Вялікай сям’і быць!

- 12:58Сацыяльны ракурс

“Мама, я цябе вельмі люблю. Я ніколі табе гэтага не кажу, але ты павінна ведаць, што я цябе вельмі-вельмі люблю!” — такое смс-паведамленне атрымала Маргарыта Юр’еўна Галіноўская ў Дзень маці ад свайго прыёмнага сына Данііла. Данік заўсёды адрозніваўся суровым характарам, ён ніколі не любіў лашчыцца і гаварыць прыгожыя словы. І ўсё ж не змог стрымацца. Хоць ён і не гаворыць гэтага ўголас, аднак разумее, якое вялікае дабро зрабіла гэтая жанчына для яго і яшчэ двух дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак. Для ўсіх іх яна знайшла ў сваім сэрцы любоў, якую недадалі ім біялагічныя бацькі, і падарыла тое, аб чым марыць кожнае пакінутае дзіця, — сям’ю.

Шчаслівы выпадак

“У нас дзяцей зараз нямнога, — пачынае расказваць Маргарыта Юр’еўна, — усяго сем”. І хоць гэта ў сем разоў больш, чым у мностве беларускіх сем’яў, для Галіноўскіх гэта і сапраўды не так шмат. Звычайна ў іх дзіцячым доме сямейнага тыпу не менш за 10 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Гісторыя гэтай вялікай сям’і пачалася амаль 10 гадоў назад. Як нярэдка бывае, сваю ролю адыграў выпадак. Сёння можна смела сказаць, што гэта быў шчаслівы выпадак. У 2006 годзе Маргарыта працавала ў бухгалтэрыі Жодзінскага аддзела адукацыі. Рабочыя пытанні прывялі яе ў органы апекі і папячыцельства. І тады ў галаву закралася думка аб прыёмным дзіцяці. У Маргарыты з мужам была ўжо дачка. На жаль, здароўе не дазваляла нара-дзіць яшчэ дзяцей, а мець іх хацелася. Думкай жанчына падзялілася з мужам, і той, крыху падумаўшы, яе падтрымаў. І вось Маргарыта зноў у органах апекі, але ўжо з асабістай справай. У кабінет яна ўвайшла якраз у той момант, калі спецыялісты абмяркоўвалі закрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу і дзяліліся перажываннямі, хто цяпер будзе дапамагаць дзеткам. Калі жанчына расказала, што яе прывяло, спецыялісты прапанавалі ёй не проста стаць прыёмнай мамай, а арганізаваць новы сямейны дзіцячы дом. “Я? Чаму я?” — ад нечаканасці спыталася Маргарыта. “Таму што па табе відаць, што справішся”, — адказалі спецыялісты. Яны падрабязней расказалі, што гэта за форма работы, якія ўмовы прапануюцца. Сёння Маргарыта Юр’еўна прызнаецца, што тады гэтая прапанова яе спужала і збянтэжыла. Але яна не магла не думаць пра тое, колькіх дзяцей можа зрабіць шчаслівымі. Некалькі дзён і начэй выношвалі гэтую думку Маргарыта і Юрый Галіноўскія. І вырашылі, што вялікай сям’і быць!

Гісторыі з сумным пачаткам

За гады існавання дзіцячага дома сямейнага тыпу для 22 дзяцей гэтая жанчына ператварылася з Маргарыты Юр’еўны ў маму. У кожнага з дзяцей свая гісторыя, і ніводная з іх не мае шчаслівага пачатку.
Так, напрыклад, Данік, пра якога ішла гаворка вышэй, у свае 9 гадоў паспеў расчаравацца ў жыцці. З прытулку некалькі сямей бралі яго на выхадныя, але ніводная не пажадала потым узяць хлопчыка на выхаванне. Верагодна, сваю ролю адыграў той самы яршысты характар. У выніку хлопчык сказаў дырэктару, что больш не хоча спрабаваць. А Галіноўскія ўзялі яго да сябе адразу, нават не знаёмячыся. Зараз яму ўжо 16.
А вось Германа бралі ў прыёмную сям’ю. Нават у тры. Але ўсе яны адмовіліся ад хлопчыка-гарэзы з-за неверагоднай актыўнасці. І толькі Маргарыта і Юрый Галіноўскія знайшлі да яго падыход і сталі для яго сям’ёй, як і для Дзяніса, якога наогул ніхто не хацеў нават разглядаць у якасці кандыдата. У свае 12 гадоў ён стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. А Галіноўскія не пабаяліся ўзяць яго, хоць і давялося з ім “паваяваць”, але ніколі аб гэтым рашэнні не пашкадавалі.
Спачатку дзіцячы дом сямейнага тыпу працаваў па праекце “Кропка апоры”, які разгарнулі Беларускі дзіцячы фонд і ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама. Праект прадугледжваў падтрымку і сацыяльную адаптацыю высокаматываваных і адораных дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Таму першымі выхаванцамі Маргарыты Юр’еўны сталі падлеткі. Нягледзячы на складаны ўзрост дзяцей, асаблівых праблем з імі маці-выхавальніца не памятае. А потым прытулак у доме знаходзілі дзеці розных узростаў і здольнасцей. Апошнім часам усё часцей сярод выхаванцаў — хлопчыкі і дзяўчаты з рознымі ступенямі інтэлектуальнай недастатковасці. Калі з органаў апекі тэлефануюць з просьбай дапамагчы якому-небудзь дзіцяці, Маргарыта Юр’еўна ніколі не адмаўляецца. “Я адчуваю вялікую патрэбу дапамагаць, мне хочацца рабіць дабро і мяняць свет да лепшага, — тлумачыць сваю пазіцыю жанчына. — Ёсць жа валанцёры, дактары, настаўнікі, святары, якія едуць у Афрыку, у тыя яе рэгіёны, дзе амаль няма цывілізацыі, дзе ідзе вайна. А ў мяне тут свая Афрыка, я дапамагаю дзецям”.

