Выхаваўчыя магчымасці ўрока

- 11:26Адукацыйная прастора

Прафесійны конкурс педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” адрозніваўся ад конкурсаў папярэдніх гадоў не толькі структурай, але і тэмай абагульнення вопыту. І ўсе педагогі, хто прыняў удзел хаця б у адным з этапаў конкурсу, сутыкнуліся з тэмай вопыту “Навучаючы, я выхоўваю”. Гэтая фраза гучыць як аксіёма. Асноўныя функцыі навучання: адукацыйная, развіццёвая і выхаваўчая. На кожным уроку ідзе прырашчэнне ведаў навучэнцаў, іх развіццё і выхаванне. Калі адукацыйная і развіццёвая функцыі прапісаны ў праграме, то выхаваўчая функцыя вырашаецца кожным настаўнікам па-рознаму. Выхаваўчая функцыя, звязаная з фарміраваннем адносін, не рэгламентуецца вучэбным планам і праграмамі, а таму выклікае цяжкасці ў настаўнікаў пры планаванні ўрока і аказваецца некіруемай пры яго правядзенні.

У нашай школе ўдзельнікам другога і трэцяга этапу конкурсу “Настаўнік года — 2014” была настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Князева. На сваіх уроках яна вырашае задачы выхавання маральных якасцей асобы. У аснове яе работы на ўроках літаратуры — трохвугольнік: асоба, узаемаадносіны асобы ў блізкім акружэнні (дом, сям’я), асоба ў грамадстве (Радзіма). Вывучаючы літаратурны твор, яе вучні характарызуюць якасці асобы героя, параўноўваюць яго з сабой, выбіраюць рысы характару, якія самі хацелі б развіваць у сябе. На прыкладзе літаратурных герояў вучацца ацэньваць мадэлі паводзін і ўзаемаадносін герояў адзін з адным. Гэтая ўзаемасувязь звён трохвугольніка прасочваецца на ўроках літаратуры ў кожным класе. Акрамя таго, Таццяна Уладзіміраўна старанна падбірае матэрыял па змесце ўрокаў рускай мовы, каб заха-ваць пераемнасць урокаў мовы і літаратуры. У 5—7 класах пры вывучэнні твораў яна звяртае ўвагу навучэнцаў на пабудову адносін з бацькамі, равеснікамі як неабходнасць маральных адносін да свайго акружэння, клопату аб іншых, важнасці культуры ненасілля. Тут сувязным элементам трохвугольніка з’яўляецца паняцце “дом”. Напрыклад, пры вывучэнні “Казкі пра мёртвую царэўну і сем волатаў” А.С.Пушкіна настаўніца прапаноўвае навучэнцам скласці параўнальную характарыстыку галоўных гераінь казкі. Навучэнцы называюць якасці герояў, якія асацыіруюцца з дабром і злом, а потым складаюць “дрэва” дабра і зла, дзе адлюстраваны тыя якасці асобы, якія дапамагаюць (або перашкаджаюць) ім наладжваць добрыя ўзаемаадносіны ў сем’ях.У 7—9 класах акцэнт робіцца на агульначалавечыя каштоўнасці: міласэрнасць, сяброўства, любоў, шчасце. Напрыклад, у 7 класе, аналізуючы маральныя праблемныя сітуацыі пры вывучэнні аповесці А.С.Пушкіна “Капітанская дачка”, навучэнцы разважаюць над пытаннямі: “Міронаў — патрыёт? Пугачоў — патрыёт?” Чаму ж тады адзін патрыёт хоча павесіць другога? Навучэнцы працуюць з паняццем “гонар”, падбіраюць прыказкі, працуюць са слоўнікамі, пішуць эсэ, адказваюць на пытанні: “А ці ёсць у нас абавязак? Абавязак перад кім і перад чым можа быць?” Ключавым паняццем на гэтым этапе з’яўляецца паняцце “любоў” (любоў да Радзімы, да чалавека, жыцця). Таццяна Уладзіміраўна звяртае ўвагу на развіццё экзістэнцыяльнай сферы асобы, стварае ўмовы для фарміравання пазітыўных адносін да сябе, навакольных, жыцця, падводзіць навучэнцаў да разумення сутнасці і каштоўнасці чалавечага жыцця. Напрыклад, у 9 класе пры вывучэнні рамана М.Лермантава “Герой нашага часу” настаўніца будуе свой урок на аснове вобразаў, звязаных з вачамі (розных масак, фотаздымкаў вачэй чалавека, фотаздымкаў твараў чалавека ў акулярах, сляпога). Паколькі вочы — люстра душы чалавека, то гэтыя вобразы дапамагаюць навучэнцам зразумець Пячорына і асэнсаваць сваё прызначэнне ў жыцці. У 10—11 класах асноўная задача настаўніка — дапамагчы навучэнцам выбудаваць сістэму маральных чалавечых каштоўнасцей, дзе ключавымі з’яўляюцца паняцці “Радзіма” і “грамадзянін”. Напрыклад, вывучаючы раман М.Булгакава, навучэнцы аналізуюць сутнасць з’явы любові, накіраванасць любові, яе невычэрпнасць. Разважаюць над словамі Л.Талстога, што любоў — гэта вялікі дар. Гэта адзіная рэч, якую мы можам падарыць, і ўсё ж яна ў нас застанецца. Таццяна Уладзіміраўна ўпэўнена, што яе ўрокі дапамагаюць навучэнцам наладжваць адносіны з сябрамі, у сям’і, “пабудаваць сябе” і быць шчаслівымі.
У нашай Лугаваслабадской сярэдняй школе заўсёды на высокім узроўні праходзяць пазакласныя мерапрыемствы, прадметныя і тэматычныя тыдні. Школа двойчы, у 2011 і 2013 годзе, была ўзнагароджана дыпломам пераможцы спаборніцтваў сярод устаноў адукацыі Мінскага раёна “За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выхаваўчай рабоце. Але асноўны выхаваўчы працэс адбываецца, канечне, на ўроках. Выхаваўчы працэс на ўроку неабходна арганізоўваць і накіроўваць зыходзячы з мэт і задач выхавання — тады вынік выхавання будзе адпавядаць яго мэце. Выхаванне — гэта вынік вырашэння выхаваўчых задач. І калі ў выхаваўчай рабоце школы і на ўроках вырашаюцца адны і тыя ж задачы, то можна гаварыць пра адзінства выхавання, развіцця і навучання, г.зн. пра вырашэнне трыадзінай задачы ўрока. Як жа паставіць выхаваўчыя задачы на ўрок?
Выхаванне любой якасці, любой рысы асобы павінна праходзіць (паводле Рубінштэйна) наступныя стадыі: узбуджэнне — падахвочванне (падмацаванне) — генералізацыя. Таму і фармулёўкі выхаваўчых задач для настаўніка на ўрок павінны ставіцца праз развіццё і на канкрэтных прыкладах могуць фармулявацца наступным чынам:
— стварыць умовы для ўзбуджэння цікавасці;
— выклікаць зацікаўленасць у … ;
— стварыць умовы для фарміравання ўмення мэтапастаноўкі і развіцця валявых намаганняў;
— стварыць умовы для развіцця адвольнай матывацыі, арганізаванасці, ініцыятыўнасці;
— абудзіць гатоўнасць вырашаць задачы самастойна;
— абудзіць цікаўнасць;
— спрыяць замацаванню ўпэўненасці ў сваіх сілах;
— падахвоціць навучэнцаў да актыўнасці;
— абуджаць праяўленне розных пачуццяў і эмоцый, фарміраваць неабходныя навыкі ў кіраванні сваімі пачуццямі і эмоцыямі;
— нейтралізаваць негатыўныя эмацыянальныя станы навучэнцаў;
— развіць санагеннае мысленне, якое змяншае ўнутраны канфлікт, напружанасць;
— спрыяць замацаванню валявых якасцей навучэнцаў;
— спрыяць развіццю эмацыянальнай сферы ў адзінстве са сферай самарэгуляцыі.
Напрыклад, на ўроку біялогіі ў 7 класе па тэме “Уплыў фактараў навакольнага асяроддзя на рост каранёў раслін” выхаваўчую задачу — стварэнне ўмоў для развіцця станоўчых эмацыянальных станаў навучэнцаў — я вырашаю пэўным чынам. У пачатку ўрока, пасля праверкі ведаў ствараю наступную сітуацыю. На дошцы малюю дом, запісваю фразу “Дом, у якім я жыву…”. Прашу навучэнцаў працягнуць сказ. Навучэнцы гавораць: “утульны”, “цёплы”, “мяне любяць” і тлумачаць чаму (“там мае блізкія”, “там мы нарадзіліся” і г.д.) Адказы суправаджаюцца радаснымі эмоцыямі і ўспамінамі пра дом. А потым прапаноўваю ім уявіць дом, дзе жыве корань — гэта глеба, і ад імя кораня яшчэ раз закончыць сказ, уявіўшы сябе коранем. Тут канцоўкі сказа ўжо іншыя: “цёмны”, “халодны”, “цяжкі”, “мокры”, “душны”. Тут эмоцыі маюць ужо іншыя фарбы. Пасля гэтага навучэнцам ужо няцяжка выказаць здагадку, якія ўмовы патрэбны кораню ў яго доме, каб расці і не загінуць. І ў падахвочванні навучэнцаў прачытаць тэкст падручніка і зверыць свае здагадкі ўжо няма цяжкасцей. Навучэнцы на ўроку даведваюцца, якія ўмовы (паветра, цяпло, вільгаць, мінеральнае харчаванне — угнаенні) неабходны караням для росту, і могуць самі са свайго жыццёвага вопыту прапанаваць дзеянні (агратэхнічныя прыёмы), якія неабходны, каб гэтыя ўмовы стварыць. А ў канцы ўрока можна прапанаваць навучэнцам адказаць на пытанне “Што ты будзеш рабіць, каб кораню было добра жыць у яго доме?” або зноў прапанаваць незавершаны сказ: “Каб кораню было камфортна ў яго доме, я буду сваю расліну…” (Паліваць, акучваць, рыхліць, угнойваць, трымаць у цяпле.)
Зыходзячы з уяўленняў пра тры стадыі выхаваўчага ўздзеяння, настаўнік можа выбудаваць іерархію выхаваўчых задач урока. Гаворачы пра паслядоўнасць, выхаваўчыя задачы можна разбіць на наступныя: па падахвочванні навучэнцаў да ўспрымання, гатоўнасці ўключыцца ў працэс атрымання інфармацыі; падахвочванні (падмацаванні) да адэкватных дзеянняў; генералізацыі, г.зн. здольнасці эмацыянальна і адэкватна рэагаваць, фармуляваць ацэначныя меркаванні.
Паводзіны і дзейнасць чалавека стымулююцца і рэгулююцца не толькі эмоцыямі і пачуццямі, але і воляй. Напрыклад, на ўроках хіміі пры вырашэнні выхаваўчай задачы — спрыяць замацаванню валявых якасцей (самастойнасць, упартасць) навучэнцаў — я выкарыстоўваю наступны прыём: “Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж”. Воля чалавека фарміруецца ў намаганні, ва ўнутраным напружанні, якое неабходна праяўляць, пераадольваючы цяжкасці. Ствараць умовы для выхавання валявых якасцей дапамагае серыя заданняў, якія неабходна выканаць навучэнцам, для замацавання ўменняў і навыкаў. Напрыклад, на ўроку ў 7 класе па тэме “Тыпы хімічных рэакцый” для адпрацоўкі ўменняў вызначаць тыпы рэакцый навучэнцам неабходна выканаць максімальную колькасць практыкаванняў. Гэта цяжкая і манатонная работа, але неабходная для замацавання навыкаў. Вось тут і неабходна праяўленне валявых якасцей: прымусіць сябе, дасягнуць мэты намаганнем волі. Кожнай групе навучэнцаў (па 3—4 чалавекі) прапаноўваю на выбар карткі з ураўненнямі рэакцыі. Карткі рознага колеру, рознай формы і памеру. Навучэнцы спачатку ў групе вызначаюць, колькі і якіх картак яны возь-муць (напрыклад, два маленькія зялёныя квадраты, адзін чырвоны вялікі трохвугольнік і г.д.). І галоўная ўмова — выканаць усе заданні на выбраных картках. А далей май-стэрства і хітрасць настаўніка — так раздаць карткі, каб тым, хто выбраў мала (хацеў схітраваць) малых па памеры картак, раздаць карткі з меншым шрыфтам, але з той жа колькасцю ўраўненняў, што і на маленькіх картках; тым, хто горш засвоіў тэму, даць карткі з больш простымі ўраўненнямі, а моцным навучэнцам — больш складаныя. Галоўная ўмова прыёму “Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж” — выканаць усе заданні. Калі не справіліся на ўроку, пакінуць як дамашняе заданне. Гэты прыём можна выкарыстоўваць і на іншых уроках, дзе неабходна адпрацоўка ўменняў рашаць задачы, выконваць практыкаванні.
У 4 класе нашай школы — 15 навучэнцаў (з іх 10 хлопчыкаў), трое навучэнцаў — на інтэграваным навучанні. Усе хлопчыкі вельмі рухавыя, актыўныя. Працуе з гэтымі дзецьмі настаўніца пачатковых класаў Ірына Дзмітрыеўна Буралёва. Асноўны напрамак яе работы — вучэбнае супрацоўніцтва. У яго аснове — сумесная і калектыўна-размеркаваная дзейнасць, якая суправаджаецца зносінамі навучэнцаў. Такая дзейнасць прадугледжвае канкрэтнае размеркаванне роляў паміж удзельнікамі — яе арганізоўвае настаўнік. А ў класе, дзе хлопчыкі — непаседы, трэба трымаць вуха востра, выхоўваць свядомую дысцыпліну, адказнасць за свае ўчынкі. Таму ў аснове выхавання сфер асобы на ўроках у Ірыны Дзмітрыеўны — выхаванне валявой сферы навучэнцаў. Воля праяўляецца ў намаганні, ва ўнутраным напружанні, якое перажывае чалавек, пераадольваючы ўнутраныя і знешнія цяжкасці ў імкненні да дзеяння або стрымліванні сябе. Адвольна дзейнічаючы і адвольна затрымліваючы дзеянне, чалавек рэгулюе свае паводзіны. Напрыклад, на ўроку па тэме “Час. Адзінкі вымярэння часу” Ірына Дзмітрыеўна адпрацоўвае з навучэнцамі не толькі ўменні правільна вызначаць час, але і выхоўвае каштоўнасныя адносіны да часу. Паколькі ў 4 класе большая частка хлопчыкаў, то выхаванне такіх валявых якасцей, як рашучасць, самастойнасць, мэтанакіраванасць, вытрыманасць і ўпартасць, проста неабходна. Гэтыя рысы дапамагаюць даводзіць да канца кожную справу, пераадольваючы ўсе перашкоды, якія сустракаюцца на шляху. Яны развіваюцца ў працэсе жыцця і дзейнасці навучэнцаў у школе. Калі чалавек выконвае якое-небудзь дзеянне, прымяняючы волю, то ў гэтым працэсе можна вылучыць наступныя прыметы:
— прыкладанне намаганняў для выканання;
— наяўнасць прадуманага плана сваіх паводзін;
— узмоцненая ўвага да выканання дзеяння;
— адсутнасць непасрэднага задавальнення, якое атрымліваецца ў працэсе і ў выніку яго выканання (нярэдка намаганні волі накіраваны не столькі на перамогу над абставінамі, колькі на пераадоленне самога сябе).
На сваіх уроках Ірына Дзмітрыеўна прапаноўвае навучэнцам алгарытм дзеянняў па выкананні тых або іншых сумесных заданняў, якія стымулююць дзяцей выконваць пункты намечанага плана, прыкладаць намаганні волі для дасягнення мэты. Яна прадумвае не толькі заданні зыходзячы са зместу прадметнага матэрыялу і мэты дзеянняў навучэнцаў, але і заахвочванні. Улічваючы, што дзеянні, якія выконваюцца намаганнем волі навучэнцаў, не прыносяць задавальнення і станоўчых эмоцый, то выклікаць іх у навучэнцаў настаўніку проста неабходна. Авалоданне вучэбнымі дзеяннямі падчас урока спрыяе выхаванню такіх важных асобасных якасцей, як самастойнасць і адказнасць. Тут можна прапанаваць прыём “Кожны адказвае за сябе”. Калі група атрымлівае заданне, выконвае яго сумесна, запісваючы вынікі прамежкавых дзеянняў у табліцу або па пунктах, атрымлівае канчатковы вынік, кожны ведае, што правяраць заданне настаўнік будзе ў кожнага з групы. Адпрацаваныя навыкі паводзін дапамагаюць навучэнцам 4 класа рыхтавацца да ранішнікаў, свят, конкурсаў. Каб дабіцца поспеху, неабходны шматразовыя рэпетыцыі, дысцыплінаванасць.
Пачатковай фазай вучэбнай дзейнасці навучэнца на ўроку з’яўляецца ўвага. Каб развіваць міжвольную ўвагу, Ірына Дзмітрыеўна выкарыстоўвае ў пачатку ўрока розныя ўласцівасці прадметаў (незвычайнае, яркае, новае, цікавае, звязанае з жыццём). Адвольная ж увага ўзнікае ў выніку намагання волі вучня. Каб матываваць навучэнцаў быць уважлівымі, настаўніца ў пачатку ўрока раскрывае навучэнцам сэнс дзейнасці, якая павінна адбывацца, знаёміць з тым, якія веды ім трэба будзе засвоіць, якімі спосабамі авалодаць, што неабходна рабіць, па якім плане і чаму гэта неабходна. Кожнага вучня яна ацэньвае па ўдзеле ў сумеснай рабоце, а па выніках вучэбнай дзейнасці ставіць адзнакі. І, нягледзячы на тое, што па трох прадметах у 4 класе безадзнакавае навучанне, настаўніцы ўдаецца прыцягнуць увагу навучэнцаў да тэмы ўрока і арганізаваць супрацоўніцтва.
Любы ўрок як асноўны элемент адукацыйнага працэсу валодае пэўным выхаваўчым патэнцыялам — сукупнасцю існуючых магчымасцей для выхавання навучэнцаў. Настаўніку неабходна толькі знайсці гэтыя магчымасці ў змесце, спецыфіцы або арганізацыі ўрока. А.С.Грабянюк і Т.Б.Грабянюк у вучэбным дапаможніку “Асновы педагогікі індывідуальнасці” вылучаюць 7 сфер асобы, якія варта развіваць, каб выхаваць чалавека. Усе гэтыя сферы звязаны паміж сабой. І на ўроку настаўнік, вырашаючы адукацыйныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы, можа развіваць усе сферы асобы. Толькі працэс развіцця настаўнік павінен арганізоўваць і накіроўваць. І штодзень, рыхтуючыся да заўтрашняга ўрока, планаваць не толькі кампанент ведаў урока, але і выхаваўчы. Без удзелу ў выхаванні ўсе веды педагога застаюцца мёртвым багажом.

Алена ГАРБАР,
настаўніца біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы
Мінскага раёна, член клуба “Крыштальны журавель” .