Вярнуць магчымасць чуць і гаварыць

- 11:21Спецыяльная адукацыя

Аказанне ранняй карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з парушэннем слыху ва ўзросце да трох гадоў, у тым ліку малышам, якім была праведзена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі, — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Як адзначыла дырэктар цэнтра Ала Вячаславаўна Вераценнікава, эфектыўнасць слыхамаўленчай рэабілітацыі такіх дзяцей залежыць у першую чаргу ад узросту, у якім спецыялісты пачалі дапамагаць дзіцяці, ад узроўню іх кваліфікацыі і ад развіццёвага асяроддзя ўстановы, якая прызначана аказваць дапамогу. Многае залежыць і ад бацькоў, іх уключанасці ў працэс рэабілітацыі сваіх дзяцей, заклапочанасці іх лёсам.

Эфектыўная рэабілітацыя

Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху быў заснаваны ў 1963 годзе. Зразумела, што за гэты час яго спецыялістамі быў назапашаны багаты вопыт па выкарыстанні разнастайных самых найноўшых методык. На базе ўстановы апрабоўваліся розныя праграмы навучання. Цэнтр прымаў удзел у такіх міжнародных праектах, як “Аўдыялагічная медыцынская дапамога дзецям” (Мілан, Італія), “Вербатанальны метад у рэабілітацыі асоб з парушэннем слыху” (Заграб, Харватыя; Кіеў, Украіна; Масква, Расія). Вопыт работы ўстановы неаднаразова прадстаўляўся на рэспубліканскіх і міжнародных семінарах і канферэнцыях.“Асноўная задача спецыялістаў нашага цэнтра — развіць у выхаванцаў у працэсе самай разнастайнай дзейнасці слыхавое ўспрыманне і вуснае маўленне, — гаворыць Ала Вячаславаўна. — У дашкольным узросце — сензітыўным перыядзе развіцця дзіцяці — гэта рабіць лепш за ўсё. Нават тэхнічны прагрэс спрыяе рэабілітацыі малышоў. Сучасныя індывідуальныя лічбавыя слыхавыя апараты ў параўнанні з аналагавымі, якія выкарыстоўваліся раней, прадастаўляюць дзецям значна больш магчымасцей для развіцця. Акрамя таго, хочацца адзначыць, што ў нашай краіне з 2000 года праводзяцца аперацыі па кахлеарнай імплантацыі, якая разглядаецца на сёння як сучасны найбольш эфектыўны спосаб слыхапратэзавання і рэабілітацыі дзяцей, якія маюць цяжкія парушэнні слыху. Да 2008 года такія аперацыі былі адзінкавымі (ад 7 да 12 аперацый у год). Сёння ж у краіне больш за 460 дзяцей з КІ. Пры гэтым узрост пацыентаў, якім яна рэкамендуецца, зніжаецца.
Кахлеарная імплантацыя вяртае чалавеку фізічную магчымасць чуць навакольныя гукі. Але пройдзе нямала часу, перш чым дзіця стане адэкватна ўспрымаць іх, разумець іх значэнне і ўрэшце авалодае маўленнем. Пры спрыяльных умовах тэрмін рэабілітацыі складае 5—7 гадоў.
“Кахлеарны імплант, які ўжыўляецца ў вуха дзіцяці, — гэта, па сутнасці, машына, якой трэба навучыцца кіраваць, — адзначае Ала Вячаславаўна. — Эфектыўнасць карэкцыйнай работы залежыць ад многіх фактараў — узросту дзіцяці, у якім праведзена аперацыя, прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка-дэфектолага, які працуе з дзіцем пасля КІ і ступені ўключанасці бацькоў у працэс пасляаперацыйнай слыхамаўленчай рэабілітацыі. Многае залежыць і ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці, ад правільных настроек апарата (КІ) і іншых умоў. У залежнасці ад узроўню маўленчага развіцця дзяцей, кампенсаваных імплантам, спецыялісты рэкамендуюць некаторым з іх пасля аперацыі наведваць установы не толькі спецыяльнай, але і асноўнай адукацыі. Ад настаўнікаў, зразумела, патрабуецца асаблівая ўвага да такіх дзяцей. Пры падрыхтоўцы педагагічных кадраў таксама неабходна акцэнтаваць увагу на ўсіх аспектах навучання школьнікаў з КІ”.
З 2002 года ва ўстанове пачалася дзейнасць па вывучэнні педагагічнага вопыту работы з гэтай катэгорыяй дзяцей. З гэтай мэтай была створана “Школа ранняга развіцця”, у рамках якой пачала аказвацца кансультацыйная дапамога спецыялістам і бацькам, сталі арганізоўвацца індывідуальныя і падгрупавыя заняткі па развіцці слыхавога ўспрымання і маўлення, па фізічным развіцці дзяцей, па фарміраванні іх музычнага густу (як неад’емнай часткі слыхавога ўспрымання), пачуцця рытму, інтанацыі, іх працягласці. Усе гэтыя моманты ў сукупнасці спрыяюць дасягненню галоўнай мэты навучання — развіццю маўлення.
Ва ўстанове сёння працуюць дзве групы кароткачасовага знаходжання для дзяцей ранняга ўзросту з парушэннем слыху, у тым ліку і дзяцей з кахлеарнымі імплантамі. Наведваць іх могуць сем’і з такімі дзецьмі з усёй краіны, прадугледжаны гібкі графік заняткаў з улікам магчымасцей усіх жадаючых. Бацькі, як правіла, прысутнічаюць на занятках разам са сваімі дзецьмі. Частка выхаванцаў пасля наведвання такіх груп у цэнтры працягвае навучанне ў іншых установах адукацыі. У 2014/2015 навучальным годзе каля 70% дзяцей з кахлеарнымі імплантамі, якія наведвалі групы кароткачасовага знаходжання і былі праімплантаваны ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў, перайшлі ў звычайныя садкі па месцы жыхарства, прычым большасць — у інтэграваныя групы. Для тых, хто застаецца ў цэнтры, ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для далейшага слыхамаўленчага развіцця.
У 2010 годзе спецыялісты цэнтра прымалі ўдзел у распрацоўцы праграмна-метадычнага забеспячэння карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям ранняга і дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантамі. На базе ўстановы ў 2011—2014 гг. быў рэалізаваны эксперыментальны праект па апрабацыі гэтага праграмнага забеспячэння. Дзейнасць у гэтым кірунку працягваецца і зараз у рамках інавацыйнага праекта па ўкараненні адпаведнага праграмнага забеспячэння.
Спецыялісты дашкольнай установы па ўсіх пытаннях эксперыментальнай і інавацыйнай работы цесна супрацоўнічаюць з навукоўцамі кафедры сурдапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. У 2013 годзе ў цэнтры быў створаны філіял гэтай кафедры. Сёння тут арганізавана работа студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, праводзяцца сумесныя семінары-практыкумы, круглыя сталы, кансультацыі па пытаннях навучання і выхавання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Ладзяцца вэбінары з выкарыстаннем сеткавых форм узаемадзеяння спецыялістаў і бацькоў, а таксама анлайн-семінары для бацькоў. Студэнты дзённай і завочнай формы атрымання адукацыі на базе гэтай дашкольнай установы праходзяць педагагічную практыку, наведваюць майстар-класы, адкрытыя заняткі спецыялістаў цэнтра, у практыку работы якіх укараняюцца вынікі навуковых работ як студэнтаў, так і магістрантаў і аспірантаў. Вопыт сумеснай дзейнасці прадстаўляецца на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і семінарах, а таксама на інтэрнэт-сайце цэнтра.