Усім вядомыя сакрэты

Цярпенне, цярпенне і яшчэ раз цярпенне! Менавіта гэта лічыць Маргарыта Галіноўская галоўным у выхаванні дзяцей. Сёння яно ў дэфіцыце, нават калі дзіця роднае і адзінае, бацькам так часта не хапае на яго нерваў і часу. “Колькі разоў бачыла, як мамы і таты крычаць на сваіх дзетак з-за дробязі, напрыклад, з-за таго, што дачка скінула цацку. Адна маці ў мяне на вачах лаялася на дзяўчынку так, што страшна стала нават мне, — дзеліцца думкамі маці-выхавальніца. — А паназірайце, як бацькі вядуць дзяцей з сада. Некаторыя так спяшаюцца, так цягнуць сваіх дзетак за маленькія ручкі, што здаецца, быццам побач вывяргаецца вулкан і лава цячэ па нагах дарослых. Паверце, у мяне свабоднага часу не больш, але я стараюся знайсці некалькі хвілін, каб паразглядаць з маленькім Ванечкам лісточкі, нябёсы, птушак”. Менавіта так, цярпліва, адносяцца дарослыя ў сям’і Галіноўскіх да дзіцяці, калі яно толькі з’яўляецца ў іх. Месяц даецца на “раскачку” — дзіцяці дазваляюць рабіць, што хочацца, і адначасова назіраць за тым, як усё ладзіцца ў доме. У наступны месяц дзіцяці тлумачаць правілы, якія існуюць у сям’і: што нельга, як рабіць не трэба. І толькі потым патрабуюць гэтыя правілы выконваць.
Неабходна цярпенне і далей. Кожнае дзіця прыходзіць у дом прыёмных бацькоў з грузам мінулага, з крыўдай і болем. Часта дзеці патрабуюць павышанай увагі, кампенсуючы тое, што ім не далі біялагічныя бацькі. І неабходна для кожнага знайсці і ўвагу, і любоў. Некаторым дзецям біялагічныя маці і таты паспелі прывіць няправільнае ўяўленне аб тым, што такое “добра” і што такое “дрэнна”. Змяніць гэтыя ўстаноўкі надзвычай складана. Што ўжо гаварыць пра дрэнныя адзнакі, бойкі і непаслухмянасць…
Сакрэты выхавання ўсім вядомыя, але не ўсе імі карыстаюцца. Проста неабходна прыслухоўвацца да дзяцей і чуць іх, лічыць Маргарыта Юр’еўна. Яна ўзгадвае выпадак, калі яе выклікалі ў школу з-за таго, што прыёмны сын трапіў у бойку. У школе чакалі, што маці пакарае непаслухмянага хлопца. Але рабіць гэтага жанчына не спяшалася, а пачала разбірацца. Высветлілася, што хлопчык абараняў маленькага вучня школы, якога крыўдзілі адразу некалькі дзяцей толькі таму, что ён меў інтэлектуальную недастатковасць. Герой гэтага эпізоду ледзь не быў пакараны за добрую справу толькі таму, што дарослыя як след не разабраліся ў сітуацыі.

