Вялікая праца — быць добрым чалавекам

- 11:25Людзі адукацыі

Тое, што беларускія настаўнікі — людзі творчыя, з паэтычнай душой і чулым сэрцам, пераконваюць дзясяткі вершаў, якія кожны месяц прыходзяць на нашу рэдакцыйную пошту. У лірычных радках — пошукі адказаў на адвечныя пытанні, перажыванні, хваляванні, думкі, разважанні. Гэтым і напоўнена традыцыйная рубрыка “Творчасць настаўнікаў”. Сярод яе сённяшніх аўтараў вы сустрэнеце прозвішча Алы Нікандраўны Прохаравай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Наваполацка.

У адным са сваіх лістоў, дасланых на адрас “Настаўніцкай газеты”, Ала Нікандраўна адзначыла, што паэзія — гэта тонка арганізаваная аўтарская размова­споведзь з чытачом, якую няпільным вокам можна не разгледзець, а нячуйным сэрцам не зразумець. Паэтычныя творы трэба ўспрымаць на адным дыханні, цалкам аддаўшыся вобразам, палёту думкі і гульні слоў. Для нашай гераіні паэзія і ёсць дыханне, а любіць паэзію гэтак жа натуральна, як і дыхаць паветрам.

“Усе мае вучні ведаюць, што я магу цытаваць на памяць вялікую колькасць вершаў нашай бязмежна шматфарбнай паэзіі. На кожную тэму, якую мы праходзім па мове або літаратуры, я магу агучыць некалькі радкоў. Асабліва кранальнымі для мяне з’яўляюцца тэмы Радзімы, Вялікай Айчыннай вайны, захавання гістарычнай памяці, узаемаадносін паміж людзьмі. Я цытую вучням радкі, якія нікога не могуць пакінуць абыякавымі, і тым самым спрабую дастукацца да сэрцаў дзяцей. Мае вучні ведаюць, што вершы дапамагаюць развіваць памяць, фарміруюць павагу да сябе як да асобы, якой усё па сілах. Калі я матывую дзяцей да вывучэння вершаў, то ў якасці прыкладу прыводжу сваю матулю, якой хутка споўніцца 70 гадоў. Яна да гэтага часу ведае на памяць усю школьную праграму па беларускай і рускай літаратуры і нават нешта з нямецкай паэзіі можа прачытаць”, — паведаміла настаўніца.

Ідзі, спяшы! Няхай чакаюць!
Заўжды патрэба ў вас была!
Настаўніцтва — наканаванне!..
Вам долю тую Бог абраў…

Хай дасць ён вам святла і сонца,
Няхай заўжды вас саграе!
Усмешку вуснам вашым дорыць
І злою доляй абміне!

Я шчыра зычу вам, спадарства,
Любіць, у шчасці, згодзе жыць!
Хай будзе доўгім век ваш яркі,
Хай будзе вас каму любіць!

На кожную тэму ў Алы Нікандраўны ёсць любімыя творы пэўных аўтараў. “Напрыклад, па тэме малой радзімы я бязмежна люблю Рыгора Барадуліна. Ён жа мой зямляк. Мяне асабліва паглынула паэзія яго апошніх гадоў, у прыватнасці кніга “Ксты”. Калі я разважаю на тэму радзімы, то кажу вучням пра тое, што мы любім не нейкія картаграфічныя абрысы, а канкрэтных людзей, сцежкі маленства, успаміны, шчаслівыя моманты, якімі шчодра надзяліла родная зямля, — разважае педагог. — Ва ўсім гэтым і заключаецца паняцце “малая радзіма”. Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя… Пра ўзае­маадносіны людзей мне вельмі падабаецца верш Ларысы Геніюш “Дзед”. Лічу, гэта ўнікальны твор. “Была ў дзеда дудка, // Была ў дзеда люлька, // Была ў дзеда падружанька // Сівая бабулька”. Усе думалі, што дзед любіў іграць на дудцы і курыць люльку. Але пасля смерці бабулькі высветлілася, што “Любіў дзедка дудку, // Любіў дзедка люльку. // Ўсё ж мілей за ўсіх была // Сівая бабулька”. Пра даб­рыню чалавечую расказвае верш Пімена Панчанкі “Сэрца і крыж”. Вельмі люблю і творчасць Алеся Разанава, яго вершаказы, Сяргея Грахоўскага, Анатоля Вярцінскага”.

Дабрыня, спагада, чуласць, любоў — пра ўсё гэта гаворыцца ў творах не толькі любімых аўтараў Алы Нікандраўны, але і ў яе асабістых вершах. І ўсё дзякуючы калегам — настаўнікам старэйшага пакалення, якія ласкава прынялі ў свой калектыў нашу гераіню ў 1995 годзе. Кожны жадаў маладой настаўніцы хутчэй стаць “на крыло”, імкнуўся, каб Ала Нікандраўна адчула сябе патрэбнай у калектыве, была ўпэўненай у сваіх сілах, бо калі малады педагог валодае такімі якасцямі, то яму прасцей заваяваць аўтарытэт сярод вучняў. Яны навучылі, што, калі дзеці не будуць слухацца, прыйсці па дапамогу можна, але спрабаваць заслужыць павагу да сябе чужымі пагрозамі — бэссэнсоўна. Настаўнікі параілі Але Нікандраўне імкнуцца самой стаць цікавай і блізкай вучням, а дапаможа ў гэтым толькі любоў. Гэта стала для маладой тады настаўніцы дэвізам жыцця і працы! Ала Нікандраўна і сёння вучыць дзяцей, што любоў і ўсе інтэрпрэтацыі гэтага слова — каханне, узаемаадносіны — уплываюць на кожны наш учынак і на ўсё наша жыццё.

“Гэта былі бяссрэбранікі, якія працавалі за ідэю, любілі тое, чым займаліся. Гэтым яны жылі! Потым, праз многа гадоў, я зразумела, што гэта і ёсць сутнасць нашай прафесіі. Яны вучылі мяне таму, што спачатку трэба даць веды, а потым патрабаваць, каб табе іх аддалі, — дзеліцца настаўніца. — Любіць і быць цярплівай — гэта мой жыццёвы прынцып. Вучні разумеюць, што калі я да іх добра стаўлюся, то і ім сорамна са мной не па­чалавечы абыходзіцца”. Таму пакаленню старэйшых калег, якія навучылі яе, маладую настаўніцу, любові, спагадзе, дабрыні, і прысвяціла Ала Нікандраўна такія радкі: “Зрывае восень залатая // З галін апошнія лісты…” Са шчырай удзячнасцю за любоў і цеплыню напісала наша гераіня верш “Прысвячэнне настаўнікам”. Гэта твор пра настаўнікаў з вялікай літары, тых педагогаў, якія ёсць у жыцці кожнага з нас, якіх мы вельмі паважаем, дзякуючы якім, як і сваёй сям’і, мы сталі тымі, хто мы ёсць.

Зрывае восень залатая
З галін апошнія лісты…
Настаўніца зусім сівая
Па скверы некуды спяшыць.

Яна, улюбёная ў школу,
Ідзе да дзетак, да калег.
А ёй насустрач — звонкі голас
(Лісток кляновы затрымцеў):

“Дазвольце вас спытаць, паненка,
Чаму на скронях сівізна,
Чаму такі прыціхлы голас,
Чаму вы ў гэты дзень адна?”

У адказ, спыніўшыся імгненна,
Яна задумна павяла:
“На скронях сівізна ад стомы:
Больш аддала я, чым узяла…”

