Вітаюцца нестандартныя рашэнні

- 10:37Адукацыйная прастора

У мінулую пятніцу ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы ўрачыста ўшанавалі навучэнцаў, якія не толькі дасканала ведаюць формулы, неабходныя для фізічных і астранамічных вылічэнняў, але і знаёмыя з формулай поспеху. На працягу тыдня ўдзельнікі алімпіяд напружана працавалі, знаходзілі новых сяброў, вывучалі славутасці абласнога цэнтра і яго ваколіц — сапраўдная сімфонія адкрыццяў, заключным акордам якой сталі цырымонія ўзнагароджання лепшых з лепшых і выдатная канцэртная праграма.

— У мяне своеасаблівы юбілей: роўна 30 гадоў, як узначальваю журы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, — расказаў загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Анатоль Слабадзянюк. — Магу ска­заць, што сёлетняя алімпіяда дастаткова ўдалая, дзеці прадэманстравалі моцныя веды і ўменне прымяняць іх на практыцы. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі задач мы крыху адышлі ад традыцыі і выключылі складаную матэматыку: больш цяжкіх у гэтым плане рашэнняў, чым на аснове лінейных ураўненняў, не прысутнічала. Акцэнт быў зроблены менавіта на веданні фізікі. Другі важны момант — арганізацыйны. За яго вялікі “дзякуй” Віцебшчыне. Да таго ж частку абсталявання мы прывезлі з сабой. Асабліва прыгожым атрымаўся ў выніку эксперыментальны тур. Напрыклад, у школе ўсе прывыклі да кандэнсатараў у 100 мкФ — гэта значная ёмістасць. А на алімпіядзе іх прапанавалі ёмістасцю ў 200000 мкФ, і адзінаццацікласнікі зрабілі-такі суперкандэнсатар. Навучэнцы былі ў шоку, бо да такіх велічынь не прывыклі, тым не менш як за палову ўдзельнікаў з заданнем справілася. Дарэчы, з абсталяваннем для яго дапамаглі нашы сябры з індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Фізіка вельмі цікавая навука. Як школьны прадмет яна важная і тым, што фарміруе спосаб мыслення. Лічу, што неад’емным крытэрыем ацэнкі ведаў па гэтым прадмеце павінна быць як валоданне тэо­рыяй, так і практыка, здольнасць эксперыментаваць, знаходзіць нестандартныя рашэнні, чаго, на жаль, мы сёння не назіраем у заданнях цэнтралізаванага тэсціравання. А на алімпіядзе на гэта звяртаецца ўвага ў першую чаргу.

Падчас тэарэтычнага тура найбольш закавырыстай аказалася, напэўна, задача пра бабулю, якая падымаецца з першага паверха спачатку на другі, потым на трэці і чацвёрты. Трэба было вызначыць час, прычым у двух варыянтах: калі дзеянне адбываецца ў Мінску і Лондане. Варта дадаць, што ў Лондане паверхі лічацца не так, як у нас: калі бабуля знаходзіцца на першым, то яна пераадолела ўжо два паверхі — менавіта гэта многія не ўлічылі. “Як гаварыў у свой час Э.Рэзерфорд, усе навукі падзяляюцца на дзве часткі: фізіку і калекцыяніраванне марак. Для мяне геаграфія — раздзел фізікі. А калі сур’ёзна, то для рашэння фізічных задач неабходна і грунтоўная падрыхтоўка па іншых прадметах, і зноў жа нестандартны падыход,што і было прадэманстравана”, — пракаменціраваў старшыня журы.

Сказанае вышэй цалкам справядлівае і для астраноміі. Згодна з меркаваннем старшыні журы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце, дацэнта кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, кандыдата фізіка-матэматычных навук Станіслава Секяржыцкага, паказальным было заданне пра ваганне кольцаў Сатурна.

— Яны знаходзяцца ў такім жа стане ўстойлівай раўнавагі, як матэматычны маятнік, — патлумачыў Станіслаў Станіслававіч. — Чамусьці задачы пра маятнік навучэнцы рашаюць свабодна, у той час як справіцца з аналагічнай задачай нашым фіналістам не ўдалося. Былі спробы падагнаць рашэнне пад вядомыя, асвоеныя падчас падрыхтоўкі, а патрабавалася якраз адысці ад стандарту, праявіць крэатыўнасць. Агульны ўзровень адказаў быў даволі высокім.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы адзна­чаны Аляксандр Сіманковіч (гімназія №1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна), Данііл Рынкевіч (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны), Мікіта Макарэвіч (гімназія № 29 Мінска), Аляксей Кіркоўскі (гімназія № 10 Мінска), Раман Глаз і Ілья Крэйдзіч (навучэнцы ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста), Максім Кастэнь (Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй), Дзяніс і Яўген Дзядковы (гімназія № 1 Барысава), Аляксандр Каленчыц і Аляксей Быкаў (Ліцэй БДУ). Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі ўзнагаро­джа­ны Уладзімір Цярэ­ня і Мікіта Бандаровіч (Мікашэвіцкая гімназія імя У.І.Ня­дзведс­кага), Андрэй Цімафееў (сярэдняя школа № 2 Гомеля імя Г.М.Скля­з­нёва), Сяргей Гамельскі (гімназія №1 Жодзіна).

Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь — у Арсенія Камарова (сярэдняя школа № 7 Гродна) і Яўгена Дзядкова (гімназія № 1 Барысава).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.