“Вы наш самы лепшы настаўнік у свеце!”

- 10:21Людзі адукацыі, Рознае

Такія словы Дзяніс Ігаравіч Шынкевіч чуе ад дзяцей даволі часта. Гэтыя словы акрыляюць яго, натхняюць на новыя праекты і на дасягненне новых вяршынь. Новых вяршынь ён прагне не для сябе, а для сваіх вучняў. Яны — сэнс усёй яго працы і найважнейшая частка яго жыцця.


Дзяніс Ігаравіч — настаўнік нямецкай мовы ў гомельскай сярэдняй школе № 49. Калі назіраеш за яго дзейнасцю і ведаеш пра яго даволі значныя дасягненні, з цяжкасцю можна паверыць, што шлях гэтага маладога педагога ў настаўніцтва быў зусім няпростым. Па заканчэнні Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, калі былы студэнт прыйшоў на першае месца працы, выкладаць нямецкую мову яму чамусьці не даверылі і прафесійны шлях пачаўся з пасады сацыяльнага педагога. Зараз настаўнік нямецкай мовы, успамінаючы той час, кажа, што ў прафесійным і маральным сэнсе гэта быў нялёгкі для яго перыяд: хацелася займацца тым, да чаго ляжала душа, развівацца ў сваёй прафесіі, рэалізоўвацца.

Запаветны запіс “настаўнік нямецкай мовы” ў працоўнай кніжцы Д.І.Шынкевіча з’явіўся ў верасні 2010 года, калі дырэктар гомельскай сярэдняй школы № 49 А.У.Жыльнікаў, заўважыўшы хлопца на адным з педагагічных мерапрыемстваў, прапанаваў яму перайсці на працу ў яго ўстанову. Школа арыентавана на паглыбленае вывучэнне нямецкай мовы, таму перад маладым настаўнікам адкрываліся вялікія магчымасці. Для гэтага патрэбна было нястомна працаваць і любіць сваю справу. А гэтых якасцей у Дзяніса Ігаравіча хоць адбаўляй!

Адна з галоўных задач, якія ставіў перад сабой настаўнік на новым рабочым месцы, — заваяванне аўтарытэту ў дзяцей, бо Д.І.Шынкевіч быў цвёрда ўпэўнены, што без гэтага нельга стаць сапраўдным педагогам. А ўжо праз год прыйшоў першы поспех: адна з вучаніц Дзяніса Ігаравіча атрымала перамогу на абласным этапе алімпіяды па нямецкай мове.

— Гэта быў сапраўды поспех, які надаў мне ўпэўненасці ў сваіх сілах, — успамінае Д.І. Шынкевіч. — З’явілася жаданне шукаць новыя падыходы ў выкладанні прадмета, якія маглі б зацікавіць нямецкай мовай як мага больш навучэнцаў. І ўсё гэта падтрымлівалася палымяным энтузіязмам і вялікай любоўю да таго, што я раблю.

Вынікаў не прыйшлося доўга чакаць. Ужо ў 2013 годзе вучням Дзяніса Ігаравіча дасталася абсалютная перамога ў Рэспубліканскай алімпіядзе па нямецкай мове як сярод 10, так і сярод 11 класаў. Гэтую высокую планку гомельская сярэдняя школа № 49 утрымлівае і зараз.

Акрамя перамог на алімпіядах па прадметах, у падапечных Дзяніса Шынкевіча перамогі ў абласным конкурсе “Мастацтва гаварыць”, а таксама паспяховая здача экзаменаў на валоданне нямецкай мовай з атрыманнем міжнародных моўных дыпломаў розных узроўняў, што з’яўляецца лепшым пацвярджэннем эфектыўнай працы педагога.

Варта сказаць, што малады настаўнік сам падае вучням добры прыклад. У 2015 годзе ён прайшоў гадавы курс падрыхтоўкі і паспяхова здаў экзамен на валоданне моўным дыпломам DSD GOLD. Гэта вельмі высокі ўзровень, які адкрывае даволі шырокія перспектывы ў прафесійным плане. Сёння ў педагагічнай скарбонцы настаўніка гомельскай школы шмат розных дасягненняў. Ён — актыўны ўдзельнік міжнароднага праекта “Мы рухаем Еўропу”, арганізаванага Міністэрствам адукацыі, культуры і сям’і федэральнай зямлі Рэйн-Вестфаліі. На працягу чатырох гадоў Дзяніс Ігаравіч з’яўляецца куратарам праекта “Міжнародны моўны дыплом па нямецкай мове першай ступені”. У мінулым годзе на святкаванні Дня настаўніка Дзяніс Ігаравіч Шынкевіч атрымаў узнагароду ў намінацыі “Малады настаўнік”. Няма сумненняў, што наперадзе яшчэ многа дасягненняў як у самога настаўніка, так і ў яго старанных вучняў.

— Я ў поўнай меры зведаў пачуццё задаволенасці дасягнутымі вынікамі, — прызнаецца педагог. — Я зразумеў, што адбыўся як настаўнік, набыў вопыт і яшчэ больш стаў любіць сваю справу. А самая вялікая ўзнагарода для мяне — гэта калі дзеці кажуць, што я іх лепшы настаўнік у свеце. Жадаю кожнаму педагогу пачуць такія словы, бо яны, паверце, вышэйшыя за ўсе ўзнагароды.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.