Вучыцца па STEM-тэхналогіях

- 14:26Адукацыйная прастора

Настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Ашмян Святлана Аляксандраўна Бабраўніцкая ў ліку яшчэ дзесяці настаўнікаў краіны прызнана “STEM-лідарам-2018”.


Святлана Аляксандраўна Бабраўніцкая.

Асацыяцыя па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій “Адукацыя для будучыні” ў верасні — снежні 2018 года праводзіла конкурс “Хачу вучыцца ў STEM-класе” сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мэта STEM-цэнтраў — даць школьнікам магчымасць набываць веды і асвойваць навыкі, неабходныя для жыцця ў тэхналагічным грамадстве будучыні.

Конкурс “Хачу вучыцца ў STEM-класе” складаўся з двух этапаў. На першым этапе ўстанове адукацыі неабходна было падаць заяўку на
ўдзел у конкурсе і даць відэаролік, які паказвае, чаму нам бы хацелася вучыцца ў STEM-цэнтры (па выніках першага тура 8 устаноў Гродзенскай вобласці, у тым ліку і наша школа, прайшла ў другі этап). На другім этапе неабходна было правесці STEM-урок і падаць матэрыялы да яго.

На другім этапе на конкурс быў прадстаўлены ўрок па хіміі ў 7 класе па тэме “Кісларод як простае рэчыва. Кісларод у прыродзе. Паветра як сумесь газаў”. Праводзіла ўрок хіміі Святлана Аляксандраўна Бабраўніцкая, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Ашмян. Пры правядзенні ўрока педагог выкарыстала элементы STEM-падыходу: міжпрадметныя сувязі, арыентаванасць на практычную праблему, выкарыстанне праектнага падыходу і каманднай работы, высокую ступень самастойнасці навучэнцаў у пошуку адказаў і рашэнняў, выкарыстанне лічбавых сродкаў рашэння задачы.

У канцы снежня мінулага года асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” абвясціла пераможцаў і прызёраў конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. Па выніках конкурсу былі адабраны 10 беларускіх школ, у якіх у 2019 годзе будуць адкрыты STEM-цэнтры. За асабістую ініцыятыву і ўклад у развіццё STEM-адукацыі ў 2018 годзе Святлана Аляксандраўна прызнана “STEM-лідарам-2018”.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.