Выхад ёсць

Адшукаць яго ў любой складанай сітуацыі дапамагаюць пэўныя навыкі і веды, галоўнае — своечасова імі авалодаць.Уменне захаваць максімальную ўласную бяспеку і бяспеку тых, хто побач, бадай, адзін з галоўных жыццёвых навыкаў. У ліцэі пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС вучаць менавіта гэтаму, прычым большасць выпускнікоў пасля заканчэння ліцэя звязвае жыццё з прафесіямі, якія ўмоўна можна назваць “абаронцы”. А ў інавацыйна-адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці Гомельскай вобласці, што размешчаны ў ліцэі, навыкам бяспечных паводзін навучылі ўжо 13 тысяч чалавек — школьнікаў і педагогаў не толькі з Гомельшчыны, але і з іншых рэгіёнаў краіны. Мясцовыя ж падлеткі ўжо трэці год адпрацоўваюць навыкі дзеянняў у надзвычайных сітуацыях на спаборніцтвах “Мой клас — мая каманда”. Спаборніцтвы таксама праводзяцца на базе ліцэя, што размясціўся ў хваёвым бары ў пасёлку Ільіч непадалёк абласнога цэнтра.

Навука ратаваць

Сёння ў ліцэі пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС, заснаваным у 2004 годзе, вучацца 222 хлопцы, пачынаючы з шасцікласнікаў, прычым вучэбная праграма прадугледжвае засваенне на павышаным узроўні прадметаў фізіка-матэматычнага профілю. Як расказаў намеснік начальніка ўстановы Анатоль Уладзіміравіч Ярмольчык, большая частка навучэнцаў — гэта дзеці з малазабяспечаных сем’яў, дзеці-сіроты (зараз іх у ліцэі 80 чалавек), прычым не толькі з Гомельшчыны, але і з усёй краіны. Навучэнцы знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, якое ўключае пяціразовае харчаванне.

Ліцэй размешчаны на тэрыторыі былога піянерскага лагера, які не працаваў з 1989 года. Цяпер жа, дзякуючы намаганням урада краіны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Гомельскага аблвыканкама, ліцэісты маюць пяць добраўпарадкаваных спальных карпусоў, вучэбны корпус, клуб і сталовую, басейн, футбольнае поле са штучным пакрыццём, стадыён, іншыя сучасныя збудаванні.
Такую базу, безумоўна, грэх не выкарыстоўваць для правядзення розных спаборніцтваў і конкурсаў. Так, у 2012 годзе тут прайшоў ХІІІ Рэспубліканскі летні палявы лагер “Ратавальнік”, у якім каманда ліцэя ўдзельнічала ўпершыню і адразу заняла другое агульнакаманднае месца. А праз год на базе ліцэя быў праведзены ХІ Міжнародны злёт юных ратавальнікаў-пажарных, у якім удзельнічалі каманды з 13 краін свету. Ліцэісты добра паказваюць сябе на спаборніцтвах, як на тых, што звязаны са спецыфікай ліцэя, так і на ўзроўні агульнаадукацыйных прадметаў. Так, сярод выхаванцаў ліцэя — больш за 150 пераможцаў раённых алімпіяд, 38 дыпламантаў абласных, 7 дыпламантаў рэспубліканскіх і міжнароднай алімпіяд. Выпускнік ліцэя Андрэй Цішковіч, хлопец з мнагадзетнай сям’і, колішні ўдзельнік міжнароднай алімпіяды па фізіцы, зараз вучыцца ў БДУ па спецыяльнасці “Ядзерная фізіка”. Ужо зараз ён атрымаў прапанову пасля заканчэння вучобы працягнуць службу ў МНС на Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы.

У 2014 годзе на V чэмпіянаце свету па пажарна-ратавальным спорце сярод юнакоў Яўген Арцюх заняў 1-е месца ў практыкаванні “Пераадоленне 100-метровай паласы з перашкодамі”. А летась на VI такім чэмпіянаце ў Гродне лепшым у гэтым жа практыкаванні стаў Аляксей Еўтух. У 2014 і 2015 гадах у Міжнародным злёце юных ратавальнікаў-пажарных каманда ліцэя заняла 1-е і 2-е агульнакаманднае месца адпаведна.

Ведаць і ўмець

Памятаеце, як гаварылі ў СССР: “Гэта павінен ведаць і ўмець кожны”. У адносінах да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях гэты лозунг ніколі не страціць сваёй актуальнасці. А тыя, хто прайшоў адпаведны курс у інавацыйна-адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці Гомельскай вобласці, упэўнена, будуць самымі дасведчанымі ў гэтым плане. Нездарма тут праводзяцца семінары па бяспецы жыццядзейнасці для педагогаў.

Цэнтр уведзены ў эксплуатацыю ў студзені 2015 года. У ім функцыянуе шэраг інтэрактыўных модуляў і адукацыйных пляцовак: калідор бяспекі, “Узнікненне і развіццё пажару ў жылых памяшканнях”, “Правілы паводзін падчас стыхійных бедстваў”, трэнажор “Правілы выкліку дзяжурнай службы МНС”, правілы карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння, трэнажор-лабірынт, “Бяспечная эвакуацыя людзей з задымленага памяшкання”, трэнажоры “Радыяцыйная бяспека”, “Аказанне першай медыцынскай дапамогі”, пляцоўка “Правілы паводзін у лесе”.

Начальнік аддзела прафесійнай арыентацыі і прапаганды бяспекі жыццядзейнасці Дзяніс Уладзіміравіч Крук правёў каманду “Настаўніцкай газеты” праз усе гэтыя трэнажоры і выпрабаванні, так што па ўласным вопыце магу сказаць: усё вельмі ўражвае, наглядна, запамінальна. І хаця мэтавая аўдыторыя цэнтра — дзеці малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, навучанне для дарослых людзей не менш цікавае, чым для малых. А галоўнае, не менш карыснае. Яно заснавана на віртуальным паглыбленні ў асяроддзе, якое імітуе розныя надзвычайныя сітуацыі, і грунтоўным вывучэнні матэрыялу за кошт павышэння эмацыянальнага ўспрымання сітуацыі, якая мадэлюецца.
Так, у калідоры інавацыйна-адукацыйнага цэнтра на падлогу і сцены нанесены фотакалажы, якія мадэлююць небяспечныя сітуацыі ў балоцістай мясцовасці, у лесе, на гарадскіх вуліцах і г.д. Таксама тут прыведзены прыклады няшчасных выпадкаў, якія адбываліся ў Беларусі. Напрыклад, штогод 1—2 дзяцей у краіне гінуць на пясчаных кар’ерах, таму ў цэнтры папярэджваюць аб гэтай небяспецы. Расказваюць наведвальнікам і пра тое, што 99% людзей, якія тонуць у вадаёмах, гэта тыя, хто ўмее плаваць. Безумоўна, вучаць, як дапамагчы тым, хто тоне, калі сам не ўмееш плаваць. Што тычыцца прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў, то да 1 чэрвеня тут плануюць запусціць пляцоўку па адпаведным навучанні на вуліцы. Расказваюць дзецям і пра многае іншае. Напрыклад, пра тое, як дзейнічаць, калі ў метро або на прыпынку яны знайшлі рэчы, пакінутыя без нагляду.

Шмат чаго яшчэ карыснага і цікавага размешчана ў цэнтры. Скажам, памяшканне для адпрацоўкі навыкаў эвакуацыі з задымленага памяшкання, дзе трэба знайсці выхад пры дапамозе стрэлак, якія свецяцца ў цемры, або сучасныя і вельмі нятанныя трэнажоры для навучання аказанню першай даўрачэбнай дапамогі пацярпеўшым з рознымі пашкоджаннямі. Выкарыстоўваюць гэтыя трэнажоры і для адпрацоўкі навыкаў навучэнцаў медыцынскага каледжа.

