Выхавальнік людскасці

- 10:14Людзі адукацыі, Рознае

Віктар Віктаравіч Кажура ў педагогіцы 36 гадоў. За гэты час здаралася ўсякае, але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні педагагічнага лёсу, ён заўсёды імкнецца ды выхавання людскасці ў сваіх дзецях. Без чалавечых адносін нічога не будзе. У гэтым настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Вілейкі Мінскай вобласці цвёрда перакананы.

Усе свае педагагічныя, сяброўскія, а на сёння і літаратурныя дасягненні Віктар Віктаравіч звязвае толькі з чалавечымі зносінамі. Ужо шмат гадоў ён разам з вучнямі займаецца даследчай дзейнасцю. І, перш чым пачаць працаваць з вучнем, ён ідзе да бацькоў. Сумесная работа па рэалізацыі даследчай задумы пачынаецца менавіта з гутаркі з бацькамі. Віктар Віктаравіч на ўласным вопыце пераканаўся, што толькі пры згодзе і падтрымцы бацькоў можна дасягнуць з іх дзіцем поспеху.

Так некалі было з Бажэнай Мацюк, якая ў 2006, 2007, 2008 і 2009 гадах станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А затым з Аляксандрай Грабоўскай, якая таксама была стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта, толькі ўжо ў 2013 годзе.

Вучні Віктара Віктаравіча атрымліваюць дыпломы пераможцаў, становячыся ўдзельнікамі секцый па беларускай мове і літаратуры конкурсу работ даследчага характару, які праводзіцца для школьнікаў Мінскай вобласці. Маюць перамогі і на рэспубліканскім узроўні. Педагог упэўнены, што дзецям абавязкова трэба даваць шанс паказаць сябе больш шырокай аўдыторыі, тым больш што ў аснове іх даследчых работ ляжыць багаты краязнаўчы матэрыял, які трэба не проста вывучаць, а з гонарам і годнасцю несці ў людзі.

Выхаванцы Віктара Віктаравіча выдатна з гэтым спраўляюцца, бліскуча выступаючы (і атрымліваючы дыпломы) на міжнародных форумах студэнцкай і вучнёўскай моладзі “Першы крок у навуку”. Яны становяцца дыпламантамі і лаўрэатамі Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага і іншых навуковых маладзёжных канферэнцый. І адусюль настаўнік і яго вучні прывозяць прыклады людскіх адносін, у якіх галоўнае — адчуванне чалавечага пляча: найперш трэба падставіць сваё, каб пасля можна было абаперціся на чужое.

Гаворачы пра літаратурныя дасягненні Віктара Віктаравіча, адзначу, што з верасня 2014 года ён прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў нашай краіны. Педагог даўно займаецца літаратурнай творчасцю, з’яўляецца аўтарам (суаўтарам) паэтычных зборнікаў, цесна супрацоўнічае з народным клубам кампазітараў “Жывіца”.

Удзельнікі гімназічнай літаратурнай гасцёўні “На парнасе”, якой кіруе Віктар Віктаравіч, з’яўляюцца пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў, выступаюць на радыё, у тэлеперадачах, перыядычным друку.

Сам настаўнік таксама выступае, дзеліцца вопытам сваёй педагагічнай дзейнасці на старонках вучэбна-метадычных выданняў, на курсах павышэння кваліфікацыі і семінарах Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі. У 2015 годзе беларускай асацыяцыяй “Конкурс” для пераможцаў алімпіяды “Буслік-2015” быў выдадзены вучэбны дапаможнік “Азбукоўнік”, аўтарам якога выступіў Віктар Віктаравіч Кажура.

Зразумела, што гэты настаўнік карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег, вучняў і бацькоў. Вучні вырастаюць, самі становяцца бацькамі, але ў іх душах заўсёды ёсць месца для той самай людскасці, якой іх вучыў Віктар Віктаравіч. І яны з задавальненнем вядуць сваіх дзяцей да гэтага настаўніка, бо ўпэўнены, што ён распазнае, падтрымае і дапаможа развіць іх творчыя здольнасці. І будзе рабіць гэта не толькі падчас вучэбных заняткаў, але і ў пазаўрочнай дзейнасці, рыхтуючы школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах работ даследчага характару, літаратурных конкурсах.

Віктар Віктаравіч дасканала валодае тэорыяй і методыкай выкладання беларускай мовы і літаратуры. З’яўляючыся прыхільнікам класічнага ўрока, настаўнік імкнецца прывіваць дзецям любоў да роднай мовы і літаратуры, якая пачынаецца з шанавання малой радзімы.

А каб заўсёды заставацца цікавым для сваіх вучняў, педагог закончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і ў пачатку бягучага года атрымаў вучоную ступень магістра. Думаю, што на гэтым Віктар Віктаравіч не спыніцца, таму жадаю яму поспехаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.