Выпускнікі педагога Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Уладзіміра Суганякі настаўнічаюць па ўсёй вобласці. Дзевятнаццаць яго былых вучняў працуюць разам з ім у адной установе адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Значная падзея
Дзяцінства настаўніка біялогіі Уладзіміра Суганякі прыйшлося на цяжкія пасляваенныя гады. Аднак педагог успамінае яго з цеплынёй.
— Я вырас у вёсцы. Памятаю, што змалку мы з братамі і сястрой шмат працавалі. У сям’і была вялікая гаспадарка: трэба было даглядаць свойскіх жывёл, а яшчэ — дапамагчы маці ў паляводчай брыгадзе і бацьку на ферме. Працы хапала, але жылі дружна і весела, — падзяліўся Уладзімір Сцяпанавіч.
Мноства ўспамінаў Уладзіміра Суганякі звязана са школай. На вучобу ён хадзіў у дзесяцігодку за 5 кіламетраў ад роднай вёскі. Дабірацца не заўсёды было проста.
— Цяпер для навучання сельскіх дзетак створаны ўсе ўмовы. А мы хадзілі ў школу самі. Складаней за ўсё было дабірацца на вучобу зімой — перашкаджаў снег і гурбы, але жаданне вучыцца дапамагала іх пераадольваць. Бывала і так, што дарогі замятала зусім, тады займаўся самастойна дома, — паведаміў Уладзімір Сцяпанавіч.
У школе Уладзімір Суганяка быў адным з лепшых вучняў. Пасля заканчэння дзесяцігодкі навучэнцы тады здавалі па 7 выпускных экзаменаў. Уладзімір Сцяпанавіч з усімі выпрабаваннямі справіўся на выдатна. А пасля першым у сваёй вёсцы змог стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Працягнуць адукацыю вырашыў на біялагічным факультэце БДУ. Гэтай навукай захапіла мая школьная настаўніца. Конкурс ва ўніверсітэт у той набор быў 8 чалавек на месца, але, дзякуючы моцным ведам, мне ўдалося прайсці. На малой радзіме гэта стала падзеяй: мной ганарыліся не толькі бацькі, а і ўсе аднавяскоўцы, — расказаў Уладзімір Суганяка.
Пошук прызначэння
У студэнцтве Уладзімір Сцяпанавіч марыў аб навуковай рабоце, хацеў займацца селекцыяй сельскагаспадарчых раслін. Але лёс распарадзіўся інакш.
— Калі атрымліваў дыплом, у краіне быў востры недахоп настаўнікаў. Асабліва дэфіцыт педагагічных кадраў адчуваўся ў вёсцы, таму ўвесь наш курс атрымаў размеркаванне ў сельскія школы. І выйшла так, што заняўся я не навуковай, а выкладчыцкай дзейнасцю. Але аб тым не шкадую, — заўважыў Уладзімір Суганяка.
На работу Уладзімір Сцяпанавіч трапіў у Магілёўскі раён. Першыя крокі ў прафесіі рабіў у Вендаражскай і Бароўскай школах. Пасля будаўніцтва школы ў Кадзіне перайшоў у гэтую навучальную ўстанову.
— Спачатку не мог асвоіцца. Педагогікі і методыкі выкладання ва ўніверсітэце было зусім мала. Прыйшлося ўсё спасцігаць самому. Шмат займаўся самаадукацыяй. Да развіцця матывавалі вучні, зносіны з дзецьмі неверагодна натхнялі, імкнуўся быць лепшым для іх. Паступова набыў патрэбныя прафесійныя навыкі і сам не заўважыў, як педагогіка стала маім прызваннем, — адзначыў Уладзімір Суганяка.
Выніковы падыход
У настаўніцкай справе Уладзімір Сцяпанавіч сапраўды знайшоў сябе. Сёння яму ўжо за 70, але на пенсію педагог не збіраецца. Пакуль ёсць сілы, плануе выкладаць. За амаль пяць дзесяцігоддзяў плённай працы ён выбудаваў сваю сістэму эфектыўнага навучання.
— На ўроках стараюся прымяняць розныя методыкі і тэхналогіі ў залежнасці ад тэмы. У выкладанні біялогіі асабліва важнай лічу практыкаарыентаванасць заняткаў, візуалізацыю вучэбнага матэрыялу. Шырока выкарыстоўваю таксама тэхналогію праблемнага навучання. Для мяне значна, каб дзеці не проста пераймалі гатовыя веды, а разважалі, аналізавалі, рабілі ўласныя высновы, — патлумачыў Уладзімір Суганяка.
На яго думку, на ўроках зараз не абысціся і без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Ды і ў цэлым педагогу неабходна ісці ў нагу з часам.
— Нягледзячы на свой вопыт, я заўсёды нацэлены на прафесійны рост. Калі ў школе з’явіўся мультыборд, асвоіў прыладу першым. Інакш настаўніку ў сучасных рэаліях нельга. Трэба развівацца, улічваць найноўшыя адукацыйныя тэндэнцыі, каб заставацца цікавым вучням, — перакананы Уладзімір Сцяпанавіч.
Падыходы Уладзіміра Суганякі прыносяць вынікі. На яго заняткі школьнікі ідуць з жаданнем і энтузіязмам. У класах — высокая вучэбная паспяховасць. Вучні добра здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, больш за 200 з іх станавіліся пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.
— Якасць ведаў для мяне першасная. Але не меншую ўвагу ўдзяляю выхаванню навучэнцаў. Вучу іх берагчы прыроду, любіць родны край, дапамагаю вызначыцца з прафесіяй, імкнуся прывіць правільныя каштоўнасці і арыенціры. Часта гавару дзецям: выдатнікамі ў вучобе можаце і не быць, а вось годнымі людзьмі стаць абавязаны, — расказаў Уладзімір Сцяпанавіч.
Такія выхаваўчыя ўрокі не праходзяць дарэмна. За амаль паўстагоддзя Уладзімір Суганяка выпусціў са школы не адну сотню вучняў, і кожны з іх знайшоў сваё месца ў жыцці. Многія пайшлі па слядах любімага настаўніка: сталі педагогамі.
— Выпускнікі настаўнічаюць па ўсёй вобласці. Дзевятнаццаць былых вучняў — мае калегі, працуюць у нашай школе. Некаторыя нават выкладаюць біялогію і хімію. У мяне шмат прафесійных узнагарод, але менавіта гэтым ганаруся больш за ўсё, — падкрэсліў Уладзімір Сцяпанавіч.
Незвычайны факт
Дарэчы, у працоўнай біяграфіі Уладзіміра Суганякі ёсць адзін незвычайны факт. За ўсе 47 гадоў працы гэты педагог ні разу не быў на бальнічным.
— Хварэць проста няма калі, бо я пастаянна заняты любімай справай. На работу іду з радасцю, бо там мяне заўсёды чакаюць вучні, — з усмешкай гаворыць настаўнік.
Практычна штодзень большую частку свайго часу Уладзімір Сцяпанавіч праводзіць у школе. Калі ж выдаецца вольная хвілінка, займаецца прысядзібнай гаспадаркай. Педагог сваімі рукамі пабудаваў хату, заклаў побач вялікі пладовы сад. Акрамя садоўніцтва і будаўніцтва, захапляецца агародніцтвам і развядзеннем кветак.
— Стараюся ніколі не сядзець на месцы, а быць заўсёды ў руху. Гэтага хацелася б пажадаць і маладым калегам, пачынаючым настаўнікам, якія, бывае, палохаюцца першых цяжкасцей і сыходзяць з прафесіі. Развівайцеся, будзьце настойлівымі і працавітымі — гэта абавязкова прывядзе да поспеху, — запэўніў Уладзімір Суганяка.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара