Выхад ёсць: ідзём да яго разам

- 12:01Сацыяльны ракурс

Барацьба з наркаманіяй часам нагадвае барацьбу са шматгаловым змеем: адсякаеш адну галаву — вырастае другая. Параўнанне, магчыма, не самае арыгінальнае, затое даволі дакладнае. Але так, як у казцы пра змея, здараецца, калі хтосьці змагаецца адзін. У адзіночку перамагчы наўрад ці атрымаецца, таму неабходна дзейнічаць разам. Выхад ёсць, калі да вырашэння агульнай задачы падключаюцца органы ўнутраных спраў, аховы здароўя, адукацыі, грамадскія арганізацыі, іншыя.

Сумесныя справы

— Мяняецца насельніцтва, падрастае моладзь, і нам трэба шукаць усё новыя і новыя формы прафілактычнай работы, — гаворыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь Андрэй Вячаслававіч Саладоўнікаў. — Канечне, дапамагаюць грамадскія арганізацыі, якія з’яўляюцца нашымі на­дзейнымі партнёрамі на працягу доўгага часу. Мы разам распрацоўвалі план работы, пункты якога працягваем рэалізоўваць. Таксама мы праводзілі канкрэтныя прафілактычныя мерапрыемствы не толькі па процідзеянні распаўсюджванню наркотыкаў, але і распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі. Спадзяюся, што выратавалі не адно жыццё, дапамаглі многім, і мы не спыняемся.

Адзін з метадаў сумеснай дзейнасці — ужо добра вядомы інтэрнэт-рэсурс POMOGUT.BY, з якім сёння супрацоўнічаюць больш за 20 грамадскіх арганізацый. Тут адкрываецца і яшчэ адна галіна — па процідзеянні распаўсюджванню дзіцячай парнаграфіі. У гэтым кірунку МУС плённа супрацоўнічае з ЮНІСЕФ.

Таксама з адной з грамадскіх арганізацый галіновае міністэрства распрацавала сумесны праект, што рэалізоўваецца на тэрыторыі Салігорска, па дапамозе асобам, якія вярнуліся з месцаў па­збаўлення волі. Праект ужо мае станоўчыя вынікі, праўда, цяпер патрабуе пэўных змяненняў. Вопыт, якім валодаюць грамадскія арганізацыі, і мясцовыя, і міжнародныя, вельмі дапамагае ў такой рабоце, падкрэслівае прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

А ёсць яшчэ і сумесны праект з Міністэрствам аховы здароўя пры ўдзеле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дакладней, ідэя рэалізоўваецца ў РНПЦ псіхічнага здароўя — гэта працяг­лая рэабілітацыя нарказалежных. Ёсць і сумесныя справы з БРСМ, работа са школамі і іншымі навучальнымі ўстановамі. Супрацоўнікі МУС, органаў унут­раных спраў вывучаюць замежны вопыт, каб па магчымасці ўкараняць яго ў практыку сваёй работы.

Па дапамогу

Адна з грамадскіх арганізацый, якія задзейнічаны ў агульнай рабоце, — “Пазітыўны рух”.

— Летась былі агучаны дзве важныя для нас пазіцыі, — расказвае старшыня праўлення гэтага аб’яднання Ірына Яўгенаўна Статкевіч. — Першае — гэта прызнанне таго, што нарказалежнасць з’яўляецца хваробай, і нарказалежным трэба прапанаваць спектр дапамогі, накіраваны на аднаўленне. Гэта важна разумець, і гэта нас аб’ядноўвае. Другое — гэта тое, што мы разам звярнулі ўвагу на латэнтную наркаманію.

 Сёння Беларускае грамадскае аб’яднанне “Пазітыўны рух” каардынуе работу 22 пунктаў для людзей, якія ўжываюць наркотыкі, па ўсёй краіне. З іх 9 — гэта мабільныя пункты. У іх любы можа звярнуцца па дапамогу ананімна і бясплатна, і гэта, як паказвае практыка, вельмі важная ўмова для тых, каму неабходна дапамога. У мінулым годзе ў пункты “Пазітыўнага руху” звярнуліся 41 583 чалавекі, якія ўжываюць наркотыкі. І гэтая лічба прыкметна вышэйшая за тую, што паказвае колькасць наркаспажыўцоў, якія стаяць на афіцыйным уліку.

Добраахвотнікі “Пазітыўнага руху”, як і іншыя, хто працуе з нарказалежнымі, добра ведаюць, што за некалькі апошніх гадоў партрэт беларускага наркаспажыўца вельмі змяніўся. Гэта часта зусім не тыя людзі, якія канчаткова апусціліся і дэзарыентаваны ў грамадстве. Часта нарказалежныя маюць даволі высокі сацыяльны статус, ужываюць наркотыкі перыядычна, працуюць і практычна нічым не выдзяляюцца, але многія пры гэтым разумеюць, што дапамога ім неабходна, лепш якраз ананімная і бясплатная. Яшчэ адно адрозненне — ужыванне адразу некалькіх рэчываў, звычайна 3—5 так званых новых псіхаактыўных рэчываў. Па даных МУС, 70—80% рэчываў, якія сёння ўжываюць наркаспажыўцы, маюць расліннае паходжанне.

У грамадскага аб’яднання “Пазітыўны рух” ёсць свая аўтрыч-каманда — больш за 200 чалавек па ўсёй Беларусі, якія самі яшчэ ўжываюць наркотыкі. Іх далучаюць да работы, каб яны ўстанаўлівалі кантакты з іншымі спажыўцамі і расказвалі пра тое, як захаваць здароўе, як папярэдзіць ВІЧ-інфіцыраванне, заражэнне гепатытам, пра тое, як спыніць ужыванне наркотыкаў. Аб’яднанне таксама імкнецца данесці да Міністэрства аховы здароўя пазіцыю аб неабходнасці хуткай і ананімнай дапамогі спажыўцам.

Ёсць у “Пазітыўнага руху” і новыя ініцыятывы. Напрыклад, па рабоце з жанчынамі, якія звязаны з наркотыкамі. Як правіла, такія жанчыны пазбаўлены бацькоўскіх правоў, выплачваюць грошы на ўтрыманне дзяцей. Многім з іх цяжка зноў сацыялізавацца, таму на базе аб’яднання дзейнічае праграма працоўнай актывацыі. А з раённымі аддзеламі ўнутраных спраў аб’яднанне супрацоўнічае ў рамках сістэмы перанакіравання: аддзелы накіроўваюць (на добраахвотнай аснове) наркаспажыўцоў у грамадскую арганізацыю, каб тыя атрымалі дапамогу.

Па даных Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у 2019 годзе органы ўнутраных спраў выявілі больш за 4,5 тысячы злачынстваў, звязаных з нар­котыкамі (-8,2%), каля паловы з якіх звязаны са збытам. Агульная колькасць атручэнняў псіхаактыўнымі рэчывамі крыху вырасла, пры гэтым колькасць перадазіровак непаўналетніх знізілася ў 2,8 разу. Выяўлена 29 каналаў паставак наркотыкаў з-за мяжы, а таксама іх транзітных перавозак. Спынена дзейнасць 4 падпольных наркалабараторый і 28 памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных і абсталяваных для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін.

Чаго ў рэшце рэшт імкнецца дасягнуць грамадскае аб’яднанне і ў чым шукае паразумення? На гэты конт ёсць пэўныя крытэрыі: позні пачатак ужывання, адмова ад эксперыментальнага ўжывання, зніжэнне колькасці тых, хто ўжывае наркотыкі ін’екцыйна, зніжэнне колькасці спраў у судах, зніжэнне стыгмы ў грамадстве. Падзяляць ці не падзяляць кожную з гэтых мэт паасобку — пытанне адкрытае, але агульная мэта — барацьба з наркаманіяй — пытанняў не выклікае.

Супраць наркотыкаў і за падтрымку

Сёлета спаўняецца 20 гадоў Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню “Маці супраць наркотыкаў”.

— Увесь гэты час мы супрацоўнічаем з праваахоўнікамі, — падкрэслівае старшыня грамадскага савета гэтага аб’яднання Алена Ігараўна Ленская. — Гэта мноства сувязей, якія правераны часам. Сёння МУС — гэта надзейны, стабільны партнёр, нашы супрацоўнікі заўсёды маюць магчымасцьзвярнуцца да работнікаў міліцыі, мы праводзім сумесныя мерапрыемствы. Мы можам не пагаджацца, сварыцца, але мы разумеем, што разам выконваем вельмі важную работу.

Зараз аб’яднанне “Маці супраць нар­котыкаў” мае 23 аддзяленні па ўсёй краіне, арганізацыя дапамагае людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, звязаную з наркотыкамі. У ёй адной з першых пачалі развіваць рэабілітацыйныя цэнтры з доўгатэрміновымі праграмамі, разлічанымі на 16—18 месяцаў. Цэнтры ў асноўным працуюць у сельскай мясцовасці або ў невялікіх гарадах. Людзі, якія прыязджаюць сюды, часта маюць праблемы з законам, і, каб яны маглі прайсці рэабілітацыю, дапамога праваахоўных органаў неабходна, напрыклад, у афармленні дакументаў. Акрамя таго, у аб’яднанні дапамагаюць родным нарказалежных.

— Мы займаемся рэабілітацыяй асоб, якія хварэюць на алкагалізм і наркаманію, — расказвае ў сваю чаргу дырэктар мясцовага фонду “Цэнтр здаровай моладзі” Аляксандр Вітальевіч Хацяновіч. — У Беларусі працуем 9 гадоў, і самы вялікі плюс нашай работы — сістэма drug free, якая мае на мэце адмаўленне ад любых рэчываў, якія ўтрымліваюць наркотыкі, ад алкаголю. Тыя, хто праходзіць рэабілітацыю, таксама не кураць. Сёння ў цэнтры іх 29 чалавек з 5 краін свету — Азербайджана, Бельгіі, іншых.

Поўны курс рэабілітацыі ў Цэнтры здаровай моладзі доўжыцца 12 месяцаў, пострэабілітацыйны перыяд — да года. Галоўнае, што аднаму залежнаму дапамагае другі залежны, які прайшоў лячэнне, мае ад 5 да 7 гадоў хімічнай чысціні, мае або атрымлівае спецыяльную прафесійную адукацыю — тут створана так званая тэрапеўтычная супольнасць. За 9 гадоў у цэнтр звярнуліся 584 чалавекі, з іх 214 прайшлі праграму рэабілітацыі, з іх 144 знаходзяцца ў рэмісіі ад 1да 8 гадоў, а паняцце рэмісіі ўключае ў сябе і сацыяльную адаптацыю — людзі вучацца або працуюць, наладзілі адносіны з блізкімі.

Найважнейшым кампанентам рэсурсу POMOGUT.BY з’яўляецца магчымасць атрымання прафесійнай анлайн-кансультацыі. Кансультацыйны цэнтр (кол-цэнтр) падключаны да кожнай галіны сайта. Адначасова з дапрацоўкай сайта kids.pomogut.by МУС і Міністэрства адукацыі прапрацавалі пытанне аб яго ўкараненні ў адукацыйны працэс па ўсёй краіне, што паспрыяе адыходу ад састарэлых форм прафілактычнай работы і павышэнню яе эфектыўнасці (інфармацыя з сайта МУС Рэспублікі Беларусь).

Практычны бок супрацоўніцтва Цэнтра здаровай моладзі з органамі ўнутраных спраў — гэта тое, што замежныя грамадзяне, дзякуючы такому супрацоўніцтву, маюць рэгістрацыю ў Беларусі на праходжанне рэабілітацыйнай праграмы. Супрацоўнікі міліцыі дапамага­юць знайсці агульную мову і з суседзямі, якія асцерагаюцца таго, што побач жы­вуць залежныя, абходзяць суседнія дамы, расказваюць пра цэнтр, адгукаюцца на просьбы супрацоўнікаў фонду. Таксама цэнтру дапамагаюць медыйныя асобы — спартсмены, музыканты, артысты, якія праводзяць у ім мерапрыемствы, а некаторыя дапамагаюць людзям, што прахо­дзяць рэабілітацыю, матэрыяльна.

Мясцовы фонд, акрамя таго, пастаянна супрацоўнічае з установамі адукацыі — не радзей, чым 3 разы на месяц яго супрацоўнікі праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы ва ўніверсітэтах, школах, іншых навучальных установах сумесна з сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі, органамі ўнутраных спраў. Выязджаюць супрацоўнікі Цэнтра здаровай моладзі і ў месцы пазбаўлення волі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.