Выхоўвае праз навучанне

Гісторыяй і грамадазнаўствам Надзея Галакціёнаўна Галушка захаплялася з дзяцінства. У школьныя гады будучы педагог вельмі любіла чытаць энцыклапедычныя даведнікі. Цікавасць да мінулага і аналізу грамадскіх працэсаў прывяла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога Н.Г.Галушка ўжо 42 гады застаецца вернай любімай прафесіі.

Большая частка працоўнай біяграфіі Надзеі Галакціёнаўны звязана з сярэдняй школай № 15 Брэста. У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава настаўніца працуе з 2008 года. За гады работы тут яна падрыхтавала 25 пераможцаў абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве. Акрамя таго, выхаванцы педагога — паспяховыя ўдзельнікі Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў і навукова-практычных канферэнцый рознага ўзроўню.

За працяглую настаўніцкую дзейнасць Н.Г.Галушка ні разу не пашкадавала, што прысвяціла ёй амаль усё жыццё. “Вядома, у педагагічнай прафесіі былі і ёсць цяжкасці, але яны не перашкаджаюць любіць яе і аддаваць ёй усе сілы”, — прызнаецца Надзея Галакціёнаўна.

Сваім самым галоўным прафесійным дасягненнем Н.Г.Галушка лічыць тое, што ніводны яе вучань не пайшоў па крымінальнай сцежцы. “Выхоўваць можна і праз навучанне, — упэўнена Надзея Галакціёнаўна. — Багаты гістарычны матэрыял дапамагае паказаць станоўчыя і адмоўныя прыклады грамадскіх з’яў і чалавечых паводзін, навучыць самастойнай рабоце з рознымі крыніцамі, сфарміраваць важныя маральныя якасці”.

“Педагог павінен быць эрудзіраваным і добрым, — гаворыць Н.Г.Галушка. — Без гэтага нельга заваяваць у дзяцей давер. А без даверу нельга дасягнуць высокіх вынікаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Я заўсёды знаходзіла ўзаемаразуменне не толькі з вучнямі, але і іх бацькамі. Больш за ўсё падабаецца ў рабоце наладжваць зносіны з дзецьмі, бачыць іх вучэбны і асобасны рост”.

Надзея Галакціёнаўна дасканала валодае тэхнікай і методыкай сучаснага ўрока. У сваёй дзейнасці педагог выкарыстоўвае розныя прыёмы і падыходы да перадачы ведаў: элементы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а таксама тэхналогіі праблемнага і праектнага навучання.

Н.Г.Галушка імкнецца стварыць на занятках спрыяльныя ўмовы для ўключэння ўсіх дзяцей у вучэбную дзейнасць, развіцця іх пазнавальных здольнасцей і крытычнага мыслення. Для гэтага настаўніца звяртаецца да дыферэнцыраванага паўрочнага матэрыялу (індывідуальных рознаўзроўневых тэстаў, творчых і даследчых заданняў), што дапамагае паспяхова засвойваць новыя і актуалізаваць назапашаныя веды.

“Матывую да вывучэння прадмета праз цікавую гістарычную інфармацыю, якая выходзіць за межы школьнай праграмы, — адзначае Надзея Галакціёнаўна. — Дзякуючы гэтаму ў дзяцей з’яўляецца жаданне знайсці нешта падобнае самім. Сярод маіх вучняў шмат тых, хто захапляецца гісторыяй. І няхай многія з іх не стануць гісторыкамі, але гістарычныя веды абавязкова спатрэбяцца ў жыцці”.

Н.Г.Галушка ўмела стварае на ўроку сітуацыю поспеху, супрацоўніцтва і даверу. Гэта выхоўвае ў ліцэістаў адказнасць і ўзаемапавагу, дапамагае самасцвердзіцца.

“Вялікую ўвагу ўдзяляю навукова-даследчай дзейнасці вучняў і падрыхтоўцы алімпіяднікаў, — расказвае Надзея Галакціёнаўна. — Гэтыя напрамкі работы цесна ўзаемазвязаны, бо ўплываюць на выніковасць адно аднаго. Займаюся з высокаматываванымі дзецьмі на факультатыўных занятках і індывідуальных кансультацыях, актыўна далучаю вучняў да праектнай дзейнасці”.

Прафесійныя поспехі педагога адзначаны граматай Міністэрства адукацыі Беларусі і Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Н.Г.Галушка — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, а таксама неаднаразовы лаўрэат прэміі Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *