Вучняў Кадзінскай школы да асэнсавання сямейных каштоўнасцей далучаюць з дапамогай праекта «Дамастрой»

- 14:31Образование, Приложение, Шестой день

Удзельнікамі праекта сталі вучні 9—11 класаў Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты“.

— У апошні час у грамадстве назіраецца рост колькасці разводаў. Напрыклад, у нас 32 % вучняў растуць у няпоўных сем’ях. Мы лічым, што гэтая негатыўная тэндэнцыя ўтварылася з-за страты культуры сямейных і шлюбных адносін, адарванасці ад спрадвечных духоўных каранёў. Паўплываць на сітуацыю можна, толькі загадзя закладваючы ў вучняў уяўленні аб сямейным жыцці. Пачынаць гэта рабіць трэба яшчэ ў школе. Наш праект атрымаў назву “Дамастрой” не выпадкова. Так называлася кніга сярэдзіны XVI стагоддзя, дзе былі сабраны правілы і парады па ўсіх напрамках сямейных узаемаадносін, уключаючы грамадскія, гаспадарчыя і рэлігійныя пытанні, — расказала аўтар ідэі, настаўніца англійскай мовы Кадзінскай школы Людміла Кашырына.

Падрыхтоўку старшакласнікаў да сямейнага жыцця педагогі ажыццяўлялі праз розныя выхаваўчыя мерапрыемствы.

— Упор зрабілі на выбудоўванне даверлівых зносін з навучэнцамі. Шырока выкарыстоўвалі такія формы работы, як адкрытыя дыялогі, круглыя сталы, дыскусіі. Кожная размова была тэматычнай, з запрашэннем адпаведных спецыя­лістаў. Падчас сустрэч юнакі і дзяўчаты не толькі даведваліся пра нешта новае, але і выказвалі ўласнае меркаванне наконт матэ­рыялу, які вывучаецца. Вялікую зацікаўле­насць у падлеткаў вык­лікалі гутаркі аб каханні і яго праяўленнях. Водгук у душах моладзі знайшло таксама вывучэнне свайго радаводу. Вельмі спадабаліся вучням рэгулярныя майстар-класы, дзе можна было набыць розныя бытавыя навыкі. Значна, што да ўсіх мерапрыемстваў суботняга праекта актыўна далучаліся бацькі. Свое­асаблівыя сямейныя вячоркі дазволілі мамам і татам па-новаму пагля­дзець на сваіх дзяцей, а дзецям — на бацькоў, — адзна­чыла Людміла Іванаўна.

У рамках рэалізацыі праекта сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця школьнікі даведваліся і ў прадстаўнікоў духавенства. Ра­зам з педагогамі юнакі і дзяўчаты пабывалі ў многіх праваслаўных храмах роднага раёна, свяшчэннаслужыцелі якіх падзяліліся з моладдзю сваім меркаваннем пра асновы гарманічных сямейных адносін.

— Праект дазволіў сфарміраваць у навучэнцаў правільныя паняцці аб шчаслівай моцнай сям’і. Нашы суботнія мерапрыемствы павысілі ў вучняў прэстыж шлюбу, заклалі такія якасці, як працаві­тасць, цярпенне, любоў і павага да блізкіх. Гэтыя каштоўнасці  дзеці плануюць ўзяць за аснову ў пабудове сямейных узаемаадносін зараз і ў будучыні. Менавіта ў гэтым галоўны вынік усёй праведзенай работы. Дарэчы, рэалізацыю “Дамастрою“ плануем працягваць і далей, — падкрэсліла Людміла Кашырына.

Ганна СІНЬКЕВІЧ