роўна гэтую цукерку далі. І ведаеце, што ён сказаў? “Якая нясмачная цукерка!” Вось яна — завышаная ацэнка.
Таму так важна замяшчальным бацькам на самым першым этапе зносін выпрацаваць сваю стратэгію і тактыку ацэньвання. Гэтаму пытанню бацькі часам не ўдзяляюць дастаткова ўвагі, а дарэмна. Вось параўнайце два ацэначныя меркаванні: “Які ж ты рассеяны! Зноў усё пераблытаў!” і “Сёння ты памыліўся. Падумай, як гэта выправіць”. У першым выказванні даецца адмоўная ацэнка ўсёй асобы дзіцяці, у другім — ацэньваецца якас ць выканання пэўнай дзеі, выказваецца надзея на выпраўленне. У першым выпадку парушана залатое правіла ацэньвання: ніколі не ацэньвай асобу ў цэлым, ацэньвай канкрэтны ўчынак.
Варта пазбягаць такіх выказванняў, як “Ты заўсёды…”, “Ад цябе іншага не дачакаешся…” і г.д., інакш вас будуць успрымаць як чалавека несправядлівага. Уявіце, калі бацькі кажуць дзіцяці: “Ты вечна забываешся запісваць дамашняе заданне”. Але ж дзіця памятае, што тры тыдні назад па беларускай мове яно запісала дамашняе заданне. І вось дарослы чалавек становіцца ў вачах дзіцяці несправядлівым і прыдзірлівым.

— Магчыма, варта наогул адмовіцца ад ацэньвання, не рэагаваць на асобныя праяўленні?
— Гэта будзе вельмі вялікай памылкай. Адсутнасць ацэнкі аказвае яшчэ больш дэпрэсіўнае ўздзеянне, чым яўнае неадабрэнне. Горш за ўсё — абыякавасць, калі ні чорнага, ні шэрага, ні белага. Вось з майго вопыту работы з выхаванцамі інтэрната. Штодзень вечарам мы абмяркоўвалі з імі мінулы дзень, я хваліў тых, хто зрабіў нешта добрае. Адна дзяўчынка, якая адрознівалася не самымі лепшымі паводзінамі, з горыччу сказала: “А тым, хто паводзіў сябе дрэнна, вы нічога не скажаце?” Іншымі словамі, яна гатова была пачуць у свой адрас і штосьці непрыемнае, галоўнае — каб да яе не засталіся абыякавымі. Давялося выказаць надзею, што ў наступны раз пра яе можна будзе сказаць толькі добрае.

— Гэта насамрэч няпроста — знайсці неабходныя словы ў складаных сітуацыях, асабліва калі ў дзіця ўкладзена вельмі многа сіл, а выніку, здаецца, і няма…
— Часам дзеці падаюцца няўдзячнымі. Верагодна, што гэта адбываецца з-за таго, што наш клопат для іх настолькі ж неабходны і ў той жа час натуральны, як і паветра. А хто дзякуе за паветра і магчымасць дыхаць?
Кожны з нас можа знайсці тую слоўную, лексічную форму, у якой знойдуць адлюстраванне яго адносіны да выхаванца. А пачынаецца ўсё са звароту. Напрыклад, падчас работы ў інтэрнаце, калі я быў задаволены паводзінамі вучня, я называў яго па імені, калі ж ім здаралася нешта ўтварыць — па прозвішчы. Дзеці вельмі хутка адчулі розніцу. Часам я гаварыў: “Іваноў, падыдзі сюды!”, а ў адказ чуў устрывожана-пакрыўджанае: “Якаў Львовіч, а што я зрабіў?!”
Тут варта прыгадаць і словы А.С.Макаранкі пра тое, што сапраўдным майстрам можна стаць, навучыўшыся гаварыць “Можаш ісці” з 15—20 адценнямі.

— Гэтаму можна навучыцца?
— Безумоўна. Але варта прызнаць, што ў кагосьці ўменне адчуваць і разумець дзяцей, ды і дарослых, прыроджанае. Ёсць два ўзроўні псіхалагічнай культуры: канцэп-туальна-тэарэтычны — гэта тое, што напісана ў кнігах; і жыццёвая псіхалагічная культура, якой ніхто не вучыць. Прычым гэтая жыццёвая псіхалогія нават лепш развіта ў дзяцей, чым у дарослых. Часам мне даводзіцца пераконваць апанентаў у тым, што дашкольнікі ўжо валодаюць псіхалагічнай культурай. У такім выпадку прыводжу наступны фрагмент. Мама папракае пяцігадовую дачку, што тая плача без прычыны. На што дачка адказвае: “Я не табе плачу, а бабулі”. Заўважце — якая тонкая псіхалагічная культура ў гэтага дзіцяці! Дзяўчынка ведае адрас уздзеяння і сродкі ўздзеяння. І, варта думаць, дабіваецца поспеху.

