Вось такія яны, краязнаўцы

- 5:30Сацыяльны ракурс

З 22 па 30 чэрвеня на базе Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі праводзіўся рэспубліканскі профільны аздараўленчы летнік юных краязнаўцаў.

Рэспубліканскі летнік праводзіцца на працягу многіх гадоў. Пачатак гэтай добрай традыцыі пакладзены яшчэ ў той час, калі на базе РЦТіКНМ быў створаны аддзел края­знаўства. Калісьці на адпачынак у Мінск прыязджалі навучэнцы станцый юных турыстаў і краязнаўцаў, потым удзельнікі рэспубліканскай экспедыцыі “Наш край”, а цяпер актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, юнакі і дзяўчаты, якія на працягу года вывучалі малую ра­дзіму.

Для прызёраў края­знаўчых конкурсаў адпачынак у сталіцы — выдатная ўзнагарода за актыўную пошукавую і даследчую работу, праведзеную на працягу года. Узнагарода абавязкова павінна быць памятнай, таму арганізатары летніка намагаліся зрабіць праграму знахо­джання навучэнцаў у сталіцы як мага больш насычанай і цікавай. Вось што чакала юных края­знаўцаў, напрыклад, у аўторак 26 чэрвеня. Па-першае, гэта наведванне музея валуноў і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, па-другое, вечарына талентаў “Вечар сяброў”, потым была творчая сустрэча з вядомым тэлевядучым Андрусём Такіндангам і гуртом “Рэха”, а на заканчэнне ўсіх чакала дыскатэка. У астатнія дні былі экскурсіі па мінскіх храмах, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеі, чакалі навучэнцаў і цікавыя спектаклі ў Тэатры юнага гледача. Акрамя таго, кожны дзень быў напоўнены сустрэчамі з вядомымі тэлевядучымі, пісьменнікамі, мастакамі.

— Краязнаўчы летнік — гэта тая форма работы з навучэнцамі, якая штогод выкарыстоўваецца нашай уста­новай дадатковай адукацыі. Думаю, дні, праведзеныя ў летніку, бу­дуць для вас памятнымі, карыснымі. Праз некаторы час вы будзеце паступаць у ВНУ. Спадзяёмся, што з дапамагой края­знаўчых конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” вы выбераце сваім далейшым жыццёвым шляхам вывучэнне гісторыі, літаратуры, культуры, — звярнуўся да юных краязнаўцаў падчас закрыцця летніка дырэктар РЦТіКНМ Сяргей Сцяфанавіч Мітраховіч.

Сярод традыцыйных для рэспубліканскага летніка мерапрыемстваў, такіх як экскурсіі, краязнаўчая канферэнцыя, творчыя сустрэчы з вядомымі людзьмі, вылучаецца конкурс візітовак каманд. Менавіта гэты конкурс паказвае ўсю разнастай­насць творчай натуры юных даследчыкаў роднага краю. Аказваецца, краязнаўцы не толькі выдатна ведаюць свой край, што пацвердзілі, напрыклад, выступленні прадстаўнікоў дэлегацыі Магілёўскай вобласці з Дараганаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна (дзяўчынкі расказвалі пра сваю работу па пошуку закінутых магіл чырвонаармейцаў і партызан у дараганаўскіх лясах), а таксама падрабязны аповед пра абласны конкурс на Гродзеншчыне “Галасы гісторыі”.

Паходы па лясных і палявых сцежках з рукзакамі, велападарожжы, сус­трэчы з мясцовымі старажыламі — гэта ўсё звыклы для краязнаўцаў клопат. У людзей нярэдка складваецца ўражанне, што аматары роднага краю толькі і робяць, што ў вольны час вандруюць, праводзяць жыццё ў паходах і даследаваннях. Аднак гэта не так. Яны яшчэ і выдатна спяваюць, як, напрыклад, края­знаўцы з гімназіі № 36 імя І.Мележа Гомеля, выдатна тан­чаць, валодаюць адметнымі артыстычнымі здольнасцямі, складаюць цудоўныя вершы. А вось якімі яшчэ словамі ахарактарызавала юных краязнаўцаў начальнік летніка Аляксандра Яўгенаўна Кравец:

— Усе вы ўмееце слухаць дарослых, сябраваць, вучыцца жыццю, а яшчэ вы ўмееце вандраваць і рабіць краязнаўчыя адкрыцці. Сёння адны з  лепшых краязнаўцаў Брэстчыны — гэта хлопчыкі і дзяўчынкі з сярэдняй школы № 33 Брэста. Яны добразычлівыя, адкрытыя, сур’ёзныя, разважлівыя і шчырыя. Полацк — самы лепшы горад на зямлі, як паведамілі нам у гімназіі № 2 гэтага старажытнага горада. Рэдка сустрэнеш людзей, у якіх усё так гарманічна спалучаецца: і артыстызм, і сур’ёзнасць у краязнаўчай рабоце, і шчырасць душы. Навучэнцы Гомельшчыны з першага дня ўразілі сваёй адкрытасцю. Гэта гарманічны калектыў, сапраўднае суквецце талентаў, палёт творчай фантазіі, яднанне душ. Вы рас­квецілі наш летнік сваім каларытам. Ці знойдзеш на Гродзеншчыне такіх прываблівых дзяўчынак і такіх жартаўлівых хлопцаў, як вучні сярэдняй школы № 2 Свіслачы і ліцэя № 1 Ліды?.. Магілёўскую вобласць прыехалі прадстаўляць хлопчыкі і дзяўчынкі з Асіповіцкага раёна. Яны добра ведаць беларускую мову, выдатна спяваюць, выбіраюць для краязнаўчых даследаванняў сур’ёзныя тэмы. Гэтыя словы можна сказаць і пра юных краязнаўцаў з Дзяржынскага, Стаўбцоўскага, Уз­дзенскага раёнаў Мінскай вобласці.

У сваю чаргу ад імя навучэнцаў і педагогаў добрыя словы падзякі ў адрас арганізатараў летніка выказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры і польскай мовы кіраўнік узорнага вакальнага калектыву “Амялушкі” гімназіі № 36 імя І.Мележа Гомеля Вольга Васільеўна Яўсеенка. Падчас закрыцця летніка прагучала адна цікавая думка. Было б цудоўна, каб такія краязнаўчыя летнікі праводзіліся не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на абласным і раённым. Гэта, несумненна, спрыяла б папулярызацыі краязнаўчага руху, выхаванню ў моладзі любові да роднага краю.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by