Прадстаўнік Кіпра Стэла Кірыякідэс выбрана часовым старшынёй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). У трэцім туры за яе аддалі 132 галасы, яе апанент — літоўскі палітык Эмануэліс Зінгерыс — атрымаў 84, інфармуе ТАСС.
Новы старшыня асамблеі застанецца на сваёй пасадзе да адкрыцця чарговай сесіі, якая пройдзе ў Страсбургу 22—26 студзеня 2018 года. Выбранне кіраўніка ПАСЕ стала неабходным пасля таго, як 6 кастрычніка яе былы старшыня Педра Аграмунт падаў у адстаўку.
“Па асабістых прычынах я вырашыў падаць у адстаўку з пасады старшыні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы”, — напісаў Педра Аграмунт у Twitter.
Гэтую інфармацыю пазней пацвердзіў і яго афіцыйны прадстаўнік. Аграмунт узначальваў ПАСЕ з 2016 года.
Скандал вакол цяпер ужо экс-старшыні адбыўся на красавіцкай сесіі ПАСЕ, калі еўрапарламентарыі выступілі з крытыкай у адрас кіраўніка Асамблеі за яго паездку ў сакавіку ў Сірыю. Тады яны запатрабавалі аб’явіць Аграмунту вотум недаверу, але рэгламент арганізацыі не прадугледжваў механізмаў адстаўкі з выбарных пасад. Праз час ПАСЕ прагаласавала за рэзалюцыю з папраўкамі ў рэгламент, якая давала магчымасць пачаць працэс адхілення Педра Аграмунта ад пасады.
Абраная часовым старшынёй Стэла Кірыякідэс з’яўляецца прадстаўніком дэлегацыі Кіпра ў ПАСЕ з 20 чэрвеня 2016 года і ўваходзіць у правую фракцыю Еўрапейская народная партыя. Пры гэтым яна вылучалася на пасаду часовага старшыні ПАСЕ ў якасці незалежнага кандыдата. Яна таксама ўзначальвае камітэт ПАСЕ па сацыяльных пытаннях, ахове здароўя і ўстойлівым развіцці, уваходзіць у статутныя органы асамблеі. Акрамя таго, Стэла Кірыякідэс аўтар дакладаў аб сацыяльным забеспячэнні дзяцей у Еўропе, а таксама дакладаў, прысвечаных барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі.