Вучыць асабістым прыкладам

Настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 21 Магілёва Валерый Ігнаценка лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Шчаслівым па той прычыне, што займаецца справай, якую любіць, да якой ляжыць душа.

Сёння Валерый Васільевіч у літаральным сэнсе жыве школай, сваімі вучнямі. Аднак так было не заўсёды. Маючы педагагічную адукацыю, настаўнічаць ён стаў праз гады прафесійных пошукаў.

— Скончыўшы гістфак МДУ імя А.А.Куляшова, я не планаваў ісці ў школу, не бачыў сябе тады настаўнікам. Доўгі час працаваў у розных сферах, але ў выніку вярнуўся ў сістэму адукацыі. У канцы 90-х прыйшоў у дваццаць першую школу горада ў якасці настаўніка тэхнічнай працы і зразумеў, што тут сапраўды маё месца, менавіта ў гэтай працы маё прызванне, — успамінае педагог.

Зараз за плячыма Валерыя Васільевіча — больш за 18 гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. За гэтыя гады ён выпрацаваў уласную методыку далучэння вучняў да працы. У яе аснове — дысцыпліна і парадак на занятках, а таксама асабісты прыклад настаўніка ва ўсім.

— Толькі асабістым прыкладам можна прывіць вучням павагу да працы, навучыць неабходным жыццёвым навыкам, выхаваўшы іх дастойнымі людзьмі і грамадзянамі, — упэўнены Валерый Ігнаценка.

Педагог імкнецца да таго, каб заўсёды весці дзяцей за сабой. І, трэба сказаць, у яго гэта атрымліваецца. Валерый Васільевіч умее захапіць прадметам. Ён пераконвае хлопчыкаў у тым, што ўрокі працы не менш значныя, чым заняткі па матэматыцы або біялогіі, бо ўменні, атрыманыя на іх, спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Выкарыстоўваючы розныя творчыя метады, ён робіць больш простым для ўспрымання часта даволі складаны тэарэтычны матэрыял. Практычныя заданні яго вучні выконваюць у малых групах. Так дзеці вучацца працаваць у калектыве. Разам з тым настаўнік да кожнага хлопца шукае індывідуальны падыход, стараецца раскрыць яго здольнасці і таленты.

Як вынік — навучэнцы з цікавасцю займаюцца працоўнай дзейнасцю, прычым не толькі непасрэдна на занятках, але і ў пазаўрочны час. Звыш 40 школьнікаў штогод наведваюць арганізаваны Валерыем Ігнаценкам гурток па макетаванні. Разам з любімым настаўнікам хлопцы робяць макеты вядомых архітэктурных збудаванняў роднай Магілёўшчыны.

Аб’яднанне па інтарэсах дапамагае педагогу выявіць адораных вучняў. З імі Валерый Васільевіч вядзе больш дэталёвую работу: сустракаецца на дадатковых занятках, рыхтуючы іх да ўдзелу ў алімпіядным руху і розных творчых конкурсах. Гэты неардынарны настаўнік праводзіць у школе, побач з вучнямі, не толькі працоўны, але і большую частку свайго вольнага часу. У будні ў яго штодзённыя ўрокі і факультатыўныя заняткі, у выхадныя — заняткі ў гуртку. Нават у адпачынку Валерый Ігнаценка перыядычна заходзіць у свае майстэрні: дапамагае з рамонтам, падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Калі ж застаецца час, настаўнік прысвячае яго паэзіі. Ён з’яўляецца членам гарадскога літаратурнага аб’яднання “Магістраль” і піша выдатныя вершы.

Захопленасць і добрасумленнасць Валерыя Ігнаценкі настаўніцкай працай прыносіць адпаведны вынік. Ён удастоены званняў “Майстар — залатыя рукі” і “Лепшы па прафесіі”, узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад і Міністэрства адукацыі. Штогод яго навучэнцы становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, пераможцамі творчых конкурсаў розных узроўняў. Адметна, што Валерый Васільевіч не проста раскрывае таленты вучняў, але і дапамагае ім знайсці сябе. Удзячныя выпускнікі не забываюць гэтага і падтрымліваюць сувязь з былым настаўнікам.

— Валерый Васільевіч — выдатны педагог. Дзякуючы яму, я ў свой час стаў пераможцам абласнога і заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. А школьнае захапленне макетаваннем перарасло ў прафесію, — адзначае выпускнік школы 2009 года Ігар Рачынскі.

Поспехі вучняў заўсёды радуюць Валерыя Ігнаценку. Іх дасягненні натхняюць яго нават больш, чым свае ўласныя.

— За пяць гадоў навучання вучні становяцца мне амаль як сыны. Я заўсёды бязмерна рад любой заваяванай імі вучэбнай ці працоўнай вышыні. Гэта гаворыць пра тое, што гады маёй працы з імі не прайшлі дарма, — перакананы Валерый Васільевіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.