Вырашаем праблемы з чытаннем

- 14:38Спецыяльная адукацыя

Многія бацькі сутыкаюцца з тым, што іх цікаўныя і кемлівыя дзеці адчуваюць сур’ёзныя цяжкасці пры авалоданні чытаннем. Вырашыць праблему не дапамагаюць ні шматлікія выкананні дамашніх заданняў, ні паўтарэнні і тлумачэнні, ні заахвочванні і пакаранні. Не трэба спяшацца лаяць дзяцей, абвінавачваючы іх у ляноце, няўважлівасці і няўседлівасці, і падазраваць настаўнікаў у недастатковай увазе да дзіцяці.

Праблема ў тым, што некаторыя навучэнцы маюць частковае спецыфічнае парушэнне працэсу чытання, якое выяўляецца ў памылках стойкага характару, якія паўтараюцца. Цяжкасці ў фарміраванні навыку чытання могуць быць выкліканы прычынамі рознага характару: парушэннямі прасторавых уяўленняў; парушэннем зрокава-маторнай каардынацыі і графаматорных навыкаў; парушэннем гукавога, зрокавага, фанетыка-фанематычнага ўспрымання; парушэннем адвольнай увагі, памяці; парушэннямі маўленчага развіцця (гукавымаўлення), граматычнага ладу маўлення. Навучэнцы часта замяняюць і блытаюць літары пры чытанні, часцей за ўсё фанетычна блізкія або падобныя па напісанні (п-т, б-в, х-ж), ­парушаюць зліццё гукаў у склады і словы, літары называюць па чарзе; скажаюць гукаскладовую структуру слова (маюць месца пропускі зычных пры збегу, пропускі галосных і зычных без збегу, дабаўленні і перастаноўкі літар); аграматызм пры чытанні, навучэнцы спрабуюць угадаць слова па некалькіх першых літарах, дрэнна разумеюць сэнс прачытанага. Такога роду памылкі трэба ўспрымаць не як вынік ляноты або няўважлівасці дзіцяці, а як сур’ёзнае маўленчае парушэнне, якое называецца дыслексіяй. Гэтае парушэнне адмоўна ўплывае на ўвесь працэс навучання, на псіхічнае і маўленчае развіццё дзіцяці.

Такі від парушэння патрабуе карпатлівай і мэтанакіраванай карэкцыйнай работы. Каб гэты працэс для навучэнцаў быў цікавы, пазнавальны і нясумны, неабходна разнастаіць карэкцыйную работу гульнямі і практыкаваннямі, якія зламалі б стэрэатыпнае ўяўленне пра чытанне як пра сумны занятак. Разнастайнасць практыкаванняў, розных па ступені складанасці, і заданні дапамо­гуць ператварыць працэс чытання ў цікавую гульню.

Для навучэнца, які пачынае чытаць, літара не з’яўляецца самым простым графічным элементам. Яна складаная па сваёй графічнай структуры, мае некалькі элементаў, па-рознаму размешчаных у прасторы ў адносінах адзін да аднаго. Працэс засваення аптычнага вобраза літары ўключае здольнасць запамінаць і ўзнаўляць у памяці зрокавыя вобразы.

Існуе мноства прыёмаў, якія дапамагаюць навучэнцам лепш запомніць зрокавы вобраз літары. У сваёй рабоце я часта выкарыстоўваю наступны прыём. Вазьміце ліст з раней надрукаванымі літарамі і прапануйце дзіцяці закрэсліць на ім тую літару, якую ён блытае або не можа запомніць. Напрыклад: “Закрэслі ўсе літары к на гэтай старонцы”, “Падкрэслі літары т, а літары п абвядзі ў кружок” і г.д.

Для замацавання зрокавага ўяўлення пра літару часта выкарыстоўваю мнеманічныя прыёмы: суаднясенне літары з падобным па форме прадметам (пажадана, каб назва прадмета пачыналася з адпаведнай літары), вербалізацыя літар з дапамогай кароткіх вершаў. Можна прапанаваць навучэнцам самастойна распрацаваць прыёмы запамінання літар, папрасіўшы дамаляваць літару да якога-небудзь прадмета. З вялікай цікавасцю навучэнцы выконваюць некаторыя практыкаванні з выкарыстаннем прыёму “Дэрмалексія”. Напрыклад:

“Угадай літару”. Пішу літару на далоні дзіцяці (пальцам або адваротным бокам алоўка), а яно павінна назваць літару. Папярэдне абмяркоўваем, якую іменна буду пісаць: друкаваную або пісьмовую, малую або вялікую;

“СМС”. Навучэнцы становяцца ў круг і адпраўляюць СМС (выкарыстоўваючы практыкаванне “Угадай літару”). Дзіця, атрымаўшы напісаную на далоні літару, перадае яе аналагічным спосабам наступнаму па крузе. Калі СМС прыходзіць да мяне, правяраем, ці адпавядае атрыманая літара адпраўленай. Калі ж атрыманае паведамленне не супадае з адпраўленым, то шу­каем звяно ланцужка, дзе здарыўся збой;

“Экстрасэнс”. Навучэнцу прапаную заплюшчыць вочы, навобмацак вызначыць выразаную з наждачнай паперы літару (друкаваную або пісьмовую, малую або вялікую) і назваць яе.

