Вучацца настаўнікі

- 11:30Адукацыйная прастора

На базе гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна ў рамках праграмы абмену педагагічным вопытам адбыўся Міжнародны навукова-практычны семінар “Прафесійнае развіццё педагога”, арганізаваны Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Маскоўскім інстытутам прафесійнага развіцця педагога. У семінары ўзялі ўдзел больш за 100 настаўнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі Віцебска, Полацка, Оршы, Ушач, Глыбокага, Жлобіна, Гомеля, Добруша, Бабініч, а таксама педагогі з Масквы.

Удзельнікаў семінара віталі дырэктар гімназіі № 3 Віцебска Людміла Васільеўна Сомава, а таксама загадчык кафедры педагогікі, псіхалогіі і прыватных методык Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Уладзіміраўна Гелясіна.

З даклалам “Арганізацыя выкладчыцкай дзейнасці настаўніка па фарміраванні ў школьнікаў умення вучыцца” выступіла Вольга Міхайлаўна Каламіец, дырэктар Маскоўскага інстытута прафесійнага развіцця педагогаў, ганаровы работнік агульнай адукацыі, навуковы кіраўнік Міжнароднага кластара “Прафесійнае развіццё педагога”.

Галоўнай ідэяй семінара было стварэнне ўмоў для прафесійнага дыялогу настаўнікаў школ і кіраўнікоў адукацыйных устаноў па надзённых пытаннях мадэрнізацыі агульнай сярэдняй адукацыі, матывацыі педагогаў да іх прафесійнага самаразвіцця для вырашэння сацыяльнага заказу грамадства ў сістэме школьнай адукацыі.

Педагагічныя майстэрні ўключалі праектаванне вучэбных заняткаў, наведванне майстар-класаў маскоўскіх педагогаў “Сістэма ўмоў развіцця ў школьніка ўменняў вучыцца на ўроку”, а таксама рэфлексія выкладчыцкай дзейнасці. Сваім вопытам падзяліліся настаўнікі гімназіі № 3 Віцебска, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый вучняў ва ўмовах профільнага навучання”.

У рамках панэльнай дыскусіі і ў рэжыме адкрытага мікрафона педагогі абмяняліся думкамі па надзённых праблемах сярэдняй адукацыі і выказалі жаданне працягваць сеткавае ўзаемадзеянне паміж адукацыйнымі ўстановамі Масквы і Віцебска.

Семінар быў карысны для педагогаў-прадметнікаў і пакінуў станоўчыя ўражанні. Па словах удзельнікаў, ён адкрыў для беларускіх педагогаў новыя формы правядзення ўрокаў, падыходы і спосабы ўзаемадзеяння з навучэнцамі, дапамог асвоіць новыя методыкі распрацоўкі ўрокаў і падказаў шляхі арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці на ўроку.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска.