Вольга Зелянко з гімназіі №43 будзе прадстаўляць Мінск на рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года — 2023»

- 13:06Персона, Проекты, Учитель года

За 10 гадоў работы ў радзільным доме яна дапамагла з’явіцца на свет вялікай колькасці дзетак. А зараз Вольга Аляксандраўна Зелянко выкладае ўрокі медыцынскай падрыхтоўкі ў мінскай гімназіі № 43 і дакладна ведае, як зрабіць іх цікавымі, сфарміраваць крытычнае мысленне ў вучаніц і дапамагчы ім знайсці адказы на філасофскія пытанні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Проста аб складаным

— Медыцынская падрыхтоўка — прадмет адносна малады. І ўнікальны — такога прадмета няма не толькі ў іншых краінах постсавецкай прасторы, але і ў Заходняй Еўропе. Усе напрацоўкі — беларускіх  настаўнікаў. Якія ж тэмы ахоплівае  праграма?

— Праграма разлічана на 2 га­ды. У 10 класе вучаніцы знаёмяцца з прадметам, вывучаюць асноўны раздзел, прысвечаны аказанню першай  дапамогі ў неадкладных сітуацыях, пры розных захворваннях і станах.  Другі раздзел — лекавыя прэпараты і лекавыя расліны. І  трэці — медыка-біялагічныя    аспекты  палавога выхавання. У 11 класе ў асноўным упор робіцца на захворванні і догляд хворых і пацярпелых. Вывучаем сімптаматыку, аказанне першай дапамогі і прафілактычныя меры. Вучымся правільна рабіць ін’екцыі, цеплавыя і халадовыя працэдуры, вымяраць ціск і тэмпературу цела.

— Апошняе, мабыць, самае простае?

— Дзяўчаты таксама так думаюць  спачатку. (Усміхаецца.) Аднак, я абавязкова знаёмлю іх з нюансамі названых працэдур: якія месцы прызначаны для вымярэння тэмпературы, чаму важна агле­дзець месца пастаноўкі градусніка перад вымярэннем, як карыстацца рознымі відамі  градуснікаў — ртутным, электронным. Калі праходзім тэму ін’екцый, не толькі вучымся правільна рабіць укол, але і разбіраемся, чаму ставіць яго трэба ў пэўнае месца, шмат трэніруемся. Пры гэтым раблю акцэнт і на псіхалагічных аспектах. Дзяўчынкі — будучыя маці. Таму расказваю ім, што нельга хлусіць дзеткам, што прышчэпка — гэта не балюча, што нельга пужаць дзяцей урачамі.

— У свой час вы таксама насілі белы халат і працавалі ў медыцынскай установе.

— Так, я скончыла медыцынскі каледж імя І.П.Антонава ў Віцебску, 10 гадоў працавала акушэркай у радзільным доме і лічу гэтую прафесію адной з самых цудоўных.

— Не шкадуеце, што змянілі напрамак дзейнасці?

— Ніколькі. Я не так далёка адышла ад медыцыны. І, шчыра кажучы, вельмі  задаволена, што ёсць магчымасць рэалізоўваць сябе ў педагагічнай сферы. У свой час я вырашыла набыць прафесію рэабілітолага, таму паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. Атрыманы дыплом даў мне магчымасць право­дзіць урокі фізічнай культуры ў школе, чым я і скарысталася. З 2014 года вяла заняткі ў спецыяльнай групе, а таксама выкладала медыцынскую падрыхтоўку на базе нашага міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі. Два гады назад вырашыла цалкам прысвя­ціць сябе гэтаму кірунку.

— Напэўна, выкладаць такі прадмет без медыцынскай адукацыі было б складана?

— Пагаджуся з вамі. Кожную тэму неабходна перакласці на простую мову, зразумелую і даступную дзецям. І зрабіць гэта куды прасцей, маючы адпаведную адукацыю. Я ўвесь час чытаю і вывучаю медыцынскія артыкулы, каб быць  у курсе  навін і  змяненняў у гэтай галіне, таму што за дакладнымі ведамі і навыкамі стаіць жыццё чалавека. Узяць для прыкладу тэму сардэчна-лёгачнай  рэанімацыі. З таго моманту, як я скончыла навучанне, алгарытм яе выканання кардынальна мяняўся два разы. І гэта трэба ўлічваць абавязкова. А яшчэ вучаніцы задаюць шмат пытанняў. Многія з іх нечаканыя, складаныя, з філасофскім падтэкстам, патрабуюць юрыдычных ведаў і ведання заканадаўства. Прыемна, калі ў мяне ёсць адказ на гэтыя пытанні.

