Выбраць прафесію ў сферы фізічнай культуры і спорту дапаможа школьны факультатыў

- 10:08Образование, Школа управления

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі» для 10–11-х класаў зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 19 ліпеня 2024 г. № 88. Аб гэтым інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Факультатыў мае прафарыентацыйную накіраванасць, знаёміць старшакласнікаў з асаблівасцямі спартыўна-педагагічных прафесій. Праграма разлічана на 138 гадзін (70 – у 10 класе, 68 – у 11-м, па 2 гадзіны ў тыдзень).

Як расказалі ў Акадэміі адукацыі, у працэсе асваення праграмы плануецца вырашаць задачы па фарміраванні фізічнай культуры асобы, усебаковым задавальненні адукацыйных патрэб у сферы фізічнай культуры і спорту, фарміраванні цікавасці да спартыўна-педагагічных прафесій, азнаямленні з патрабаваннямі да асобасных і прафесійных якасцей спецыялістаў у вышэйназванай сферы. Навучанне будзе весціся па чатырох модулях: «Асновы гісторыі фізічнай культуры і спорту», «Асновы педагогікі і псіхалогіі фізічнай культуры і спорту», «Анатама-фізіялагічныя асновы мышачнай дзейнасці чалавека», «Агульныя асновы тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і тэорыі спорту».

Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання, эўрыстычныя і творчыя заданні, дыскусіі і дыспуты, метад праектаў, псіхалагічныя гульні і трэнінгі, тэсціраванне, эсэ, відэарад. Пры правядзенні заняткаў па асновах псіхалагічных ведаў пажадана ўключаць у самастойную работу творчыя заданні з улікам інтарэсаў вучняў і актуальных падзей спартыўнага жыцця ў свеце.

У выніку засваення курса старшакласнікі атрымаюць уяўленні аб узнікненні і развіцці фізічнай культуры і спорту, значэнні асноўных падзей алімпійскага руху, ролі трэнера ў падрыхтоўцы спартсменаў, заканамернасцях функцыянавання арганізма пад уплывам заняткаў фізічнай культурай і спортам, асновах навучання рухальным дзеянням і інш. У рамках курса школьнікі навучацца, напрыклад, ацэньваць дасягненні беларускіх спартсменаў на значных міжнародных спаборніцтвах, праводзіць рэфлексіўны аналіз сваіх перажыванняў і матываў у штодзённым жыцці, а таксама арганізоўваць самастойныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі, планаваць распарадак дня, вызначаць накіраванасць фізічных практыкаванняў. Важнымі вынікамі засваення зместу факультатыву стануць устойлівая цікавасць да спартыўна-педагагічнай прафесіі, станоўчая матывацыя і ўсвядомленая пазітыўная ўстаноўка на яе выбар.

Пастанова ўступае ў сілу з 1 верасня 2024 года.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі