Выпрабаванне для маладых дырэктараў

- 15:31Людзі адукацыі

Андрэй Валер’евіч Волкаў стаў пераможцам конкурсу “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2016”, які завяршыўся на Міншчыне. Андрэй Валер’евіч на працягу 4 гадоў узначальвае сярэднюю школу № 22 Барысава. На конкурсе ён прадэманстраваў высокія прафесійныя і асобасныя якасці, востры розум і эрудыцыю.

Конкурс “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2016” праводзіцца другі раз. Упершыню лепшага маладога дырэктара на Міншчыне вызначалі ў 2013 годзе. Конкурс быў надзвычай плённым, і таму заканамерным стаў яго працяг.

— Паспяховай з’яўляецца тая ўстанова адукацыі, якую ўзначальвае паспяховы кіраўнік. Пасля першага конкурсу тры гады назад мы ўбачылі, што мерапрыемства дазваляе выяўляць перспектыўных дырэктараў, якія далей могуць стаць кіраўнікамі больш высокага ўзроўню. Так, два ўдзельнікі конкурсу 2013 года сталі начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму сваіх рэгіёнаў, пераможца першага конкурсу была абрана старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў, — расказвае начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак. — Мы спадзяёмся, што дзякуючы конкурсу адбудзецца больш імклівае развіццё ўсёй сістэмы адукацыі Мінскай вобласці.

Конкурс “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2016” стартаваў на Міншчыне ў лістападзе мінулага года. У барацьбу ўступілі 23 дырэктары, якія на пасадзе кіраўніка ўстановы адукацыі працуюць не больш за 5 гадоў. Канкурсанты былі вельмі розныя — рознага ўзросту і з розным педагагічным і кіраўніцкім вопытам, яны ўзначальваюць установы, якія размешчаны ў сельскай і гарадской мясцовасці (базавыя і сярэднія школы, ВПК, гімназіі). Але ўсіх іх аб’ядноўвае тое, што яны любяць сваю прафесію і змаглі стаць не проста кіраўнікамі, а лідарамі сваіх працоўных калектываў.

На шляху да фіналу канкурсанты прадставілі на суд журы праграмы развіцця ўстаноў адукацыі, якія яны ўзначальваюць, а таксама эсэ, дзе паспрабавалі вывесці формулу паспяховага дырэктарства. Таксама ўдзельнікі конкурсу прайшлі тэсціраванне, дзе паказалі веды ў галіне агульнай педагогікі, педагагічнай псіхалогіі, адукацыйнага менеджменту, патрабаванняў нарматыўных прававых дакументаў. Журы ацаніла сайты ўстаноў адукацыі, якімі кіруюць канкурсанты. Па выніках чатырох выпрабаванняў у фінал выйшлі 7 маладых дырэктараў.

Фіналістаў чакалі яшчэ два конкурсныя іспыты. Удзельнікі публічна прадстаўлялі і абаранялі праграмы развіцця сваіх устаноў адукацыі. Яны прадэманстравалі глыбокае веданне сітуацыі як ва ўстанове, так і ў сістэме адукацыі цалкам, веданне сучасных праблем і бачанне шляхоў іх вырашэння, уменне мысліць стратэгічна і дзейнічаць эфектыўна. Другое конкурснае заданне фіналу — прафесійныя дэбаты. Кожны канкурсант выказваў сваё меркаванне па прапанаванай тэме і адстойваў яго ў дыскусіі з апанентамі. Маладым кіраўнікам давялося паразважаць аб тым, як кампенсаваць дэфіцыт веры ў свае сілы, як максімальна выкарыстоўваць мінімальныя рэсурсы, хто такі лідар і сапраўдны дырэктар. Канкурсанты мабілізавалі свае веды па псіхалогіі, педагогіцы, асабісты вопыт і дастойна справіліся з заданнем. Безумоўна, гэты абмен меркаваннямі стане зыходным пунктам для роздуму і далейшага прафесійнага пошуку.

3-е месца ў конкурсе заняла Святлана Іванаўна Сташаніна, дырэктар Бучацінскай сярэдняй школы Капыльскага раёна. Уладальнікам “серабра”, а таксама прыза глядацкіх сімпатый стаў Аляксандр Мікалаевіч Балцянкоў, дырэктар Гурнаўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы Клецкага раёна. Яшчэ чацвёра ўдзельнікаў сталі лаўрэатамі конкурсу.

Пераможца конкурсу “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2016” Андрэй Валер’евіч Волкаў удзел у конкурсе прыраўноўвае да атрымання яшчэ адной вышэйшай адукацыі, прызнаецца, што было няпроста. “Конкурсныя мерапрыемствы і падрыхтоўка да іх дазволілі мне ўзняцца на больш высокі ўзровень, па-іншаму паглядзець на сваю работу, работу калектыву, зрабіць пэўныя вывады. Думаю, што гэта дазволіць узняць на новы ўзровень і ўстанову адукацыі, якую я ўзначальваю”, — дзеліцца ўражаннямі і планамі лепшы малады дырэктар.

Андрэй Валер’евіч скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Ён пачынаў сваю прафесійную дзейнасць як настаўнік англійскай мовы ў гімназіі № 3 Барысава, якую, дарэчы, сам скончыў. Шмат дасягнуў Андрэй Валер’евіч як педагог. Яго навучэнцы не раз дэманстравалі высокія вынікі на Рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе па англійскай мове. Педагог з’яўляецца суаўтарам падручнікаў і рабочых сшыткаў, у 2008 годзе стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Новы паварот у прафесійным жыцці настаўніка адбыўся ў 2009 годзе, калі ён стаў удзельнікам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і прадстаўляў Мінскую вобласць на заключным этапе спаборніцтва. Андрэй Валер’евіч з’яўляецца актыўным членам рэспубліканскага клуба педагагічных работнікаў “Крыштальны журавель” і абласнога клуба “Флагман”. На дасягнутым дырэктар-пераможца спыняцца не збіраецца, бо лічыць, што вопыту ніколі не бывае дастаткова. Атрымліваць яго неабходна ўсё жыццё, а таксама верыць, што галоўныя поспехі і здзяйсненні яшчэ наперадзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.