Востраў стане архіпелагам

- 12:36Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканскі семінар “Сістэма работы Віцебскай вобласці па выхаванні ў вучняў культуры энерга- і рэсурсаспажывання: расходуем рэсурсы рацыянальна” адбыўся на Віцебшчыне ў рамках форуму “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы”. У першы дзень работы семінара гасцей запрасілі азнаёміцца з дзеючымі пляцоўкамі форуму, у тым ліку выставай “Інавацыйныя энерга-, рэсурсазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы” і “Энергазберажэнне вачыма новага пакалення”, прыняць удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Энергарэсурсазберажэнне-2015”, а таксама наведаць будаўнічую пляцоўку Віцебскай ГЭС. Удзельнікі семінара сталі сведкамі адкрыцця першага ў паўночным рэгіёне вучэбна-дэманстрацыйнага рэсурснага цэнтра па энергазберажэнні на базе сярэдняй школы № 12 Віцебска.

— Я маю гонар павіншаваць арганізатараў, адміністрацыю школы, калег настаўнікаў, прадстаўнікоў бізнесу з новым, вельмі патрэбным і карысным адкрыццём, — адзначыла начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава Ірына Сямко. — Хачу запэўніць: наш універсітэт гатовы аказваць гэтаму цэнтру ўсебаковую навукова-метадычную дапамогу на працягу ўсяго часу яго работы і пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нарвегія, Нарвежскага аб’яднання аховы прыроды.
У рамках Міжнароднага праекта “Школьная праграма выкарыстання рэсурсаў і энергіі” (ШПВРЭ) Ірына Сямко ўручыла рэсурснаму цэнтру сертыфікат на 8 тысяч еўра і выказала спадзяванне, што ён будзе астраўком энергаэфектыўнасці не толькі ў школе, але і ў мікрараёне.
— Поўнасцю згодны, але думаю, што мы на ўзроўні вострава не спынімся — распрацаваныя планы і праекты дазваляюць разлічваць як мінімум на архіпелаг, — падтрымаў і дапоўніў ідэю начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Павел Краско. — Думаю, што ў нас гэта атрымаецца. З 2005 года мы ўдзельнічалі ў эксперыменце і апрабоўвалі курс “Асновы энергаэфектыўнасці”: былі задзейнічаны ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы з 8 па 11 клас асвойвалі экалагічную граматнасць. У 2008 годзе наш раён актыўна далучыўся да мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рамках “Энергамарафону”, і нярэдка мы займалі лідзіруючыя пазіцыі ў конкурсе. Лагічным завяршэннем было тое, што ў 2013 годзе дзве ўстановы адукацыі — сярэдняя школа № 12 і сярэдняя школа № 35 — далучыліся да рэспубліканскага інавацыйнага праекта па рэсурса- і энергазберажэнні. Інавацыя, дарэчы, паспяхова праходзіць і адаптуецца ў нашым раёне. Хачу выказаць бязмерную падзяку дэпартаменту па энергаэфектыўнасці, абласному ўпраўленню па кантролі за расходаваннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, упраўленню адукацыі аблвыканкама, таму што без дапамогі і актыўнага садзейнічання гэтых структур, а таксама без падтрымкі абласнога інстытута развіцця адукацыі гэты астравок энергаэфектыўнасці ў яго сённяшнім выглядзе не змог бы адбыцца. Думаю, што мерапрыемствы, накіраваныя на энерга- і рэсурсазберажэнне, будуць рэалізоўвацца на базе цэнтра ў маштабах не толькі Першамайскага раёна, але і горада, а ў перспектыве — вобласці.
З сістэмай работы Віцебскай вобласці па выхаванні ў вучняў культуры энерга- і рэсурсаспажывання ўдзельнікаў семінара пазнаёміў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Вопытам па стварэнні ва ўстанове адукацыі інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя па энергазберажэнні, укараненні нетрадыцыйных крыніц энергіі ў забеспячэнне вучэбна-вытворчага працэсу падзяліліся дырэктар сярэдняй школы № 12 Марына Навіцкая, метадыст Віцебскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання імя М.Ф.Шмырова Ганна Стукальцава і дырэктар Відзаўскага дзяржаўнага ПТК Міхаіл Смірноў. Яркім заключным акордам семінара стала цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.