Каманда аднадумцаў

Няпроста бывае не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі. Маргарыта прызнаецца, што першы час пра тое, што стала прыёмнай мамай, расказвала не ўсім, бо рэакцыя ў людзей была неадназначная. “Нас і зараз многія лічаць калі не вар’ятамі, то дзівакамі. Такое стаўленне, шчыра кажучы, крыўднае, — дзеліцца жанчына. — А між тым наладзіць правільныя адносіны з соцыумам вельмі важна. Я зразумела, што нельга замыкацца ў сабе, трэба наладжваць зносіны з рознымі спецыялістамі, шукаць і знаходзіць дапамогу, працаваць у камандзе”.
Такія высновы Маргарыта зрабіла, калі паўдзельнічала ў некалькіх вучэбных праграмах. Яна прызнаецца, што згаджаецца на ўсе тэматычныя семінары, праекты і клубы, якія ёй прапануюць. Жанчына ўдзельнічала ў шэрагу семінараў у МАІ РА і гарадскім СПЦ, амерыканскай праграме “Прайд” і нямецкім праекце для замяшчальных сямей. Яна — член гарадскога клуба прыёмных бацькоў. Маргарыта Юр’еўна лічыць гэта не проста карысным, але і неабходным. Адзін чалавек, нават вельмі вопытны, не можа ведаць і ўмець усё, добрая парада дапамагае справіцца нават з самымі складанымі сітуацыямі. Так, вельмі дапамагае Галіноўскім сямейны псіхолаг, якая працуе з імі, цесна ўзаемадзейнічаюць і дапамагаюць органы апекі. Маці-выхавальніца прызнаецца, што не з усімі спецыялістамі адносіны будуюцца проста. З некаторымі даводзіцца быць настойлівай, тлумачыць і дабівацца свайго. У выніку ёй удалося арганізаваць вакол сваёй сям’і каманду сяброў і памочнікаў, на якіх можна разлічваць. Маргарыта Юр’еўна таксама стараецца дапамагаць тым, каму гэта патрэбна. Напрыклад, яна пасябравала з жанчынай, якая ў хуткім часе таксама збіраецца стаць маці вялікай сям’і і выхавальнікам у сямейным дзіцячым доме. Жанчына прыязджае да Галіноўскіх у госці, знаёміцца з тым, як ладзіцца іх побыт і ўзаемадзеянне з дзецьмі, набіраецца вопыту.

Касплэй, рыбалка і гараж

У кожнага ў сям’і свае цікавасці, захапленні. Герман займаецца грэбляй, спартсмен і Данік — ён выбраў бокс, Яна калекцыяніруе лялек, Тані падабаецца грамадская дзейнасць, Оля заўзяты аматар касплэю (увасаблення ў рэальнасць герояў мультфільмаў, кінастужак, камп’ютарных гульняў), Паша можа з завязанымі вачыма адрамантаваць аўтамабіль. Дарэчы, яго захапленне раздзяляе ўся моцная палова сям’і. Усе мужчыны, пачынаючы з самага маленькага Ванечкі, праводзяць у гаражы шмат часу. Дзяўчаты, як і маці, любяць гатаваць смачныя стравы.
У сям’і ёсць свае традыцыі. Напрыклад, летні адпачынак у прыгожых мясцінах Беларусі. А яшчэ рыбалка, да якой за галавой сям’і прызвычаіліся амаль усе. Любяць Галіноўскія наведваць тэатр. Абавязкова весела і дружна адзначаюць святы. Дзеці любяць, калі мама чытае ім кніжкі.
Міжволі ўзнікае пытанне, як маці-выхавальніца паспявае ўсё, ды яшчэ і сумяшчае выхаванне дзяцей з хатнімі справамі, семінарамі і праектамі. “Умейце планаваць свой дзень — і будзеце ўсё паспяваць, у гэтым мяне ўпэўнілі зноў жа на занятках. Праверыла на асабістым вопыце — гэта працуе! Важна навучыцца выдзяляць галоўныя справы і не перажываць, калі не паспяваеш зрабіць справы другасныя! — расказвае наша гераіня і тут жа дадае, — праўда, дзейнічае гэта толькі пры ўмове, што ты не лянуешся. Калі спаць да абеду, дык не дапаможа ніякае планаванне!”
Дарэчы, аб планах: спыняцца Маргарыта і Юрый Галіноўскія не збіраюцца: хочуць і далей выхоўваць дзяцей. Нягледзячы на тое, што жывуць у вялікім і прасторным доме, мараць пабудаваць свой асабісты. Зноў жа для дзяцей, бо не заўсёды іх лёс складваецца так, як хочацца ім і прыёмным бацькам. А ў доме, які належыць дзяржаве, ёсць пэўныя правілы, якія не заўсёды дазваляюць вярнуцца сюды і застацца, калі чалавек ужо лічыцца выпускніком дзіцячага дому сямейнага тыпу. Спадзяёмся, што мара гэтая спраўдзіцца, а надзвычайных сітуацый не здарыцца.
“Мама, на ручкі!” — лашчыцца да Маргарыты Юр’еўны маленькі Ванечка. “Мамачка, правер, ці правільна я палічыў”, — працягвае сшытак з выкананымі заданнямі другакласнік Стасік. “Мама, мы ўрокі зрабілі і пайшлі піць гарбату,” — шчабечуць на бягу Таня і Яна. “Мама! Я прыйшоў!” — аб’яўляе, вярнуўшыся са школы, Герман. І такіх спраў да мамы кожны дзень тысяча. Наша гераіня спраўляецца з імі ўсімі, бо займаецца тым, што прыносіць ёй радасць і задавальненне. Здаецца, што быць маці для мноства дзяцей наканавана ёй лёсам. Інакш як растлумачыць той факт, што маці-выхавальніцай яна стала ў свой дзень нараджэння. Менавіта ў гэты дзень яе кандыдатура была зацверджана пасля некалькіх месяцаў праверак і ўзгадненняў. Супадзенне? Так! Але, безумоўна, супадзенне з доляй цуду.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і з архіва сям’і ГАЛІНОЎСКІХ.