Вопыт і сіла Садружнасці

- 10:15Якасць адукацыі

28—29 кастрычніка ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ праходзіў VI з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і, канечне, нашы калегі з Беларусі.

Удзельнікі абмеркавалі шляхі павышэння якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, развіццё акадэмічнай мабільнасці педагогаў на прасторах СНД, лічбавізацыю ў адукацыі, падзяліліся інавацыйнымі распрацоўкамі. На з’ездзе быў прадстаўлены лепшы вопыт краін Садружнасці з улікам нацыянальных традыцый і адаптацыі дасягненняў сусветнай практыкі.

Значнай падзеяй з’езда стала ўзнагароджанне нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі СНД” педагогаў, якія зрабілі ўклад у развіццё адукацыі на прасторы Садружнасці. Сярод 19 прадстаўнікоў, якіх уганаравалі на з’ездзе, — рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, рэктар БДПУ Аляксандр Жук і начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ Інеса Зубрыліна. 

Акрамя таго, у рамках з’езда прайшоў І Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства. Прадстаўнікі ад кожнай краіны правялі майстар-класы для калег у намінацыях: “Настаўнік”, “Выхавальнік”, “Псіхолаг/сацыяльны педагог”. Беларусь на гэтым фестывалі прадставілі фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Наш карэспандэнт працуе ў Душанбэ. Пра падрабязнасці работы з’езда чытайце ў бліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Фестываль стаў сапраўдным святам творчасці і прафесіяналізму, таму арганізатары прынялі рашэнне не вызначаць пераможцаў. У выніку ўсе педагогі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фестывалю.

Безумоўна, усе сустрэчы, дыскусіі, абмен вопытам у рамках з’езда будуць карыснымі для ўдзельнікаў, а таксама для іх краін. І канечне, нішто не заменіць жывых чалавечых зносін, падчас якіх і нараджаюцца цікавыя думкі і ідэі.

Завяршальным этапам работы з’езда стала прыняцце рэзалюцыі, у якой адлюстраваны сферы і метады ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі на тэрыторыі СНД. Усе дэлегаты прызналі, што разам многія праблемы вырашаць прасцей і хутчэй.

Як паведаміла саветнік дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Галіна Казак, прынята рашэнне VII з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў СНД правесці ў 2022 годзе ў Казахстане. Яго тэма — “Адукацыя Садружнасці Незалежных Дзяржаў у новай рэальнасці і трансфармацыя адукацыйнага працэсу ў постпандэмійны перыяд”. Па словах дэлегатаў з Казахстана, педагогаў краін Садружнасці прыме сталіца Нурсултан.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.