— І ўсё ж, напэўна, у кожнага з бацькоў, а тым больш замяшчальных, здараліся сітуацыі, калі не ведаеш, як паступіць. Чым псіхалагічная навука можа дапамагчы ў гэтым пытанні?
— Літаратуры ў гэтай сферы сёння дастаткова. Гэта як новыя напрацоўкі, так і тыя, што маюць пэўную гісторыю. Канечне, знайсці канкрэтныя адказы на пытанні, як паводзіць сябе ў тым ці іншым выпадку, наўрад ці магчыма, бо кожны выпадак унікальны. Але псіхалагічная літаратура здольна дапамагчы ў цэлым зразумець дзіця, і ўжо на аснове гэтага разумення бацькі будуць прымаць рашэнне ў канкрэтнай сітуацыі.
Ёсць і зусім практычныя рэчы, якія дапамогуць працаваць з дзіцем пры вырашэнні пэўных праблем. Напрыклад, такі напрамак, як гульня. Шкада, што сённяшняя псіхалагічная школа мала ўвагі ўдзяляе такому пытанню, як гульня школьнікаў. І раней пісалі няшмат, а сёння — і зусім нічога. І дарэмна. Фактычна добрая ролевая, творчая дзіцячая гульня — гэта своеасаблівая псіхадрама — іншымі словамі, асаблівы псіхатэрапеўтычны метад, падчас якога чалавек пазбаўляецца навязлівых ідэй і комплексаў. Але штосьці ёсць і ў гэтым напрамку. Напрыклад, асабліва парадавала кніга А.І.Мядзведскай “Гіперактыўныя дзеці: механізмы карэкцыі паводзін”, у якой рэкамендуецца выкарыстоўваць гульнявую тэрапію. Вось, напрыклад, адна карысная гульня, якую прапаноўвае аўтар, — “Маўчу-шапчу-крычу”. Як адзначае аўтар, гіперактыўнаму дзіцяці, як, зрэшты, і звычайнаму, цяжка рэгуляваць не толькі свае паводзіны, але і маўленне, і таму яно часта размаўляе на павышаных тонах. Такая ж гульня дазваляе ўсвядомлена рэгуляваць гучнасць сваіх выказванняў. Сігналам для выбару пэўнай гучнасці з’яўляецца знак вядучага гульні: прыкладзены палец да вуснаў — размаўляць шэптам і рухацца вельмі павольна; рукі над галавой, як падчас сну, — замаўчаць і застыць на месцы і г.д. Выдатная практыка, пагадзіцеся.

— Якаў Львовіч, часам дапамога псіхолага неабходна замяшчальным бацькам не толькі ў адносінах да дзяцей, але і да саміх сябе. Сёння ўсё часцей гавораць пра тое, што прыёмныя бацькі, як ніякія іншыя, падвяргаюцца рызыцы прафесійнага выгарання…
— Так, такая праблема існуе. Для педагогаў, у тым ліку і замяшчальных бацькоў, псіхалагічнае здароўе мае асаблівае значэнне па шэрагу прычын. Найперш існуе сувязь эмацыянальнага стану асобы педагога і псіхалагічнага здароўя вучня.
Якія сімптомы эмацыянальнага, а можна сказаць, прафесійнага выгарання? Гэта стан псіхалагічнага, душэўнага знясілення, звязанага з адчуваннем уласнай бездапаможнасці. Узнікае адчуванне загнанасці ў клетку. Чалавек перажывае стан стомленасці, стамлення, бяссоніцы, раздражнёнасці. Зніжаецца самаацэнка.
Горш за ўсё, што ў педагога часам узнікаюць агрэсіўныя пачуцці ў адносінах да вучняў і тыя адчуваюць на сабе незаслужаны гнеў. Выхавальнік настроены песімістычна ў адносінах да сваіх выхаванцаў (“Іх нічому не навучыш”), апатычны і ў той жа час мае пастаяннае пачуццё віны (“Ведаю, што не маю рацыі, ведаю, што так не трэба, але нічога не магу, ды і не хачу мяняць”).
Прычыны такога стану могуць быць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя. Да аб’ектыўных сёння можна аднесці недастатковы ўзровень матэрыяльнага ўзнагароджання за працу. Гэта рэзка кантрастуе з высокай псіхаэмацыянальнай напружанасцю працы педагога, узроўнем адказнасці і патрабаванняў да яго. Нярэдка прычынай эмацыянальнага выгарання з’яўляецца нізкі ўзровень сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў педагагічным калектыве, адсутнасць падтрымкі з боку кіруючых органаў.
Да суб’ектыўных фактараў рызыкі адносіцца невысокая псіхалагічная культура некаторых педагогаў (а замяшчальных бацькоў тым больш), якія недастаткова валодаць прыёмамі самарэгуляцыі. Што можа дапамагчы? Якраз тая ж псіхолага-педагагічная культура. І правіла трох “Л”: Я люблю сваю работу. Я люблю сваіх дзяцей. Я люблю самога сябе.

Гутарыла Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.