Вялікая любоў прафесара

- 13:28Навука і інавацыі

“Калі адчуваеш, што камусьці побач балюча і цяжка, а ты можаш дапамагчы, — зрабі гэта” — так акрэслівае сваё жыццёвае і прафесійнае крэда доктар ветэрынарных навук прафесар кафедры агульнай, прыватнай і аператыўнай хірургіі Віцебскай дзяржаўнай ордэна “Знак Пашаны” акадэміі ветэрынарнай медыцыны Васіль Руколь. Прычым наш герой перакананы, што ў гэтым канкрэтным выпадку істотныя не адрасат ці аб’ём працы, не цяжкасці, звязаныя з яе выкананнем. Галоўнае — любоў да людзей і іншых жывых істот, суперажыванне, імкненне дапамагчы, гатоўнасць прыкласці да гэтага ўсе свае сілы і ўменні.

На інтэрнэт-форумах я неаднойчы сустракала падзякі і найлепшыя пажаданні “самаму лепшаму хірургу Васілю Руколю за ратаванне любімага сабакі (коціка)”. Старшакурснікі акадэміі перадаюць сябрам з малодшых курсаў: у гэтага выкладчыка халявы не бывае. Затое няма слёз і адчування, што з-за дрэннай адзнакі разбураецца свет: прафесар ставіцца да моладзі строга, але справядліва.
— Мы стараемся падрыхтаваць не проста ветэрынарнага ўрача, а клініцыста — спецыяліста шырокага профілю, здольнага хутка і якасна аказваць кваліфікаваную дапамогу жывёле, — тлумачыць Васіль Руколь. — Часам выдатнік дасканала ведае тэорыю, а як даходзіць справа да практыкі (трэба зрабіць, напрыклад, ін’екцыю) — у яго дрыжаць рукі. Але я заўсёды паўтараю: няма дрэнных студэнтаў, да кожнага трэба знайсці асабісты падыход, настроіць адпаведна, каб разам працаваць на вынік. І ён абавязкова будзе!
Ці варта цяпер здзіўляцца вялікай колькасці дыпломных работ, дзе Васіль Міхайлавіч з’яўляецца кіраўніком, або таму, што абодва яго магістранты — Яўген Анашкін і Аксана Дубініна — не проста паспяхова абаранілі свае работы, але і былі адзначаны дыпломамі І ступені Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў? Яўген, дарэчы, зараз працягвае вучобу ў аспірантуры і рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі. Марына выбрала клініку — працуе ветурачом.
— Выкладчыцкай дзейнасцю я займаюся з 1996 года: атрымліваецца, што амаль 20 гадоў у педагогіцы, — працягвае мой суразмоўнік. — Паняцці “педагагічная” і “навуковая” дзейнасць для мяне непадзельныя. Гучыць крыху высакамоўна, але праўда: ад навуковай і практычнай работы я адчуваю асалоду. Прыемна, калі ўдаецца дапамагчы жывёлаводам з той ці іншай гаспадаркі. Надзвычай цікава праводзіць навуковыя даследаванні, асабліва там, дзе іх практычнае прымяненне дае эканамічны эфект. Што да выкладчыцкай дзейнасці, то работа са студэнтамі — зусім іншае вымярэнне. Аднак і тут навука — гэта асноўнае. Калі ты будзеш выкладчыкам і не станеш развівацца як навуковец — твае лепшыя вучні ўжо на раннім, студэнцкім, этапе (на больш познім гэтым жа можна ганарыцца) — пераўзыйдуць цябе па ведах, ім з табой зробіцца нецікава. Таму педагагічны і навуковы ўзровень выкладчыку трэба павышаць пастаянна, а гэта можна рабіць толькі шляхам актыўнай работы — як у навуцы, так і на практыцы.
Калегі паважаюць Васіля Міхайлавіча за адданасць справе, эрудыцыю, добразычлівасць
і ўнікальны талент прыходзіць на дапамогу. У акадэміі прафесар Васіль Руколь па праву лічыцца адным з лепшых: напрыклад, у 2012 годзе ён быў прызнаны лепшым выкладчыкам года. Кафедра агульнай, прыватнай і аператыўнай хірургіі, дзе ён працуе, — таксама у ліку вядучых.
— Напрамак нашай работы — вывучэнне відавой рэактыўнасці пры разнастайнай хірургічнай паталогіі. Гэта значыць, што даследаванні накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці жывёлы, — расказвае Васіль Міхайлавіч. — Узначальвае кафедру доктар ветэрынарных навук прафесар Эдуард Іосіфавіч Верамей. Я вельмі ўдзячны яму, а таксама рэктару Антону Іванавічу Ятусевічу за ўвагу і падтрымку ў навуковым пошуку. Без іх удзелу многае, нават мая нядаўняя перамога ў конкурсе (Васіль Руколь атрымаў стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2015 год. — Заўв. аўт.), было б немагчыма.
Васіль Міхайлавіч амаль 10 гадоў займаецца вывучэннем прычын, якія прыводзяць да заўчаснай выбракоўкі жывёл. У ходзе работы былі распрацаваны тэхналагічныя асновы ветэрынарнага абслугоўвання малочнай буйной рагатай жывёлы з хірургічнымі захворваннямі ў Рэспубліцы Беларусь. Вучоны першы правёў маніторынгавыя даследаванні па распаўсюджванні хірургічных захворванняў на малочных комплексах і фермах Беларусі і некаторых рэгіёнаў Расіі, абгрунтаваў арганізацыйна-тэхналагічныя, этыялагічныя і патагенетычныя фактары хірургічных захворванняў буйной рагатай жывёлы, а потым прапанаваў эфектыўныя тэхнічныя і лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы.
Важнай часткай работы стала распрацоўка спецыяльнага фіксацыйнага станка-стала для фіксацыі буйной рагатай жывёлы, які цалкам адпавядае стандартам, устаноўленым дырэктывай ЕС па механічным абсталяванні 98/37/ЕF. Сёння ўжо даказана несумненная перавага яго тэхнічных характарыстык над аналагічнымі станкамі, якія прымяняюцца на тэрыторыі нашай краіны. Навуковая навізна даследаванняў Васіля Руколя пацверджана трыма патэнтамі, а самі яны сталі асновай дысертацыйнай работы “Тэхналагічныя асновы ветэрынарнага абслугоўвання малочнай буйной рагатай жывёлы з хірургічнымі захворваннямі ў Рэспубліцы Беларусь”, якую віцяблянін абараніў у 2013 годзе пры Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Давялося ехаць у Расію, бо дактарантуры па выбранай даследчыкам спецыяльнасці ў Беларусі няма. У выніку сёння Васіль Міхайлавіч з’яўляецца першым і адзіным у краіне доктарам ветэрынарных навук па спецыяльнасці “Ветэрынарная хірургія”.
Матэрыялы работы знайшлі адлюстраванне ў метадычных рэкамендацыях, адобраных і рэкамендаваных навуковым каардынацыйным саветам па жывёлагадоўлі і ветэрынарыі Паўночна-Заходняга рэгіянальнага навуковага цэнтра Рассельгасакадэміі і ў 11 рэкамендацыях, зацверджаных галоўным упраўленнем ветэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Асноўныя палажэнні работы ўведзены ў адукацыйны працэс аграрных устаноў адукацыі Беларусі і Расіі. Вынікі даследаванняў прайшлі клінічныя выпрабаванні і паспяхова выкарыстоўваюцца ў Беларусі і ў шэрагу рэгіёнаў Расіі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.