Штучны інтэлект заменіць традыцыйных настаўнікаў праз 10 гадоў і цалкам зменіць існуючую сістэму адукацыі, зрабіўшы яе больш індывідуальнай, заявіў сэр Энтані Сэлдан, віцэ-канцлер Універсітэта Букінгема.
На думку спецыяліста, праграмы штучнага інтэлекту і робаты, якія выступяць у ролі настаўнікаў, здольны адаптавацца да розных стыляў навучання для розных дзяцей і неўзабаве зробяць традыцыйнае акадэмічныя навучанне неэфектыўным. Э.Сэлдан таксама адзначыў, што праграмы, якія распрацоўваюцца ў цяперашні час у Крэмніевай даліне, ужо вучацца чытаць выразы твараў вучняў і прыстасоўвацца да асаблівасцей працы іх мозгу і нервовай сістэмы, адаптуючы свой метад зносін пад кожнае дзіця. А гэта і з’яўляецца адным з чалавечых фактараў, якія адрозніваюць добрага педагога ад пасрэднага.
Новая эра аўтаматызаванага навучання прывядзе да таго, што знікне падзел вучэбных праграм па годзе нараджэння. Праграмы і робаты змогуць зрабіць навучанне больш персаналізаваным, паколькі іх штучны інтэлект дазволіць вучням незалежна ад узросту вывучаць новы матэрыял ва ўласным тэмпе і адштурхоўвацца толькі ад поспехаў школьніка ў вучэбым працэсе.
“Гэта дасць магчымасць усім атрымліваць адукацыю ўзроўню самых прэстыжных і дарагіх навучальных устаноў, — адзначыў сэр Энтані. — У кожнага будзе свой “лепшы” настаўнік, і ён будзе цалкам персаналізаваным, а праграмнае забеспячэнне, да якога вы прывыклі, будзе з вамі на працягу ўсяго вучэбнага часу”.
Такі настаўнік ніколі не павысіць на вас голас і не будзе ў дрэнным настроі — пазбаўлены ўсіх чалавечых слабасцей. Пры гэтым штучны інтэлект захавае і прымножыць усе моцныя бакі настаўніка. Разам з тым, папярэджвае навуковец, новыя тэхналогіі неабходна ўкараняць з пэўнай асцярожнасцю, каб пазбегнуць “інфантылізацыі” вучняў. Паводле яго слоў, хоць робаты цалкам возьмуць на сябе выкладанне, настаўнікі-людзі ўсё роўна застануцца і будуць выконваць ролю своеасаблівых куратараў, якія адсочваюць прагрэс у навучанні кожнага школьніка. Таксама яны будуць займацца арганізацыяй пазавучэбнай дзейнасці, выхаваўчым працэсам.
У выніку эфектыўнасць аўтаматызаванай адукацыі дазволіць праводзіць 70% вучэбнага часу па-за аўдыторыямі.
“Гэты ўплыў будзе ашаламляльным — нічога падобнага мы не бачылі яшчэ з часоў трох індустрыяльных рэвалюцый”, — сцвярджае Э.Сэлдан.
Асаблівую ўвагу навуковец звяртае на тое, што робаты будуць спрыяць лепшаму развіццю, як ні дзіўна, творчага мыслення навучэнцаў.
“Машыны будуць падладжвацца пад індывідуальныя патрэбы дзіцяці і тым самым натхняць на навучанне, падштурхоўваць мысліць крэатыўна. Гэта тое, што сёння могуць рабіць толькі адзінкавыя педагогі, — расказаў Э.Сэлдан. — Машыны будуць ведаць, што менавіта хвалюе іх вучня, дзякуючы чаму змогуць арганізаваць навучанне такім чынам, каб задачы былі не вельмі складанымі, але і не занадта лёгкімі — гэта значыць знаходзіліся на аптымальным для дзіцяці ўзроўні складанасці“.
Разам з тым эксперт папярэджвае, што ўкараненне ІТ і штучнага інтэлекту ў сістэму адукацыі можа сустрэць супраціўленне. У прыватнасці, адзначае ён, аўтаматызацыя палохае настаўнікаў, бо многія з іх рызыкуюць страціць работу.
“Я лічу, што рэвалюцыя ў сферы адукацыі здарыцца ў наступныя 10 гадоў, — сказаў сэр Энтані. — Але не трэба думаць, што ўсё пройдзе бязбольна. Аўтаматызацыя знішчыць мноства працоўных месцаў, а страціўшы любімую для многіх работу, людзі страцяць магчымасць самарэалізавацца ў жыцці”.