Мы ўжо паведамлялі, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заняў другое месца ў рэйтынгу ўніверсітэтаў краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі (прапусціўшы наперад толькі МДУ імя М.В.Ламаносава). А ўсяго ў ім удзельнічалі 405 універсітэтаў з 15 краін былога СССР.
Рэйтынг зроблены Міжнароднай інфармацыйнай групай “Інтэрфакс” па заказе Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Гэта была першая спроба ранжыраваць універсітэты краін постсавецкай прасторы.
Трэба сказаць, што сярод 405 універсітэтаў, якія ўдзельнічалі ў рэйтынгу, — 21 беларускі. У адпаведнасці з умовамі, у спіс не трапілі ўстановы ваенных ведамстваў (сілавых структур), мастацтва, фізічнай культуры і спорту, тэалагічныя, а таксама філіялы. Акрамя таго, для ўдзелу ў рэйтынгу ва ўніверсітэтах павінна налічвацца не менш за 2 тысячы студэнтаў дзённай формы навучання на трох узроўнях адукацыі (спецыялітэт, магістратура, аспірантура).
Пры складанні рэйтынгу ўлічваліся адукацыйныя, навукова-даследчыя і міжнародныя дасягненні ўніверсітэтаў. “Інтэрфакс” паведаміў, што ў рабоце прымяняліся асноўныя метадалагічныя падыходы агенцтва QS, якое мае 10-гадовы вопыт складання міжнародных рэйтынгаў. Выкарыстоўваліся звесткі навуковай электроннай бібліятэкі (www.elibrary.ru) і міжнароднай навукаметрычнай сістэмы Scopus. Акрамя таго, было праведзена шырокае апытанне экспертаў — аўтарытэтных вучоных і работадаўцаў з розных краін.
Адметна, што рэпутацыйная ацэнка экспертаў мае вельмі вялікае значэнне. Напрыклад, ацэнка адукацыйнай дзейнасці ўніверсітэтаў на 80% пабудавана на рэпутацыйных замерах.
Зразумела, навуковая прадукцыйнасць і цытаванне ў рускамоўнай і глабальнай прасторы (навукова-даследчая дзейнасць) або акадэмічная мабільнасць і навуковае супрацоўніцтва (міжнародная дзейнасць) маюць аб’ектыўныя паказчыкі і вымяраюцца канкрэтнымі лічбамі. А вось аб’ектыўна ацаніць адукацыйную дзейнасць значна больш складана. Таму “Інтэрфакс” вельмі сур’ёзна паставіўся да падбору экспертаў.
Выбарка акадэмічных экспертаў, запрошаных да ўдзелу ў рэпутацыйным даследаванні, рабілася на падставе персанальных даных аўтараў навуковых публікацый, зарэгістраваных у рускамоўнай навукаметрычнай сістэме ScienceIndex/РІНЦ.
Большасць экспертаў займаюць высокія пазіцыі ў сваіх універсітэтах. Сярод іх больш за 20% працуюць на пасадзе прафесара, 18,2% — загадчыкамі кафедр, 15% — загадчыкамі лабараторый ці аддзелаў, 12% — дацэнтамі.
Экспертаў папрасілі вызначыць галіну ведаў, у якой яны з’яўляюцца найбольш кампетэнтнымі (для выбару быў прапанаваны спіс галін ведаў з 67 пунктаў). Аказалася, што большасць тых, хто ўдзельнічаў у апытанні, спецыялізуюцца ў прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах: 23% указалі фізіку, 17,2% — медыцыну і ахову здароўя, 12,5% — хімію, 7% — біялогію.
Што да экспертаў-работадаўцаў, запрошаных да ўдзелу ў рэпутацыйным даследаванні, то выбарка будавалася на падставе масіваў актыўных кантактаў сеткавага рэкрутара Job.ru. Кантакты на тэрыторыі Расіі выбіраліся ў першую чаргу з рэгіёнаў, дзе функцыянуюць дзяржаўныя ўніверсітэты, закліканыя забяспечыць патрэбы рэгіянальных рынкаў у высокакваліфікаваных спецыялістах.
Больш як трэць экспертаў-работадаўцаў з’яўляюцца дырэктарамі (кіраўнікамі) арганізацый, 21,5% — спецыялістамі, менеджарамі і дырэктарамі па персанале. Арганізатары палічылі, што менавіта гэтыя людзі найбольш кампетэнтныя ў ацэнцы выпускнікоў універсітэтаў.
Зразумела, рэпутацыйная ацэнка экспертаў заўсёды мае адценне суб’ектыўнасці, зрэшты, ад гэтага яе вага ніколькі не змяншаецца. Наадварот! Калі вядучыя ў сваіх галінах спецыялісты, вучоныя і работадаўцы называюць БДУ лепшым, то гэта яскрава сведчыць пра яго высокую рэпутацыю. Цяжка нават дапусціць, што сотні экспертаў з 15 краін раптам будуць лабіраваць інтарэсы беларускага ўніверсітэта. Тым больш не зацікаўлены ў гэтым заказчык рэйтынгу — Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.
Магчыма, нават самі эксперты, выстаўляючы высокую ацэнку Белдзяржуніверсітэту, не здагадваліся, што калегі будуць настолькі аднадушнымі ў сваіх поглядах. Але факт застаецца фактам: БДУ заняў у рэйтынгу другое месца, з вялікім адрывам абагнаўшы Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі і Вільнюскі ўніверсітэт.
Безумоўна, высокае месца ў рэйтынгу робіць БДУ больш прыкметным у нацыянальнай і міжнароднай прасторы. Гэта дае ўніверсітэту пэўныя перавагі, але і дадае адказнасці, бо важна не толькі засвяціцца на вышэйшых радках рэйтынгу, але і замацавацца там. Быць не толькі лепшым у Беларусі, але і ў СНД, і нават больш.