Дзякуючы выкарыстанню дэрмалексіі, развіваюцца кінестэтычныя адчуванні, вобразнае мысленне, ураўнаважваюцца левапаўшарныя працэсы (чытанне і пісьмо) з правапаўшарнымі (маляванне, вобразнае ўспрыманне), што вядзе да іх гарманічнага развіцця.

У карэкцыі дыслексіі першараднае значэнне належыць выпрацоўцы навыкаў складазліцця. Не валодаючы гэтым, навучэнцы спрабуюць угадваць патрэбны склад, што выклікае вялікую коль­касць памылак і затрымлівае працэс авалодання навыкам чытання. Каб пазбегнуць гэтага, мэтазгодна на пачатковых этапах карэкцыі выкарыстоўваць складовы матэрыял. Пры гэтым угадванне немагчыма. Навучэнец вымушаны кіравацца пры выкананні задання толькі навыкам складазліцця. У гэтым выпадку навідавоку рэальны эфект карэкцыі.

Выкарыстоўваючы на карэкцыйных занятках складовыя табліцы, я ў выпадковым парадку называю склады табліцы і прапаную навучэнцу дастаткова хутка паказаць адпаведны склад у табліцы і прачытаць яго. Пры гэтым злітнае прачытанне знойдзенага складу аблягчаецца папярэднім называннем яго мной. Просьба хутка знайсці склад падахвочвае навучэнца да пазнавання складу, што намнога паскарае пошук у параўнанні з палітарным прачытаннем кожнага складу.

З вялікім задавальненнем навучэнцы гуляюць у “Лато”, дзе яны накрываюць фішкамі склады, вымаўленыя мной або іншымі навучэнцамі. Пасля гульні правяраюцца вынікі. На пачатковым этапе выкарыстоўваю 9-клетачныя табліцы, пазней павялічваю колькасць клетак. У кожнай табліцы прысутнічаюць як прамыя, так і адваротныя склады (напрыклад, ТУ і УТ). Адваротныя склады са звонкімі зычнымі выключаю, таму што пры вымаўленні яны аглушаюцца.

ВыкарыстоўваюЯы складовыя табліцы, прымяняю іншыя заданні: прачытаць 1, 2, 5 слупок або радок складоў; прачытаць склады, якія пачынаюцца з зычнай літары, галоснай літары; прачытаць склад, у якім ёсць зададзеная літара, напрыклад, у, с.

Такія практыкаванні даюць добры вынік. Як толькі навучэнец пачынае спраўляцца з чарговай табліцай, пераходжу да наступнай з новымі складамі. Паступова дзіця засвойвае тэхніку складазліцця.

Навучэнцы з дыслексіяй маюць цяжкасці не толькі ў складазліцці, але і ў дзяленні слоў, якія чытаюцца, на склады. Гэта стварае дадатковыя цяжкасці пры фарміраванні навыку чытання. Каб гэта пераадолець, можна выкарыстоўваць колеравую маркіроўку складоў. Напрыклад: “Настала зіма. Коля і Саша катаюцца на санках” (на картцы вылучаныя склады адзначаюцца іншым колерам).

Выкарыстоўваю наступныя практыкаванні і гульні, накіраваныя на дзяленне слоў на склады:

“Тэлеграф”. Адстукваю складовую структуру слова, і навучэнцы павінны здагадацца, якое гэта магло б быць слова;

“Магнітафон”. Па чарзе з паўзамі называю склады, з якіх навучэнцы павінны скласці слова;

“Марскі бой”. Прапаную гульнявое поле, на якім намаляваны караблі з напісанымі на іх складамі. Называю месца на полі, напрыклад Б-4, дзеці ­знаходзяць яго і называюць напісаны на ім склад (ка). Калі караблі называць у пэўнай паслядоўнасці, то са складоў можна скласці словы. Напрыклад, называю: Е-4, В-6, а навучэнцы выпісва­юць склады ма, зі і складаюць слова “зіма”, або Г-1, Д-5 — кі, сан і атрымліваюць слова “санкі”.

Часта навучэнцы з дыслексіяй падчас чытання губляюць радок, прапускаюць склады, вяртаюцца позіркам да ўжо прачытанай часткі слова і паўтараюць яе. Для пераадолення такіх цяжкасцей выкарыстоўваю прыём чытання з “акенцам”. Існуюць тры варыянты гэтага прыёму:

1) лістком паперы з выразанай у ім адтулінай памерам у склад прыкрываецца радок, які чытаецца. Навучэнец перамяшчае ліст па радку і чытае склады, якія з’яўляюцца ў “акенцы”;

2) другі варыянт заключаецца ў выкарыстанні “акенца”, адчыненага налева, і дазваляе загарадзіць дзіця ад уплыву непрачытанай часткі слова. Гэты варыянт дае навучэнцу магчымасць пры неабходнасці вярнуцца да прачытанай
часткі слова;

3) трэці варыянт “акенца”, адчыненага направа, выключае магчымасць вяртання да ўжо прачытанага, тым самым стымулю­ючы ўтрыманне гэтага ў памяці і павялічваючы тэмп чытання.

Як правіла, у працэсе карэкцыі гэтыя прыёмы паслядоўна змяняюць адзін аднаго.

Практыка паказвае, што пры правя­дзенні сістэматычных карэкцыйных заняткаў навучэнцы спраўляюцца з цяжкасцямі ў авалоданні навыкам чытання, а таксама, што немалаважна, у малодшых школьнікаў расце пазнавальная ціка­васць, павышаецца самаацэнка, упэўненасць у сабе.

Лілія ЁЧ,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 7 Смаргоні.