Выхоўваць сапраўдных гаспадароў зямлі

- 11:44Якасць адукацыі

Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж толькі год, як увайшоў у склад сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, а дагэтуль доўгі час знаходзіўся ў ведамасным падпарадкаванні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Гэтая ўстанова адна з самых аўтарытэтных устаноў аграрнага профілю нашай краіны.

Каледж мае багатую 85-гадовую біяграфію. За гэты перыяд каледж не толькі захаваў, але і прымножыў свае традыцыі, выгадаваў не адно пакаленне аграрнікаў для нашай зямлі. Гістарычна склалася, што каледж месціцца на жывапіснай тэрыторыі палацава-паркавага комплексу Ваньковіча-Манюшкі, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. Сам каледж займае дзясяткі гектараў плошчы гарадскога пасёлка Смілавічы, дзе знаходзіцца навучэнскі гарадок, аздоблены разнастайнымі дрэвамі, кустамі, кветкавымі клумбамі, што дадаткова стварае атмасферу камфорту і ўтульнасці. І, гледзячы на навакольны ідэальны парадак і чысціню, на эстэтычны выгляд кабінетаў, лабараторый, міжволі накіроўваеш словы ўдзячнасці і павагі дырэктару каледжа Тамары Канстанцінаўне Сень, сапраўднай, шчырай гаспадыні гэтай навучальнай установы. Можна з упэўненасцю сказаць, што каледжу і яго калектыву пашчасціла ў тым, што прыйшоў такі сучасны, ініцыятыўны, творчы кіраўнік. З прыходам Тамары Канстанцінаўны жыццё ў каледжы забурліла. Для стварэння спрыяльных умоў для навучання, для павышэння якасці адукацыі, узняцця прэстыжнасці спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю была істотна абноўлена вучэбна-матэрыяльная база ўстановы. Адукацыйны працэс скіраваны на практычнае засваенне спецыяльнасцей, на адшліфоўку прафесійных навыкаў. З гэтай мэтай устаноўлены інтэрактыўныя дошкі, набыты электронны мікраскоп з камп’ютарам і праграмным забеспячэннем, мультымедыйная ўстаноўка і абсталяванне для выканання тэхналагічнага працэсу даення і шэраг іншай вучэбнай тэхнікі. Створана вучэбная ветэрынарная клініка, дзе навучэнцы практыкуюцца па засваенні навыкаў, звязаных з абслугоўваннем і лячэннем жывёл. Для гэтага каледж набыў цялушку і каня.

— Сёння мы робім ухіл на даследчую дзейнасць навучэнцаў, — паведаміла дырэктар. — Яна дапаўняе, паглыбляе, пашырае веды, што дазваляе выйсці за межы аднаго падручніка. Пры кожнай спецыяльнай лабараторыі і вучэбным кабінеце вядуцца факультатыўныя заняткі, па кожным з якіх замацавана тэма даследчай работы. Гэта дапамагае развіваць не толькі веды, практычныя навыкі, але і камунікабельнасць навучэнцаў, такую неабходную ў рэальнай сітуацыі, непасрэдна на рабочым месцы.

З укараненнем інавацыйных тэхналогій і сучаснага абсталявання педагагічная дзейнасць калектыву была скіравана на інавацыйнасць, укараненне ў адукацыйны працэс новых форм і метадаў выкладання, на развіццё творчага падыходу, пастаяннае ўдасканаленне сваіх ведаў. З мэтай павышэння свайго прафесійнага ўзроўню педагогі пастаянна праходзяць стажыроўку ў тым ліку і на прадпрыемствах сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе знаёмяцца з новай тэхнікай і сельгастэхналогіямі. У самім каледжы арганізавана работа школы маладога педагога “Шлях да майстэрства”. З улікам сучасных патрабаванняў, якія звязаны з імклівым развіццём сельскай гаспадаркі, істотную дапамогу педагогам аказвае метадычны кабінет каледжа, дзейнасць якога накіравана не толькі на ўдасканаленне методык выкладання, але і на вывучэнне і ўкараненне ў адукацыйны працэс сучасных педагагічных тэхналогій.

Вельмі актыўна педагогі і іх выхаванцы выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для размяшчэння неабходнай інфармацыі, ствараюць свае старонкі, аб’ядноўваюцца ў групы і вядуць абмен звесткамі.

З мэтай інтэграцыі сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі каледж уваходзіць у склад зоаветэрынарнай асацыяцыі “Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць”. Для працягу вучобы сваіх выспускнікоў на вышэйшым узроўні каледж заключыў дагаворы з 6 УВА нашай краіны.

У каледжы навучаецца амаль паўтары тысячы чалавек. Падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца па такіх спецыяльнасцях, як ветэрынар, заатэхнік, аграном, пчаляр і шэраг іншых. Дарэчы, каледж — адзінае месца ў краіне, дзе вучаць пчалярству. Гісторыя пчалярскай справы налічвае больш за 50 гадоў. За гэты час была створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, назапашаны багаты вопыт развядзення пчол, сабраны вучэбна-метадычны матэрыял для навучання пчаляроў. Сёння каледж мае вучэбны пчальнік, дзе створаны ўсе ўмовы для правядзення практычных заняткаў навучэнцаў. У планах Тамары Канстанцінаўны стварыць музей пчалярства, і цяпер актыўна вядзецца збор неабходнага матэрыялу па гэтай тэме. Дарэчы, у каледжы ў выхаваўчым працэсе вялікую ўвагу ўдзяляюць музейнай педагогіцы. Тут адкрыты міні-музеі па тэмах “Рамяство і быт беларускага народа”, “Хлеб”, “Фаўна Беларусі”, “Гісторыя каледжа”, “Вялікая Айчынная вайна” і інш. Тамара Канстанцінаўна разам са сваім калектывам і навучэнцамі збіраюць усё новыя і новыя экспанаты для сваіх музеяў. У каледжы пастаяннымі наведвальнікамі з’яўляюцца школьнікі, іх бацькі, госці з іншых навучальных устаноў. Каледж штогод прымае ўдзельнікаў шматлікіх забаўляльных мерапрыемстваў, семінараў, канферэнцый.

— Але што хаваць, прыёмную кампанію праводзіць ва ўстанове сельскагаспадарчага профілю з кожным годам усё цяжэй, — гаворыць Тамара Канстанцінаўна. — У першую чаргу мы вельмі абмежаваны ў тэрмінах прыёмнай кампаніі, яна пачынаецца намнога пазней, чым у прафесійна-тэхнічных установах, і мы звычайна камплектуемся па астаткавым прынцыпе, калі большая частка выпускнікоў ужо вызначылася ў прафесійным выбары. Таксама нам перашкаджае непапулярнасць спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю сярод моладзі і незацікаўленасць маладых людзей працаваць на сяле.

Але каледж імкнецца ўсё ж пераадольваць гэтыя цяжкасці і, нават не зважаючы на наступствы дэмаграфічнай сітуацыі, прыём не змяншае. У каледж могуць паступаць выпускнікі 9 і 11 класаў. Атрымаць выбраныя спецыяльнасці навучэнцы могуць як па вочнай, так і па завочнай формах. На спецыяльнасці на бюджэтнай аснове плануецца прыняць 200 чалавек, на платнай аснове — 130 чалавек (у асноўным гэта завочнікі). Плануецца прыняць 24 навучэнцы і на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Не змяншаць лічбы прыёму магчыма таму, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы па-ранейшаму маюць патрэбу ў кадрах. Але мала хто з моладзі затрымліваецца. Адпрацуюць маладыя людзі патрэбныя 2 гады пасля размеркавання — і паехалі шукаць лёгкага хлеба. Таму на размеркаванні на аднаго выпускніка каледжа прыходзіцца ад работадаўцаў у сярэднім аж па 4 заяўкі.

— Пагаджуся, што нашы спецыяльнасці даволі спецыфічныя і працаваць па іх даволі цяжка, — адзначыла Т.К.Сень. — Трэба любіць жывёл, умець пра іх клапаціцца, лячыць іх. А для гэтага мала мець прафесійныя навыкі, неабходна мець душэўныя якасці. Моладзь бянтэжыць і тое, што ў спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў ненармаваны рабочы дзень. Узяць, напрыклад, заатэхніка. Ён на працы з ранку да вечара, а могуць нават выклікаць для дапамогі і ноччу, калі з жывёлай нешта здарыцца. Згадзіцеся, што так працаваць зможа толькі той, хто шчыра, па-сапраўднаму любіць сваю прафесію, а не выпадковы чалавек. Дык давайце гадаваць такіх людзей, давайце выхоўваць сапраўдных гаспадароў зямлі.

Але, відавочна, адной толькі навучальнай установе такое не пад сілу. Гэта доўгая, карпатлівая праца сям’і, школы, прафесійнай установы і абавязкова работадаўцаў. Такая задача пастаўлена перад калектывамі навучальных устаноў і кіраўніцтвам Мінскай вобласці. Але пакуль самым слабым звяном у гэтым з’яўляюцца заказчыкі кадраў.

Як адзначыла дырэктар, у каледжы робіцца ўсё магчымае, каб падрыхтаваць высокакваліфікаванага спецыяліста, але яго замацаванне на вёсцы — гэта ўжо клопат заказчыка кадраў. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў павінны прадаставіць належныя бытавыя ўмовы маладым кадрам, сацыяльны пакет, неабходныя льготы, іншыя матэрыяльныя стымулы. Даволі эфектыўным механізмам у замацаванні кадраў з’яўляецца мэтавая падрыхтоўка, калі гаспадарка мэтанакіравана рыхтуе сабе спецыяліста і фінансава падтрымлівае яго на працягу ўсёй вучобы. Мэтавая падрыхтоўка павінна стаць адным з галоўных кірункаў кадравай палітыкі сельгаспрадпрыемстваў.

— Я толькі за тое, каб паміж школай, прадпрыемствам і нашым каледжам наладзіць цесную, эфектыўную звязку, скіраваную на прафарыентацыйную работу, на фарміраванне прафесійнага выбару ў школьнікаў, — падкрэсліла дырэктар. — І калі мы будзем працаваць у сугуччы, то і вынік будзе толькі станоўчы. Мы са свайго боку паказваем, што мы робім, каб засвоіць спецыяльнасць, а прадпрыемства паказвае, якія ўмовы створаны для працы. І той і іншы бок павінны задавальняць маладых людзей.

Сёння каледжам заключаны дагаворы аб узаемадзеянні з шасцю сельгаспрадпрыемствамі Чэрвеньскага раёна, што забяспечвае перш-наперш правядзенне на іх вытворчай практыкі. Акрамя таго, за кожным сельгаспрадпрыемствам раёна замацаваны педагогі каледжа, каб наладзіць больш цесныя сувязі з заказчыкамі кадраў і быць у курсе спраў па ўкараненні інавацыйных падыходаў у развіцці сельскай гаспадаркі.

Дырэктар лічыць, што пачынаць прафарыентацыйную работу трэба не ў выпускных класах, а намнога раней. Сёння на тэрыторыі кожнай сельскай гаспадаркі дзейнічае школа. Відавочна, што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства павінна непасрэдна працаваць з педагагічным калектывам, са школьнікамі ў выбары прафесіі, скіроўваць іх інтарэс да спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю, і не толькі галаслоўна, як гэта робіцца сёння часцей за ўсё, а асабістым прыкладам, на прыкладзе сваёй вытворчасці, даваць магчымасць дзецям рэальна дакрануцца да той працы, якой займаліся спакон вякоў іх продкі. І хто ведае, наколькі потым узрасце колькасць сапраўдных гаспадароў нашай зямлі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара і з архіва каледжа.