— Што-небудзь з апошняга прыгадайце, калі ласка.

— На адным з урокаў з вучаніцамі 11 класа абмяркоўвалі тэму захворванняў мачавыдзяляльнай сістэмы. І калі я засяродзіла ўвагу на тым, што такія захворванні вельмі дрэнна ўплываюць на работу нырак, дзяўчаты спачатку задалі пытанне, ці можа чалавек жыць з адной ныркай або нават без абе­дзвюх, а потым пацікавіліся  пытаннем перасадкі нырак — дзе ­браць орган, хто можа стать донарам. Было прыемна раска­заць ім пра дасягненні нашай беларускай транспланталогіі, пра  дырэктара цэнтра  транспланталогіі Алега Алегавіча Румо, пра прагрэсіўнае заканадаўства нашай краіны, якое абараняе правы і пацыента, і ўрача.

Давярай, але правярай!

— Сёння ў адкрытым доступе вельмі шмат інфармацыі, у тым ліку  па пытаннях здароўя. Дастаткова зрабіць запыт у інтэрнэце, каб атрымаць дзясяткі і нават сотні спасылак з адказамі. У такой сітуацыі знайсці дакладныя, правераныя звесткі — задача нумар адзін. Вы вучыце гэтаму дзяўчат?

— Абавязкова. На гэтым і грунтуецца мой педагагічны падыход. Мая задача — сфарміраваць у вучаніц крытычныя адносіны да інфармацыі, якую можна знайсці ў сетцы. Часам паказваю відэафрагменты, у якіх ёсць няправільныя ці некарэктныя моманты, а дзяўчатам неабходна знайсці гэтыя памылкі. Таксама даю заданне знайсці адказы на пэўнае пытанне, выкарыстоўваючы першыя 10 спасылак, якія выдаў інтэрнэт. І потым разглядаем, наколькі інфармацыя актуальная і адпавядае рэчаіснасці. Нельга адразу давяраць сайту, які стаіць першым у спісе, важна прагледзець некалькі крыніц інфармацыі і прааналізаваць яе, прачытаць розныя меркаванні, а таксама звярнуць увагу на дату, калі выкладзены артыкул, відэа ці фота.  Бывае так, што спасылка самая папулярная, але інфармацыя ўжо ўстарэла.

— У вас ёсць асабісты блог. Чым ён вам дапамагае ў рабоце?

 — Сёння вядзенне блога — гэта неабходнасць. Ён адукацыйны, адпавядае зместу вучэбнай праграмы, і ў ім дзяўчаты могуць знай­сці самую актуальную і правераную інфармацыю амаль па ўсіх тэмах. Таксама ў мяне шмат матэрыялаў на рабочым камп’ютары ў кабінеце, якія я таксама актыўна  выкарыстоўваю.

— Відэаматэрыялы не адцягваюць увагу вучаніц?

— Наадварот. Такі фармат дапамагае дзецям быць уважлівымі, сканцэнтраванымі, не размаўляць, а сачыць за тым, каб нічога не прапусціць. Мне вельмі хочацца, каб вучаніцам было цікава, каб кожная тэма выкладалася прафесійна і зразумела.  Тады ў іх абуджаецца жаданне паглыбляць свае веды, задаваць пытанні і шукаць на іх адказы.

Вольга Аляксандраўна заняла 1-е месца ў намінацыі “Свая вяршыня” ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” і восенню будзе прадстаўляць Мінск на рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года — 2023”.

 — Дазваляеце дзецям карыстацца тэлефонамі?

— Толькі ў адукацыйных мэтах. Напрыклад, калі трэба адсканіраваць QR-код. А яшчэ дзяўчаты самі здымаюць відэаролікі па некаторых тэмах. З апошняга — псіхалогія паводзін пацыентаў розных узростаў. Атрымалася цудоўна!

— Вы строгі настаўнік?

— Не думаю. Калі на першым уроку адбываецца знаёмства, кажу дзецям: я паважаю вас і было б добра, каб вы паважалі адно аднаго, а калі яшчэ і мяне, то было б проста цудоўна. Паверце, гэтага дастаткова. Калі да дзяцей адносіцца з павагай, яны гэта адчуваюць і не дазваляюць сабе некарэктных паводзін.

Калі лік ідзе на секунды

— Вольга Аляксандраўна, якая тэма самая складаная для вашых вучаніц?

— Аказанне першай неадкладнай дапамогі. І пытанне не ў тым, што яны не могуць засво­іць інфармацыю. Неабходна практыка, шмат практыкі. Я паказваю, як рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю, глядзім відэа, пішам канспекты. Здаецца, усё зразумела. А  калі дзяўчаты выходзяць да трэнажора,  аказваецца, што не ўсё так проста. Таму кажу ім: прыйшлі  дадому, узялі ў рукі любімую цацку ці падушку і адпрацоўвайце, замацоўвайце навык да аўтаматызму. У экстранных сітуацыях мы не паднімаемся да ўзроўню сваіх чаканняў, а наадварот, апускаемся да ўзроўню сваіх навыкаў. Таму важна іх адпрацаваць. Калі ў жыцці мы сутыкнёмся з бядой, у нас не будзе часу загугліць. Сапраўды, самае страшнае для чалавека — адважыцца на аказанне першай дапамогі, не разгубіцца. Пры гэтым важна памятаць самае галоўнае правіла — трэба пераканацца ў сваёй бяспецы. Калі вывучаем гэтую тэму, адразу тлумачу, як заканадаўства рэгулюе пытанне аказання неадкладнай дапамогі, у чым заключаюцца правы і абавязкі людзей. Вызваць хуткую дапамогу і  дачакацца яе — абавязак. Калі вы гатовы дапамагаць, аператар хуткай дапамогі падкажа, што рабіць, пабудзе з вамі на сувязі. Пра гэта мы таксама гаворым.

— Але ўсе сітуацыі нерэальна разгледзець…

— Канечне, але мы імкнёмся да гэтага. Утапленне, паражэнне электрычным токам, маланкай, абмаражэнне, пераломы… У жыцці сустракаюцца вельмі складаныя, трагічныя сітуацыі. І вельмі добра, што такі прадмет ёсць у нашых школах.

Груз адказнасці

— Па праграме прадугледжаны і практычныя заняткі. Што яны сабой уяўляюць?

— Практычныя заняткі прахо­дзяць на базе медыцынскіх устаноў. У чэрвені 5 дзён па 6 гадзін разам з дзяўчатамі мы наведваем розныя бальніцы і паліклінікі, з якімі наладжана супрацоўніцтва. Канечне, дзяцей не дапускаюць да сур’ёзных працэдур, але ў іх ёсць магчымасць назіраць. Асабліва гэта важна для тых, хто задумваецца над паступленнем у медыцынскія ўстановы адукацыі. Бывае, хтосьці з дзяўчат сумняваецца ў сваім рашэнні, а пасля практыкі ўсе сумненні адпада­юць. Здараецца і наадварот: дзяўчаты разумеюць, што не гатовы да такога грузу адказнасці. Атрымліваецца своеасаблівая прафарыентацыйная работа.

— Дзе ў мінулым годзе вашы вучаніцы праходзілі практыку?

— У сталічнай дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Іх, безумоўна, не пускалі ў інфекцыйныя боксы, затое правялі цікавую азнаямленчую экскурсію. Дзяўчаты былі ў аддзяленні, дзе ляжаць дзеткі-адказнікі. Памятаю, як яны дзяліліся сваімі ўражаннямі. Убачыць на свае вочы дзетак, якіх б’юць нагамі бацькі і тушаць аб іх цыгарэты… “Мы чулі пра такое, але не думалі, што такое адбываецца зусім побач…” Дзяўчаты гулялі з малымі, прыносілі ім цацкі. І нават пасля заканчэння практыкі некаторыя прадоўжылі наведваць іх у бальніцы. А гэта ўжо гісторыя пра тое, што добрае слова, добры ўчынак, усмешка могуць вырата­ваць чалавека. Хай не зараз, а ў перспектыве. І гэта таксама важна.

Марына ЖДАНАВА