Развіваем слых, актывізуем маўленне…

Сёння супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху ў рабоце з дзецьмі актыўна выкарыстоўваюць элементы вербатанальнага метаду.
“Вербатанальны метад навучання прыўнёс у работу нашай установы шмат новых адценняў, эмоцый і пазітыву”, — падкрэслівае Ала Вячаславаўна. — Галоўнае прызначэнне метаду — развіваць моўныя і камунікатыўныя здольнасці дзяцей з парушэннем слыху і садзейнічаць тым самым іх інтэграцыі і сацыялізацыі ў грамадстве. Метад дапамагае максімальна развіць слыхавое ўспрыманне і актывізаваць вуснае маўленне дзіцяці”. Нагадаем, што тэарэтычныя асновы і магчымасці прымянення вербатанальнай сістэмы найбольш дасканала прадставіў у 1954 годзе акадэмік доктар Петар Губерына — лінгвіст, які займаўся праблемамі ўспрымання маўлення. Методыка была рэкамендавана для людзей з парушэннем слыху, парушэннем маўлення, для выкарыстання пры вывучэнні замежнай мовы і для развіцця нацыянальнай мовы і інш.
Вербатанальны метад грунтуецца на выкарыстанні нізкіх частот, якія ўзнікаюць пры біцці сэрца чалавека, рытмічнай дзейнасці яго мозгу, дыханні, а таксама пры саматычным і сэнсарным функцыянаванні чалавечага арганізма. Індывідуальная работа з дзецьмі па гэтым метадзе вядзецца на вельмі блізкай адлегласці ад іх, што дазваляе ўдзельнікам працэсу абменьвацца сваімі эмоцыямі. Пры гэтым адбываецца развіццё маўлення дзяцей праз падбор для іх аптымальнага слыхавога поля, што магчыма толькі пры граматнай рабоце спецыялістаў — выкарыстанні імі адпаведнай літаратуры і дакладнай дыягностыцы маленькіх пацыентаў. Тэхнічную аснову метаду складаюць апараты “Вербатон”, у якіх шырокія функцыянальныя магчымасці. “Вербатон Г-20”, напрыклад, валодае складанай сістэмай фільтраў і ўзмацняльнікаў, з дапамогай якіх і адбываюцца падбор аптымальнага слыхавога поля для дзіцяці і наступная работа над паступовым яго пашырэннем (трансферам). Прадугледжаны трансмісія нізкіх частот, уключаючы інфрагук, падбор аптымальнай сілы для гукаў. За час вывучэння і ўкаранення гэтага метаду ва ўстанове назапашаны багаты метадычны матэрыял. З вопытам работы цэнтра пастаянна знаёмяцца слухачы курсаў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў.

