Звычайна лічыцца, што вуліца добраму не навучыць, маўляў, дзіця звяжацца з дрэннай кампаніяй або да яго прычэпяцца хуліганы. Карацей, няма там чаго рабіць, на той вуліцы. Бясспрэчна, у такім меркаванні ёсць пэўная доля ісціны. Гэта разумеюць і будучыя педагогі — студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, валанцёры праекта “Дзеці сталіцы”. Нездарма адна з галоўных задач праекта — прафілактыка дэвіянтных паводзін дзяцей і падлеткаў.
Праект дзейнічае ўжо 13-ы год. Сёлета ён выйшаў на новыя рубяжы і ахоплівае больш раёнаў сталіцы, чым гэта было раней: Маскоўскі, Кастрычніцкі, Фрунзенскі — усяго мікрараёны 12 сталічных школ і гімназій. Мы завіталі ў школу № 9 Маскоўскага раёна, што па вуліцы Ежы Гедройца, дзе, дарэчы, адбылося ганаровае адкрыццё сёлетняга этапу праекта. У дзень свайго візіту мы засталі тут валанцёраў, якія, як і ўсе добраахвотнікі, спачатку прайшлі конкурсны адбор, а потым навучаліся ў “Школе важацкага майстэрства” пры БДПУ. У школе валанцёры (сёлета іх каля 100 чалавек, а жадаючых было не менш за 150) вырашаюць арганізацыйныя пытанні, вывучаюць асновы медыцынскай дапамогі ў крызісных сітуацыях, наведваюць лекцыі па арганізацыі масавых мерапрыемстваў і арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў.
— Праект “Дзеці сталіцы” — для школьнікаў, якія летам засталіся ў горадзе, перш за ўсё падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, ці з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — тлумачыць кіраўнік праекта педагог-псіхолаг псіхалагічнай службы БДПУ Вольга Рыгораўна Маліннікава. — Аднак мы запрашаем усіх жадаючых, бо гэта не фармальная арганізацыя адпачынку, а свабодны выбар бацькоў і дзяцей.
Каб як мага больш людзей даведалася пра такую магчымасць, валанцёры прыходзяць у двары жылых дамоў, што побач са школамі, запрашаюць дзяцей, раздаюць запрашэнні бацькам, размяшчаюць аб’явы ў сацыяльных сетках, на сайтах школ, у іх фае і г.д. Вось і ў 9-й школе на ўваходных дзвярах мы адразу ж заўважылі адпаведную аб’яву. Валанцёрскі міні-атрад у гэтай школе складаецца са студэнтаў розных факультэтаў. Гэта і будучыя псіхолагі, і сацыяльныя педагогі, і фізікі з матэматыкамі, і навучэнцы іншых факультэтаў педуніверсітэта. Некаторыя студэнты працуюць тут першы раз, але ёсць і тыя, хто задзейнічаны ў атрадзе не ўпершыню, як, напрыклад, Веста Васілеўская, якая вучыцца на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій.
На заняткі з валанцёрамі прыходзяць самыя розныя дзеці. Так, у той дзень, калі мы прыйшлі ў школу, тут былі дзве сястры, чыя сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Адна дзяўчынка зусім нядаўна была вернута ў сям’ю з сацыяльнага прытулку, дзе знаходзілася шэсць месяцаў. Яшчэ адна дзяўчынка расказала, што на канікулах жыве ў бабулі, дом якой знаходзіцца побач са школай. Бабуля і расказала ўнучцы пра валанцёраў. Былі, зразумела, і дзеці, якія прыйшлі сюды проста так, каб заняцца чым-небудзь цікавым, пакуль бацькі на рабоце. “Я сюды хаджу ўжо тры гады запар, — расказала шасцікласніца Саша. — Мне тут падабаюцца гульні, выступленні, а мая самая любімая гульня — “Музычныя крэслы”.
— Праект надзвычай актуальны і карысны, — гаворыць намеснік дырэктара сярэдняй школы № 9 па выхаваўчай рабоце Ірына Канстанцінаўна Ваўчанкова. — Дзеці нават з нядобранадзейных сем’яў самі прыходзяць сюды, ніхто іх, канечне, не прымушае. Значыць, праект працуе, выконвае сваю задачу.
Сёлета праект “Дзеці сталіцы” праходзіць з 1 да 29 ліпеня кожны будны дзень з 10 да 14 гадзін. Валанцёры праводзяць са школьнікамі любога ўзросту пазнавальныя віктарыны, інтэлектуальныя гульні і турніры, дыягнастычнае тэсціраванне, трэнінгі, конкурсы, гульні, творчыя майстэрні, спартыўныя спаборніцтвы, заахвочваюць іх да ўдзелу ў спартыўна-адукацыйным праекце “Беларусіяда” і г.д. За гады свайго існавання праект ахапіў 24 установы адукацыі, у ім прынялі ўдзел звыш 4 тысяч дзяцей і падлеткаў, валанцёрамі сталі больш за 600 студэнтаў.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.