Галоўнае на свеце…

- 10:10Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні, Рознае

На мінулым тыдні Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адзначыў сваё 80-годдзе. Адзначыў хораша і годна. Адзначыў цэлым шэрагам мерапрыемстваў: адкрыццём выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, заснаваннем Міжнароднага фествалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”, плённай, насычанай новымі ідэямі і прапановамі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”…

НЦМТДіМ — 80. Якія ўсё ж такі скупыя гэтыя літары, гэтая лічба! Літары і лічбы неадушаўлёныя.

А душа — у тым, што 80 гадоў назад Палац піянераў і акцябрат быў створаны — sic! — па просьбе групы мінскіх школьнікаў, якім было мала проста вучыцца ў школе, а захацелася яшчэ і маляваць, танцаваць, спяваць пасля школы.

А душа — у тым, што менавіта ў гэтым цэнтры нарадзіліся першыя ў нашай краіне дзіцячыя ансамблі песні і танца, мастацкія студыі, гурткі гарманістаў і барабаншчыкаў, харавыя і тэатральныя калектывы, фэшн-подыумы для самых маленькіх.

А душа — у тым, што яны штомесяц, калі не штодня, славяць дасягненнямі свой родны цэнтр і заадно сваю родную краіну за мяжой, прывозячы на вуліцу Кірава, 16 дыпломы і граматы.

І душа гэтая напоўніцу вылілася ў мінулую пятніцу, 21 кастрычніка, на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, дзе адбыўся святочны юбілейны канцэрт “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці”. 180 хвілін шчасця, 180 хвілін прыгажосці, 180 хвілін радасці… Радасці за самае галоўнае ў нашым жыцці — за нашых дзетак.

“Моладзі, якая знаходзіцца ў гэтай зале, напэўна, цяжка зразумець, што гэта такое — 80 гадоў іх любімаму цэнтру, — заўважыў на адкрыцці юбілейнага канцэрта міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Вось тут яны танцуюць, спяваюць і малююць, а побач з імі такія ж энергічныя, вясёлыя і маладыя іх педагогі! Дык хіба ж дасі ім 80 гадоў? Але тут жа, у гэтай зале, знаходзяцца і тыя, хто яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя хадзіў у Палац піянераў і школьнікаў і таксама танцаваў, спяваў, маляваў. Яны і стваралі гісторыю гэтай легендарнай установы, якая сёння вызначае палітыку дадатковай адукацыі нашай краіны. Немагчыма ўявіць сёння ніводнае культурнае мерапрыемства ў нашай сістэме адукацыі без удзелу ў ім Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі”. “Я часта па вечарах хаджу па вуліцы Кірава, — дадаў Міхаіл Анатольевіч. — Праз вокны бачу ў холе бацькоў, якія чакаюць з заняткаў сваіх дзяцей. І ў 8 гадзін вечара, і нават у 10… Гэта лепшае сведчанне таго, што ў цэнтра ёсць душа, бо дзяцей не падманеш”.

Са сцэны Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў гучала яшчэ нямала прыгожых і велічных слоў у адрас Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і яго дырэктара Надзеі Васільеўны Васільчанка. Запомніліся словы намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандра Іванавіча Сягодніка: “У нас, людзей старэйшага пакалення, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі больш асацыіруецца са словам “палац”. Палац творчасці, палац юнацтва, палац надзеі, палац перспектывы, палац будучыні… Менавіта таленавітай будучыні! Мы ўсе любім наш палац — наш цэнтр. Поспехаў вам, дарагія сябры!

Я ўпэўнены: педагог без дадатковай адукацыі, без пазаўрочнай работы не педагог. Вы, сённяшнія супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, робіце нашых таленавітых дзяцей яшчэ больш таленавітымі! Я люблю вас, я вечна з вамі!”

А потым быў цудоўны канцэрт, які ўмоўна можна было падзяліць на тры часткі: папсова-эстрадную, міжнародную і элітарную.

У першай асабліва пацешылі “Стыляжкі” ў выкананні ансамбля сучаснай харэаграфіі “Натхненне”.

Другая сапраўды была міжнароднай, бо сабрала на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў удзельнікаў І Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”: разняволеных і непасрэдных немцаў з берлінскага ансамбля The splits (трэшчынкі. — М.Ч.), неўтаймаваных літовак з Вільнюскага дзіцячага тэатра танца Angel Project (чытай, як хочаш: ці анёльскі праект, ці фабрыка па вытворчасці маленькіх гутаперчавых анёлаў), засяроджаных юных музыкантаў з яраслаўскага джазавага аркестра ўзорнага дзіцячага калектыву эстрадна-джазавай студыі “А&Б”, рамантыкаў з кішынёўскага ансамбля “Антарэс”, нашых малайцоў з узорнага ансамбля танца “Дзіця свету” і аб’яднання па інтарэсах “Дзеці ўсёй зямлі”. Дарэчы, аднайменная песня “Дзеці ўсёй зямлі” ўжо аформілася за гэтыя дні як гімн фестывалю “Творчасць без межаў”. Яна насамрэч праймае, прымушае плакаць унутры.

Нарэшце, у трэцяй частцы парадавалі тыя калектывы, без якіх сёння немагчыма ўявіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Белая Русь”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Зорачка”, народная харавая капэла “Раніца”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, подыум-школа Fashion style, узорны эстрадна-сімфанічны аркестр…

Завяршыўся канцэрт песняй — гімнам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці” ў выкананні народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” і ўсёй залы Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Я нават не заўважыў, як міжволі з усёй залай устаў са свайго месца, узяў за руку зусім незнаёмага мне суседа і, стоячы, заспяваў: “Галоўнае на свеце…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.