Нашы выпускнікі вучацца ў звычайных школах

За перыяд з 2011 па 2015 гг. з 73 выпускнікоў цэнтра ў агульнаадукацыйныя школы пайшлі вучыцца 5 дзяцей, у класы інтэграванага навучання агульнаадукацыйных школ — 10 і ў спецкласы агульнаадукацыйных школ — 27. Астатнія дзеці паспяхова працягваюць навучанне ў спецыяльных школах для дзяцей з парушэннем слыху.
Спецыялісты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі неаднаразова адзначалі высокі ўзровень слыхамаўленчага развіцця дзяцей, якія навучаліся ў цэнтры, іх гатоўнасці да засваення школьнай праграмы.
“Прыемна чуць ад калег з агульнаадукацыйных школ аб добрай падрыхтоўцы нашых дзяцей, аб іх камунікабельнасці, — гаворыць Ала Вячаславаўна. — У сваю чаргу мы ўдзячны педагогам агульнаадукацыйных школ за тое, што яны ствараюць нашым выпускнікам належныя, камфортныя ўмовы. Хочацца ў гэтым плане адзначыць сярэднюю школу № 126 Мінска, дзе былі адкрыты класы інтэграванага навучання, у якіх займаюцца нашы выпускнікі з 3—4 ступенню тугавухасці. У школе арганізавана спецыяльнае асяроддзе, закуплена FM-сістэма. Нядаўна мы павіншавалі нашага выхаванца і паспяховага навучэнца гэтай школы Мішу Гнядога са званнем лаўрэата конкурсу танцавальнай школы “Менада”. Яго маленькі брацік Ваня зараз наведвае нашу ўстанову і ўжо праяўляе артыстычныя здольнасці падчас выступленняў на ранішніках. Станоўчы вопыт па рабоце з нашымі дзецьмі ёсць і ў сярэдняй школы № 91 Мінска, і ў гімназіі Заслаўя. Выпускнікоў цэнтра прымаюць і спецыяльныя агульнаадукацыйныя ўстановы для дзяцей з парушэннем слыху — школы № 14 і № 13 Мінска, Ждановіцкая школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху.
Часам перад сем’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці з АПФР, узнікае нялёгкі выбар: вучыць яго ў агульнаадукацыйнай установе або накіраваць у спецыяльную ўстанову адукацыі. Што лепш для дзіцяці? У гэтым пытанні няма адназначнага рашэння. Магчыма паспяховая адаптацыя такіх дзяцей і ў агульнаадукацыйных школах, і ў спецшколах. Ёсць прыклады розных сітуацый, як станоўчыя, так і адмоўныя. Жыццё дзіцяці часам нібы карцінка з пазлаў. І скласці яе не так проста. Трэба ўлічыць усё: і ўзровень гатоўнасці дзіцяці працягваць вучобу ў пэўнай установе, і яго жаданне, і зацікаўленасць бацькоў, і наяўнасць кваліфікаваных спецыялістаў, і г.д. Галоўнае, каб дзіцяці было ў выбранай установе камфортна. Мы як спецыялісты ўпэўнены, што дзяцей з парушэннем слыху пры належных умовах можна інтэграваць у звычайнае асяроддзе, каб у будучым яны змаглі сябе рэалізаваць і ў прафесійным, і ў асабістым жыцці. Прыкладаў такіх нямала”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.