У школе мне пашанцавала з настаўніцай біялогіі. На ўрокі Алены Ягораўны Градоўкінай, якая сёння працуе ў брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна, заўсёды ішоў з ахвотай. Менавіта дзякуючы асобе педагога біялогія была адным з любімых прадметаў. Актыўная, энергічная, адказная, патрабавальная, справядлівая… І амаль праз 20 гадоў пасля заканчэння школы з цеплынёй згадваю ўрокі гэтай настаўніцы.
Вучням Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава таксама пашанцавала з настаўніцай біялогіі. “Педагог навучыла нас думаць і працаваць”, “Настаўніца выкладае матэрыял даходліва, лёгка і зразумела, у цікавых і незвычайных параўнаннях”, “Структураваныя канспекты, прапанаваныя настаўніцай, дапамагаюць добра рыхтавацца да ўрокаў”, “Гэта прыклад таго, як трэба вучыць і адносіцца да прафесіі”, — гавораць удзячныя выхаванцы Ірыны Нічыпараўны Богдан.
— Заўсёды любіла вучыцца, даведвацца штосьці новае, — прызнаецца педагог з 30-гадовым стажам. — Наша сям’я жыла на хутары, таму ў дзіцячы сад я не хадзіла. Калі старэйшыя браты прыходзілі са школы і вучылі ўрокі, далучалася да іх. У выніку ў 6 гадоў ужо ўмела чытаць і пісаць. У дзяцінстве вельмі любіла гуляць з братамі ў школу. Праўда, яны заўсёды ставілі мне “двойкі”, забываючы пра мой узрост.
У школе дзяўчынцы падабаліся прадметы фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага цыкла. Настаўніца хіміі Валянціна Іванаўна Майсейчык з тагачаснай сярэдняй школы № 1 Іванава (сённяшняя гімназія) давала трывалыя і грунтоўныя веды, ніколі не павышала голасу, была вельмі патрабавальнай. Для Ірыны Нічыпараўны гэта прыклад сапраўднага педагога.
Пасля заканчэння прыродазнаўчага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна І.Н.Богдан 25 гадоў працавала ў сярэдняй школе № 3 Ганцавіч. Настаўніца з цеплынёй згадвае дружны і таленавіты калектыў навучальнай установы, дзе сцвердзілася як педагог і пераканалася ў правільным выбары прафесійнага шляху. У Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава Ірыну Нічыпараўну запрасіла 4 гады назад тагачасны дырэктар Н.М.Альхіменка.
— У рабоце выкарыстоўваю элементы тэхналогіі праблемнага навучання, крытычнага мыслення і поўнага засваення ведаў, якія даказалі найбольшую эфектыўнасць у выкладанні біялогіі, — гаворыць І.Н.Богдан. — Адным з важных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца алімпіядная і навукова-даследчая работа вучняў, якія актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах і канферэнцыях рознага ўзроўню. Так, адзінаццацікласніца Вера Аляксейчык на сёлетнім Рэспубліканскім злёце юных эколагаў атрымала дыплом І ступені.
Ірына Нічыпараўна падрыхтавала 31 пераможца абласнога і 10 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама 6 пераможцаў абласной алімпіяды па пытаннях здаровага ладу жыцця. “Калі працую з алімпіяднікамі, заўсёды накіроўваю іх на вынік. Калі бачу, што ў нейкага дзіцяці не атрымліваецца, абавязкова мяняю напрамак яго дзейнасці. Нагрузка павінна быць па сілах”, — упэўнена педагог, якая не любіць ацэньваць вучняў і ставіць ім адзнакі, бо лічыць, што немагчыма аб’ектыўна ацаніць веды за кароткі час, адведзены для апытання.
— Сапраўдны педагог павінен шчыра любіць дзяцей, быць строгім і справядлівым — прафесіяналам сваёй справы, — гаворыць Ірына Нічыпараўна. — Заўсёды кажу дзецям, што не важна, якую прафесію яны выберуць, галоўнае — ста ць сапраўдным майстрам у ёй, які будзе атрымліваць задавальненне ад любімай работы. Такія спецыялісты запатрабаваны ва ўсе часы.
І.Н.Богдан пастаянна займаецца самаадукацыяй. Без гэтага, лічыць настаўніца, немагчыма захаваць прафесійную вышыню. Ірына Нічыпараўна любіць чытаць спецыялізаваную літаратуру з розных галін навукі. Кругагляд педагога надзвычай шырокі. З ёй цікава пагаварыць не толькі пра апошнія дасягненні ў біялогіі, але і пра мастацкія творы пэўнага пісьменніка.
Педагагічная дзейнасць выдатніка адукацыі Беларусі І.Н.Богдан адзначана шматлікімі граматамі і ганаровымі граматамі, у тым ліку галіновага міністэрства. Ірына Нічыпараўна — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, удзельніца раённага і абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.