“Каб вучні пачалі пісаць вершы, яны павінны добра валодаць словам, а каб яны пачалі валодаць словам, яны павінны шмат чытаць. Мы ўсе пішам на ўзроўні, які нам падказвае стан душы. Мы з вучнямі не прыхільнікі тэорыі вершаскладання дзеля тэорыі. Пры напісанні любога тэксту, у тым ліку паэтычнага, чалавек, калі садзіцца за белы аркуш паперы, не думае, што ў будучым творы, скажам, з 20 радкоў ён ужыве 5 эпітэтаў і 8 параўнанняў. Верш узнікае як сугучча прыгожых вобразаў, якое выліваецца на паперы ў мастацкія тропы, такія арганічныя і пры гэтым бязважкія. Каб убачыць у тым ці іншым вершы “смачныя словы”, шматфарбнасць, гэты твор мы перачытваем па некалькі разоў, а потым толькі пачынаем разважаць. Я выслухваю пазіцыі ўсіх, хто жадае выказацца. За шматвобразнасцю колераў трэба ўбачыць глыбіню думкі. Часта даю дзецям магчымасць пачаць разважаць самім. Якая, на твой погляд, ідэя твора? Якое меркаванне? А што ты тут сутнаснага бачыш? Пытаюся таксама: “Як вы думаеце, чаму чалавеку захацелася ўзяць аркуш паперы менавіта ў гэты момант? Якая ў яго была мэта? Давайце дакапаемся да гэтага глыбіннага”. І вучні шукаюць тыя прыхаваныя скарбы глыбіннай сутнасці. І ў іх усё атрымліваецца. Я кажу дзецям, што верш — гэта такая дзіўная рэч, якая ў невялікай па памеры форме тоіць у сабе неабдымнае. Яны здзіўляюцца, а я ім паказваю, гавару, што чалавек змог ідэю, думку акумуляваць у кароткай фразе, у “смачным слоўцы”, — паведаміла Ала Нікандраўна.

Літаратурна­музычнае аб’яднанне “Крылы” з Наваполацка і народнае літаратурнае аб’яднанне “Наддзвінне” з Полацка з’яўляюцца даўнімі сябрамі юных літаратараў з 7­й школы. Часта ладзяцца цёплыя сустрэчы, вучні Алы Нікандраўны ўдзельнічаюць у арганізаваных аб’яднаннямі конкурсах, напрыклад “Край мой любы, край адвечны”. Такім чынам, дзеці не застаюцца ўбаку ад літаратурнага працэсу рэгіёна. Маштабны рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка” таксама не застаецца па­за ўвагай выхаванцаў Алы Нікандраўны. Вікторыя Мікуленка, Мацвей Папоў, Ціхан Капач, Дзмітрый Рахоў­скі — былыя і сённяшнія аднадумцы Алы Нікандраўны — пераможцы шматлікіх конкурсаў чытальнікаў, якія праводзяцца таксама і па ініцыятыве наваполацкай гарадской арганізацыі РГА “Белая Русь”. Кожны год пералічаныя вучні станавіліся пераможцамі або ганаровымі госцямі фіналу конкурсу, які традыцыйна праходзіць у Мінску.

Дэкламацыя твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў спрыяе фарміраванню любові да роднай мовы, знаёміць з лепшымі ўзорамі беларускай літаратуры. У 2019 годзе вучні Алы Нікандраўны ўдзельнічалі ў гарадскім этапе V Рэспубліканскага агляду­конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. У выніку Мацвей Папоў і Ціхан Капач заваявалі дыпломы I і II ступені. Не застаецца незаўважанай і творчасць самой Алы Нікандраўны. Яна рэгулярна адзначаецца на ўзроўні горада і вобласці на конкурсах паэтычных твораў “Рыфма.by”. Талент складаць вершы перадаўся настаўніцы ў спадчыну. Некалі яшчэ яе дзядуля пісаў лірычныя прысвячэнні сваёй жонцы, якую вельмі кахаў, а прабабуля ведала шмат народных песень, якія Ала Нікандраўна спявае вучням і сёння.

І дзядуля, і прабабуля, і старэйшыя калегі вучылі ў свой час Алу Нікандраўну быць па жыцці добрым чалавекам. А на добрае, як сцвярджае настаўніца, нават самыя калючыя па сваім характары людзі рэагуюць адпаведна, па­добраму. “Гэта вялікая праца — быць у сучасным свеце добрым чалавекам. Але гэта таго варта, бо на дабрыні, як і на любові, трымаецца свет. А таму ў маіх вершах вельмі многа добрага. Усё, да пабачэння, пайду здзяйсняць дабро”, — з усмешкай адзначыла на развітанне настаўніца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва А.Н.Прохаравай.