Выбудоўваючы ўласную адукацыйную траекторыю

- 10:21Рознае, Якасць адукацыі

Пытанні арганізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў былі абмеркаваны на гарадской навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі з міжнародным удзелам “Профільнае навучанне ў школе: мадэлі, метады, тэхналогіі”. Канферэнцыя праходзіла ў два этапы: завочны, на якім педагогі прадстаўлялі свае напрацоўкі па тэме, маглі пазнаёміцца з матэрыяламі калег і абмеркаваць хвалюючыя пытанні на форуме ў сістэме дыстанцыйнага навучання на платформе Moodle (http://do.minsk.edu.by), і вочны, які прайшоў у Мінскім гарадскім інстытуце адукацыі па выніках работы.

Для завочнага ўдзелу ў інтэрнэт-канферэнцыі зарэгістраваліся 123 чалавекі з Беларусі і Украіны: кіраўнікі і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі дарослых.

У межах інтэрнэт-форуму была арганізавана работа па трох напрамках: змястоўныя і арганізацыйна-метадычныя аспекты рэалізацыі профільнага навучання; выхаваўчыя аспекты і псіхалагічныя дэтэрмінанты дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання; удасканаленне кіраўніцкай кампетэнтнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі ва ўмовах профільнага навучання. У дыскусійнай форме былі абмеркаваны пытанні тэарэтыка-метадычных асноў профільнага навучання; яго арганізацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу; ролі і месца рэсурсных цэнтраў у метадычным суправаджэнні профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі; разглядаліся пытанні прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі на этапе дапрофільнай падрыхтоўкі; мэты, метады і тэхналогіі выкладання вучэбных прадметаў ва ўмовах профільнага навучання; псіхалагічнага суправаджэння прафесійнага самавызначэння навучэнцаў і інш.

Як адзначыла, адкрываючы мерапрыемства, рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Іванаўна Мароз, тэма профільнага навучання зараз найбольш актуальная. Другі год ва ўстановах адукацыі краіны рэалізоўваюцца мадэлі профільнага навучання, апрабоўваюцца розныя матэрыялы па яго ўкараненні. Наспела неабходнасць падзяліцца вопытам, вызначыцца, якія мадэлі найбольш апраўданы, як арганізаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. “Профільнае навучанне накіравана на рэалізацыю асобасна арыентаванага працэсу і разглядаецца як сродак дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, які дазваляе найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў, фарміраваць умовы для навучання ў адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі. Пры гэтым істотна пашыраюцца магчымасці выбудоўвання ў навучэнца ўласнай індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”, — падкрэсліла Таццяна Іванаўна.

Аб рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ва ўмовах профільнага навучання ўдзельнікам мерапрыемства расказаў дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў МГІРА Мікалай Леанідавіч Кузьмініч, псіхалагічныя дэтэрмінанты профільнага навучання раскрыла прафесар кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА Лідзія Васільеўна Арлова.

На думку рэктара Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігара Іванавіча Ганчаронка, адным са шляхоў фарміравання метадалагічнай культуры навучэнцаў можа стаць рэалізацыя праекта стварэння школьнай акадэміі навук, з якім выступіў Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Праектам палажэння прадугледжваецца, што школьная акадэмія навук — добраахвотнае аб’яднанне навучэнцаў, дзейнасць якога накіравана на забеспячэнне прафесійнай арыентацыі навучэнцаў і іх прыцягненне да даследчай, пошукавай работы, праектнай творчасці пад кіраўніцтвам вучоных і настаўнікаў. Гэта саюз школьнікаў, якія імкнуцца развіваць свой інтэлект і ўдасканальваць свае веды ў розных галінах навукі, развіваць свой даследчы патэнцыял. Мэтай дзейнасці школьнай акадэміі навук з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання і развіцця ў навучэнцаў ведаў, уменняў і навыкаў у даследчай, пошукавай і праектнай рабоце, для авалодання формамі і метадамі навуковага пазнання і сацыяльнага дзеяння ў працэсе ўзаемадзеяння з навуковай элітай Беларусі. Зместам работы акадэміі можа стаць арганізацыя, падрыхтоўка і правядзенне навуковых лекторыяў, прэзентацыя навуковых адкрыццяў і прэс-канферэнцый з вучонымі, падрыхтоўка да ўдзелу ў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях, інтэлектуальных гульнях; экскурсій у навуковыя ўстановы, падрыхтоўка і правядзенне абарон вучнёўскіх праектаў.