Правілам паводзін у лесе, іншым навыкам вучыць віртуальны персанаж “Спасайка”. Ёсць тут і кабінет для навучання дзеянням ва ўмовах радыяцыйнай небяспекі, дзе малыя даведваюцца, якія прылады выкарыстоўваюцца для вымярэння радыяцыі, самастойна праводзяць вымярэнні. Усталявана крэсла, з дапамогай якога можна даведацца пра ўзровень утрымання ў арганізме калію і цэзію. Як расказаў Дзяніс Уладзіміравіч, з каліем у многіх бываюць праблемы, а вось па цэзіі перавышэнне было выяўлена толькі ў адной настаўніцы. Праўда, праз тыдзень жанчына вярнулася ў цэнтр, і вымярэнне паказала, што цяпер у яе ўсё ў парадку. Зараз у цэнтры рыхтуюць памяшканне для навучання па абыходжанні з газавым абсталяваннем. А ў басейне будуць вучыць дапамозе тым, хто тоне.

Пасля наведвання цэнтра дзеці праходзяць выніковае тэсціраванне ў класе кантролю ведаў і атрымліваюць імянныя сертыфікаты. Між іншым такія інавацыйна-адукацыйныя цэнтры плануецца стварыць у кожным абласным цэнтры Беларусі і ў Мінску.

Класная каманда

Якраз падчас прыезду каманды “Настаўніцкай газеты” на Гомельшчыну тут праходзілі своеасаблівыя спаборніцтвы, якія не праводзяцца ні ў адной іншай вобласці Беларусі. Гэта асабіста-камандныя спаборніцтвы па навыках дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі “Мой клас — мая каманда”. Сёлета яны прайшлі трэці раз.

— Галоўнае, для чаго мы ініцыіравалі спаборніцтвы, — гэта згуртаванне класаў, што зразумела з назвы мерапрыемства, папулярызацыя актыўнага, бяспечнага і творчага ладу жыцця школьнікаў, — гаворыць Вольга Васільеўна Пісарэнка, намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Удзельнічаюць у спаборніцтвах каманды ад усіх раёнаў і Гомеля, якія складаюцца з навучэнцаў аднаго 8 класа. Узначальвае каманду класны кіраўнік, са спартыўнай праграмай нярэдка дапамагае трэнер. Да таго як трапіць у трэці этап, які і праводзіцца на базе ліцэя, васьмікласнікі ўдзельнічаюць у некалькіх завочных і двух вочных этапах: першы праводзіцца напярэдадні Дня ратавальніка, у студзені, другі — у лютым, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. Ну і нарэшце этап на базе ліцэя, падчас якога прадугледжаны начлег у палявых умовах.

Сёлета надвор’е падчас трэцяга этапу выдалася настолькі халодным, што здавалася, усе вырашаць начаваць пад дахам (арганізатары прадаставілі такую магчымасць). Ды не, амаль усе засталіся ў палатках і на наша пытанне, ці змерзлі ноччу, дружна адказвалі “Не!”, як, напрыклад, васьмікласнікі з Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. Школа ўдзельнічае ў спаборніцтвах трэці раз, аднойчы заняла другое месца, летась — першае. Дзяцей суправаджалі педагог дадатковай адукацыі Пётр Пятровіч Ахрэмчык і класны кіраўнік Ландыш Гумераўна Сатарава.

Навучэнцаў Двіжкоўскай базавай школы Ельскага раёна суправаджаў класны кіраўнік настаўнік фізкультуры Аляксандр Міхайлавіч Шкробат. Каманда гэтай школы была і пераможцай, і лаўрэатам спаборніцтваў. Настаўніку давялося сёлета прывезці на мерапрыемства амаль увесь свой клас, бо школа маленькая.

А на пляцоўцы каманды з Петрыкаўскага раёна, які прадстаўляла Мышанская сярэдняя школа, нас пачаставалі вельмі смачным чаем з цудоўным мёдам. З 11 васьмікласнікаў гэтай школы на спаборніцтвы прыехалі шасцёра на чале з класным кіраўніком Таццянай Мікалаеўнай Васілец. А яшчэ супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” паспелі паўдзельнічаць у галасаванні за лепшы малюнак на тэму жыцця пасля аварыі на ЧАЭС. Нам спадабалася! Перамагла ж у сёлетніх спаборніцтвах ужо знаёмая нам каманда Доўскай школы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.