Вучыць думаць нестандартна

- 11:49Людзі адукацыі, Рознае

За акном прыгожы майскі дзень, хутка званок, а ў адным з кабінетаў магілёўскай гарадской гімназіі № 1 плённа ідзе вучэбны працэс. Вучні захоплена імкнуцца зразумець складаную матэматычную тэму. Усе з цікавасцю ўключаны ў работу: яны абменьваюцца думкамі, шукаюць спосабы рашэння задач. Заняткі адбываюцца ў форме дыялогу, месцамі нават дыскусіі, бо навучэнцы не проста прапаноўваюць варыянты рашэнняў, а актыўна адстойваюць свой пункт гледжання. Так праходзяць усе ўрокі настаўніка матэматыкі Якава Слаіна. Гэты педагог імкнецца да таго, каб вучні вынеслі з заняткаў максімум ведаў.

Сёння Якаў Іосіфавіч — педагог з больш чым трыццацігадовым стажам. Але ж у дзяцінстве ён нават не думаў, што будзе настаўнічаць.

— Са школьных гадоў захапляўся матэматыкай. Прыкладам для мяне з’яўляўся дзядзька, які быў выдатным настаўнікам гэтага профілю. Напэўна, гэта і адыграла сваю ролю пры выбары прафесіі, — разважае Якаў Слаін.

Свой працоўны шлях пасля паспяховага заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта МДУ імя А.А.Куляшова ён пачаў у Горацкім педагагічным каледжы. Там і адбыўся як педагог, бо тагачаснае кіраўніцтва ўстановы аказвала маладым спецыялістам падтрымку ў прафесійным станаўленні. Працоўныя гады ў каледжы Якаў Іосіфавіч успамінае як перыяд адточвання педагагічнага майстэрства, назапашвання і ўдасканалення методык выкладання. Дарэчы, у рэжыме развіцця ён не перастае знаходзіцца і цяпер.

Многія сучасныя дзеці лічаць матэматыку складаным прадметам. Настаўнік кожны свой урок імкнецца зрабіць для навучэнцаў цікавым.

— Каб вучню было цікава, ён павінен выразна разумець тое, што вывучаецца на занятках. Дасягнуць гэтага можна шляхам стараннага і мэтазгоднага падбору задач, — гаворыць Якаў Слаін.

У гэтым заключаецца аўтарская методыка навучання матэматыцы, распрацаваная педагогам. На ўроках ён фарміруе ў вучняў уменні нестандартна думаць. Робіць гэта, прапаноўваючы дзецям рашэнне шматлікіх спецыяльна падабраных апорных заданняў. Рашаючы, навучэнцы назапашваюць пэўны матэматычны вопыт, які ў далейшым спрыяе генерацыі іх уласных прадукцыйных ідэй і спосабаў рашэння.

На сваіх занятках Якаў Іосіфавіч часта прымяняе метад стварэння праблемных сітуацый, а таксама матывуе дзяцей на самастойны пошук ведаў. Падобны падыход актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, развівае іх лагічнае мысленне. Дзеці вучацца супастаўляць, параўноўваць розныя варыянты рашэнняў, абгрунтоўваць сваю думку. Як вынік — у класах Якава Слаіна дастаткова высокі ўзровень паспяховасці.

— У нас матэматыка — самы любімы прадмет. Якаў Іосіфавіч заўсёды выкладае вучэбны матэрыял цікава і зразумела. А яшчэ ён дапамог нам добра падрыхтавацца да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе, — падзяліліся дзевяцікласнікі Мацвей Станкевіч і Марыя Школьнік.

Паглыбленае вывучэнне матэматыкі з адоранымі дзецьмі — важны напрамак педагагічнай дзейнасці настаўніка. Гэтую работу Якаў Іосіфавіч будуе на прынцыпах мэтанакіраванасці, сістэмнасці, з улікам унутрыпрадметных сувязей. З высокаматываванымі навучэнцамі ён штотыдзень сустракаецца на факультатывах і індывідуальных занятках, а ў канікулярны час праводзіць своеасаблівыя трэніровачныя зборы. Карпатлівая работа прыносіць адпаведны вынік. Вучні Якава Слаіна перыядычна становяцца пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай і міжнародных матэматычных алімпіяд. Так, толькі ў гэтым навучальным годзе 5 школьнікаў сталі прызёрамі абласнога, а 2 заваявалі пераможны дыплом і заахвочвальны водгук на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. І такія поспехі ў вучобе выхаванцы Якава Іосіфавіча дэманструюць з году ў год. Для настаўніка ж дасягненні вучняў — галоўная педагагічная перамога.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.