Пра супрацоўніцтва ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі са школамі расказала загадчыца аддзялення дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі ліцэя № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання Мінска Алена Аляксандраўна Друпава. Аддзяленне дзейнічае, улічваючы інтарэсы школьнікаў і рынку працы, па такіх напрамках, як “Працоўнае навучанне школьнікаў 8—9 класаў”, “Дапрафесійная падрыхтоўка школьнікаў 8—9 класаў” і “Прафесійная падрыхтоўка вучняў 10—11 класаў”. Кожную чвэрць пэўны клас пэўнай школы вывучае адзін з блокаў: “Асновы выбару прафесіі” (дыягностыка, асвета педагога-псіхолага), “Слесар па рамонце аўтамабіляў”, “Маляр”, “Член брыгады аб’ектаў хуткага абслугоўвання”. У межах узаемадзеяння практыкуюцца выезды ў школы, педагагічныя канферэнцыі, сустрэчы, арганізоўваюцца экскурсіі ў ліцэй, бацькоўскія сходы.

Па меркаванні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Марыны Віктараўны Караткевіч, укараненне профільнага навучання садзейнічае павышэнню якасці навучання і выхавання навучэнцаў, павышэнню задаволенасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу яго вынікамі, прафесійнаму самавызначэнню, творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

“Якасць адукацыі навучэнцаў можа быць дасягнута на аснове прымянення розных мадэлей арганізацыі адукацыйнага працэсу. Індывідуалізацыя навучання мае вялікае псіхалагічнае значэнне, паколькі яна забяспечвае задавальненне патрэб навучэнцаў і высокі ўзровень іх вучэбна-пазнавальнай матывацыі. Яе дыдактычнае значэнне заключаецца ў павышэнні вучэбных дасягненняў навучэнцаў, а сацыяльнае значэнне — у павышэнні адукацыйнага патэнцыялу грамадства, задаволенасці бацькоў узроўнем агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў”, — мяркуе М.В.Караткевіч.

Для гімназіі № 1 укараненне профільнага навучання — справа не новая. Яшчэ ў 2007/2008 навучальным годзе тут былі адкрыты матэматычны, прававы, лінгвістычны і біялагічны профілі. З 2014 года ў гімназіі рэалізоўваецца эксперыментальны праект “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання”.

“Гэты праект даў магчымасць распрацаваць вучэбныя планы для арганізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў, — адзначае Марына Віктараўна. — Што ў нас атрымалася? У 10—11 класах па запытах навучэнцаў па тых прадметах, якія неабходны ім для здачы ЦТ, былі сфарміраваны профілі. За кошт таго, што мы прадаставілі магчымасць вывучаць старшакласнікам тры прадметы, у навучэнцаў не было магчымасці наведваць факультатыўныя заняткі. Папрацаваўшы па гэтым плане, мы зразумелі, што дзесьці павінна быць варыятыўнасць, і ўжо ў наступным годзе вучэбны план быў зменены: у 11 класе былі ўведзены факультатывы і па іншых прадметах”.

Удзел у праекце паказаў эфектыўнасць выкарыстання мадэлі мультыпрофільнага навучання для павышэння адукацыйнай паспяховасці навучэнцаў. Гэтая мадэль даваляе аб’яднаць у межах аднаго класа навучэнцаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні розныя вучэбныя прадметы. Прычым неабходна, каб прадметы, што вывучаюцца на базавым і павышаным узроўні, вялі два педагогі.

Для эфектыўнага ўкаранення профільнага навучання ў адукацыйную прастору гімназіі быў распрацаваны наступны алгарытм дзеянняў: вывучэнне запытаў, патрэб, здольнасцей і магчымасцей кожнага навучэнца; правядзенне маніторынгу матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, якая павінна дазваляць у поўным аб’ёме рэалізоўваць змест вучэбнай праграмы адпаведнага прадмета, што вывучаецца на павышаным узроўні; вызначэнне складу педагогаў, якія будуць працаваць у профільных класах; фарміраванне вучэбна-прадметных груп на трэцяй ступені на аснове праведзенага анкетавання навучэнцаў з улікам магчымасцей установы адукацыі; рэалізацыя найбольш прымальнай мадэлі профільнага навучання ва ўмовах існуючага фінансавання; складанне раскладу вучэбных заняткаў з захаваннем санітарна-гігіенічных патрабаванняў.

Эфектыўнасць профільнага навучання немагчыма без якаснага псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў. Як расказала педагог-псіхолаг гімназіі № 22 Мінска Алеся Уладзіміраўна Шурпіна, ва ўстанове распрацавана мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння профільнага навучання. Яна ўключае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі, якое вядзецца з 5 па 9 клас, і профільнага навучання. Асноўныя напрамкі работы ўключаюць узаемадзеянне з навучэнцамі, з педагогамі і з законнымі прадстаўнікамі праз разнастайныя формы. Мадэль складаецца з чатырох блокаў: прафінфармацыя і агітацыя, прафдыягностыка, прафесійнае самавызначэнне і асобаснае развіццё. На першым этапе адбываецца суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі ў 5—7 класах. Для гэтага распрацаваны цыкл заняткаў па тэматыцы “Дзівосны свет прафесій”. Ён уключае ў сябе 12 вучэбных гадзін на кожнай паралелі і праводзіцца з мэтай пазнаёміць навучэнцаў з разнастайнасцю прафесій, іх класіфікацыяй і патрабаваннямі. Другі этап — работа з 8 класамі, дзе цыкл заняткаў па тэме “Самавызначэнне” разлічаны на 34 гадзіны (дзеці ацэньваюць свае здольнасці, магчымасці). Трэці этап — 9 клас — цыкл заняткаў пад назвай “Выбар” разлічаны на 36 вучэбных гадзін. Усе тры этапы рэалізоўваюцца праз практыкаванні, трэнінгавыя заняткі, гутаркі з дзецьмі, экскурсіі і інш. Не заўсёды выбар дзіцяці супадае з выбарам бацькоў, таму была распрацавана спецыяльная тэматыка бацькоўскіх сходаў. Пільная ўвага ўдзяляецца таксама рабоце з педагогамі, для іх ладзяцца гутаркі, кансіліумы, круглыя сталы, трэнінгавыя заняткі “Псіхалагічнае здароўе педагога”. Практыка паказвае, што пасля такой работы дзіця ўсвядомлена і самастойна вызначае профіль і выбірае далейшую прафесію.

Як адзначалася, для арганізацыі якаснага навучання школьнікаў мэтазгодна выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя рэсурсы і электронныя тэхналогіі. Дыстанцыйная форма зарэкамендавала сябе як адна з эфектыўных, даступных і тэхналагічных форм арганізацыі і атрымання адукацыі, якая садзейнічае рэалізацыі індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходу да навучэнцаў. На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 18 Мінска Алы Аляксандраўны Венскай, выкарыстанне дыстанцыйных форм навучання пры арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання садзейнічае задавальненню адукацыйных патрэб навучэнцаў, выхаванню творча развітой, сацыяльна арыентаванай асобы, здольнай да самаадукацыі, самаразвіцця і самаўдасканалення. З гэтай мэтай у гімназіі створаны сайт дыстанцыйнага навучання на платформе Moodle і пляцоўка для правядзення вэбінараў на платформе Webiring, на якіх размешчаны віртуальныя кабінеты. Пляцоўка мае сваю структуру; акно, дзе ўсе ўдзельнікі вэбінара бачаць лектара, акно, дзе адлюстравана прысутнасць усіх зарэгістраваных карыстальнікаў, а таксама вобласць, дзе лектар можа дэманстраваць вучэбныя матэрыялы. У прызначаны час зарэгістраваныя ўдзельнікі вэбінара павінны падключыцца да вяшчання. Падчас правядзення мерапрыемства яны маюць магчымасць узаемадзейнічаць з лектарам: выконваць пэўныя заданні, адказваць на пытанні і задаваць свае. Такая форма работы выкарыстоўваецца не толькі для работы з навучэнцамі, а і з бацькамі, педагогамі (вучэбна-метадычныя пасяджэнні, бацькоўскія сходы).

На сайце дыстанцыйнага навучання гімназіі створаны прадметныя курсы для навучэнцаў 9-х класаў па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, што забяспечвае дапрофільную падрыхтоўку. Таксама арганізавана псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў. У віртуальным кабінеце педагога-псіхолага размешчаны матэрыялы, якія накіраваны на аказанне падтрымкі кожнаму навучэнцу ў яго асобасным развіцці. Педагог-псіхолаг праводзіць вэбінары, навучэнцы ўзаемадзейнічаюць у чатах, бо не ўсе з іх могуць адкрыта задаваць пытанні.

Выкарыстанне дыстанцыйнага навучання дазваляе педагогам камбінаваць разнастайныя формы навучання і забяспечваць камунікатыўнае ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, а таксама кантраляваць актыўнасць навучэнцаў і час іх работы ў сетцы гімназіі.

З верасня 2016 года педагогі актыўна выкарыстоўваюць дыстанцыйнае навучанне пры арганізацыі не толькі дапрофільнай падрыхтоўкі, але і профільнага навучання. Асаблівасць работы ў сістэме дыстанцыйнага навучання — у арганізацыі ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз віртуальны кабінет. Педагогі гімназіі маюць магчымасць выкарыстоўваць элементы дыстанцыйнага навучання на ўроках і факультатыўных занятках, праводзіць гімназічныя інтэрнэт-алімпіяды, у віртуальных кабінетах яны размяшчаюць дыдактычныя матэрыялы, а таксама праводзяць курсы па дапрофільнай падрыхтоўцы і вучэбных прадметах, якія выбраны навучэнцамі ў якасці профільных прадметаў.

Сёлета ва ўстанове рэалізоўваецца адукацыйны праект “Выкарыстанне дыстанцыйнага навучання пры арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання для павышэння якасці адукацыі”. На заключным этапе плануецца стварыць цэнтр па дапрофільнай падрыхтоўцы і профільным навучанні, мэтай якога стане аказанне кансультацыйнай, метадычнай, арганізацыйнай, тэхнічнай падтрымкі. Таксама на базе цэнтра плануецца арганізаваць дыстанцыйныя адукацыйныя паслугі для навучэнцаў Першамайскага раёна сталіцы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.