Падсолтаўская сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна маленькая, але ўнікальная навучальная ўстанова. Тут ужо чатыры гады дзейнічае вучэбны пчальнік, адзіны такі на ўсю Магілёўскую вобласць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ідэя стварэння пчальніка ўзнікла, калі вызначаліся з профілем праграмы прафесійнай падрыхтоўкі вучняў. Раён у нас сельскагаспадарчы, таму выбіралі сярод аграрных спецыяльнасцей. Для арганізацыі навучання ў кірунку механізацыі патрэбна была істотная матэрыяльная база, агародніцтва не вельмі прываблівала дзяцей. А калі прапанавалі вучыцца пчалярству, дзеці ўспрынялі гэта з энтузіязмам, — паведаміў дырэктар Сяргей Лабанаў.
Пчальнік настаўнікі і вучні ўзводзілі цалкам уласнымі сіламі. У майстэрні па працоўным навучанні стваралі вуллі, рамкі для мёду. Зараз на спецыяльна адведзеным кутку прышкольнай тэрыторыі жывуць чатыры пчаліныя сям’і.
— Пчальнік — гэта своеасаблівая вучэбна-доследная лабараторыя для адпрацоўкі вучнямі практычных навыкаў у ходзе асваення рабочай спецыяльнасці “Пчаляр”. Старшакласнікі вучацца ажыццяўляць догляд пчол, прымаюць удзел у фарміраванні адводаў і адпампоўцы мёду. Гэтыя ўменні дзеці адточваюць на працягу двух гадоў, пасля здаюць экзамен і атрымліваюць кваліфікацыю пчаляра 3-га разраду, — расказаў Сяргей Генадзьевіч.
У Падсолтаўскай школе падрыхтавалі ўжо два выпускі маладых пчаляроў. З 12 выпускнікоў сямёра працягнулі адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, вырашылі звязаць прафесійную дзейнасць з аграпрамысловым комплексам.
— Веданне пчалярства заўсёды спатрэбіцца. У нашай мясцовасці шмат натуральных меданосаў. Магчыма, для каго-небудзь з выпускнікоў гэты промысел стане асноўнай жыццёвай справай, — адзначыў Сяргей Лабанаў.
Сёлета 10-га класа ў школе няма, але навучанне пчалярству тут не спынілася. У верасні пачаў функцыянаваць гурток “Юны пчаляр”.
— Аб’яднанне па інтарэсах наведваюць вучні 5—9 класаў. З імі мы пакуль займаемся больш тэорыяй. Усю зіму шчыравалі над стварэннем яшчэ аднаго вулля. Вырабляем таксама рамкі, прыстасаванні для пчалярства. У найбліжэйшы час плануем пашырыць школьны пчальнік, — падзяліўся настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Арлоў.

Па словах дырэктара, гурток служыць ранняй прафарыентацыяй дзяцей. Наглядным чынам ва ўстанове спадзяюцца зноў зацікавіць навучэнцаў і аднавіць падрыхтоўку пчаляроў.
— Актыўна ўзаемадзейнічаем з рэспубліканскім аб’яднаннем “Беларускія пчаляры”, выкладчыкамі БДСХА. Пчалярства часта становіцца асноўнай тэмай дзіцячых даследаванняў. Апошняя работа па вывучэнні прадуктаў праполісу для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін была ўзнагароджана прызавым дыпломам на вобласці. Распрацоўку настаўніцы біялогіі Аксаны Дзядовікавай і васьмікласніка Міхаіла Дубяга заўважылі і на рэспубліцы, — расказаў Сяргей Генадзьевіч.
За пасільнай працай на пчальніку падсолтаўскія навучэнцы праводзяць нават летнія канікулы. Найбольш падабаецца дзецям збор мёду. Аб’ёмы гэтага салодкага ласунку атрымліваюць пакуль невялікія. Мёд выкарыстоўваюць у школьнай сталовай, прадстаўляюць на выставе-дэгустацыі на “Рыцарскім фэсце” ў Мсціславе.
У планах школы — паспрабаваць арганізаваць вучэбную бізнес-кампанію. Педагагічны калектыў установы ўпэўнены: магчымасць рэалізоўваць прадукцыю будзе яшчэ больш прыцягваць навучэнцаў да сельскагаспадарчых прафесій, пакажа ім перспектывы працы на роднай зямлі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





