Высокія ўзнагароды юных біёлагаў

- 10:09Якасць адукацыі

З 23 па 30 ліпеня 2017 года ў Кавентры (Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі) праходзіла 28-я Міжнародная біялагічная алімпіяда, у якой прынялі ўдзел 260 школьнікаў з 67 краін свету. Спаборніцтвы былі арганізаваны Каралеўскім таварыствам біялогіі на базе Уорыкскага ўніверсітэта.

У гэтым годзе, як і ў мінулым, усе ўдзельнікі беларускай каманды вярнуліся на радзіму з медалямі: Ганна Галькевіч, выпускніца гімназіі № 12 Мінска, атрымала “серабро”, Аляксандр Калядзіч, Уладзіслава Касціцына, выпускнікі Ліцэя БДУ, і Паліна Тумаш, выпускніца сярэдняй школы № 5 Смаргоні, удастоены бронзавых медалёў.

Кіраўнікамі і трэнерамі каманды былі Васіль Сяргеевіч Панкратаў, навуковы супрацоўнік лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат біялагічных навук, і Аксана Львоўна Несцерава, дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ, кандыдат біялагічных навук.

Міжнародная біялагічная алімпіяда праводзіцца штогод, пачынаючы з 1990 года. У склад зборнай каманды ад краіны ўваходзяць чатыры школьнікі — пераможцы нацыянальнай прадметнай алімпіяды. Залатымі медалямі ўзнагароджваюцца 10% удзельнікаў, якія паказваюць лепшыя вынікі, 20% атрымліваюць сярэбраныя, 30% — бронзавыя медалі. Ацэньваюцца як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі школьнікаў.

Традыцыйна на алімпіядзе лепшымі былі прадстаўнікі Кітая, Тайваня, ЗША, Сінгапура, Паўднёвай Карэі. Абсалютнае першае месца сёлета заваяваў старшакласнік з Кітая, набраўшы 93,78 бала. Беларуска Ганна Галькевіч (“серабро”) — на 32-м месцы.

“Тэарэтычны тур складаўся з дзвюх частак, кожная з якіх уключала 46 пытанняў з розных раздзелаў біялогіі: “Малекулярная біялогія”, “Біяхімія”, “Генетыка”, “Фізіялогія жывёл”, “Фізіялогія раслін”, “Экалогія”, “Эталогія”, “Эвалюцыя” і іншыя. На выкананне кожнай часткі адводзілася па тры гадзіны. Заданні былі вельмі высока ацэнены ўдзельнікамі алімпіяды, таму што з’яўляліся не проста цікавымі, а заснаванымі на апошніх навуковых даследаваннях. Падчас іх рашэння школьнікі прадэманстравалі не толькі сваю эрудыцыю і веды, але і карысныя для навуковай работы аналітычныя навыкі, лагічнае мысленне, — адзначыў кіраўнік каманды Васіль Сяргеевіч Панкратаў. — Нашы навучэнцы вельмі добра справіліся з тэорыяй.

Падчас практычнага тура працавалі тры кабінеты. Школьнікі даследавалі кінетыку ферменту піруваткіназы ў здаровых і хворых анеміяй. Гэты фермент паскарае апошнюю стадыю расшчаплення глюкозы. Падчас наступнага задання ўдзельнікі алімпіяды даследавалі лічынку мухі, агалялі яе спінны сасуд і вывучалі рэакцыю арганізма насякомага на растворы нейрамедыятараў — ацэтылхаліну і адрэналіну. Акрамя таго, школьнікам неабходна было вызначыць і вылучыць некалькі органаў у лічынкі. Гэтае заданне ў многіх выклікала цяжкасці, паколькі было тэхнічна складаным — патрабавала акуратнай карпатлівай работы па разразанні лічынкі. Любая самая тонкая работа будзе выканана хутка і эфектыўна, калі ў таго, хто яе робіць, сфарміраваны адпаведны навык, іншымі словамі, набіта рука. Нашы ж навучэнцы раней такое не практыкавалі. У трэцім кабінеце школьнікі праводзілі даследаванне мутантаў разухавідкі Таля — расліны сямейства капусных”.

Інтэнсіўныя інтэлектуальныя нагрузкі школьнікаў перамяжоўваліся з адпачынкам і экскурсіямі: у Кавентры навучэнцы наведалі музей транспарту і касцёл. Акрамя таго, пабывалі ў адным з самых прыгожых будынкаў Англіі — сярэдневяковым Уорыкскім замку.

Наступная Міжнародная алімпіяда па біялогіі адбудзецца ў Іране.

* * *

Удзел і перамогі на алімпіядах для Ганны Галькевіч, выпускніцы гімназіі № 12 Мінска, не самамэта, а магчымасць вызначыцца са сваім прызваннем у жыцці. Вельмі ўседлівая і старанная вучаніца ўсяго імкнулася дасягнуць сваёй упартай працай. Значную ролю ў падрыхтоўцы Ганны да інтэлектуальных выпрабаванняў адыграла маці дзяўчынкі Наталля Вітальеўна Галькевіч, дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб БДМУ.

Першыя алімпіядныя крокі Ганна рабіла ў пачатковай школе, але яшчэ з дзяцінства магла лічыць сябе юным натуралістам, таму што імкнулася выратаваць усіх жывёл, якім патрэбна была дапамога. У 8 класе дзяўчына планавала нават паступаць у Віцебскую ветэрынарную акадэмію, ездзіла туды на дзень адкрытых дзвярэй. Дзіцячая цікавасць перарасла ў сур’ёзныя заняткі біялогіяй. Ганна займалася ў школе юнага біёлага БДУ, наведвала гурток “Практычная фізіялогія з элементамі эксперыментальнай медыцыны” і “Правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця” на базе лабараторыі нейрафізіялогіі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, дзе падрыхтавала навуковую работу “Ацэнка ўплыву L-карніціну і крэаціну на вынослівасць у пацукоў” і атрымала ў 9 класе дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшае секцыйнае выступленне” на 34-м Мінскім гарадскім конкурсе работ даследчага характару. У тым жа навучальным годзе дзяўчына ўпершыню перамагла на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды (дыплом І ступені). У 10 класе атрымала бронзавы медаль на міжнародных спаборніцтвах па біялогіі. А сёлета Ганна заваявала “серабро”! Акрамя таго, яна стала абсалютнай пераможцай інтэрнэт-алімпіяды біялагічнага факультэта БДУ, атрымала дыпломы па выніках алімпіяд “Ламаносаў” і “Пакары Вераб’ёвы горы” Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава і дыплом алімпіяды па біялогіі для школьнікаў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

“Выпускніца сярэдняй школы № 5 Смаргоні Паліна Тумаш — усебакова развітая дзяўчына, — расказала яе настаўніца Святлана Рыгораўна Піліпчук. — Яна здольная да матэматыкі, фізікі, хіміі, любіць спяваць, захапляецца паэзіяй. У Паліны шмат сяброў. Гісторыя яе алімпіяднага поспеху пачалася з цікавага выпадку. Дзяўчына прыйшла да мяне пераздаць самастойную работу, якую дрэнна напісала. Па тых пытаннях, якія яна мне задавала, па падыходах да рашэнняў, што прапаноўвала, я зрабіла выснову аб нестандартным мысленні навучэнкі. Заўважыла, што Паліна за кароткі час можа засвоіць вялікі аб’ём матэрыялу. У 10 класе яна выбрала хіміка-біялагічны профіль, і з верасня амаль штодня пасля ўрокаў, у тым ліку па суботах, мы сталі займацца з Палінай біялогіяй. Заняткі працягваліся і летам. Шукалі і выкарыстоўвалі ўсе магчымыя рэсурсы для паглыбленай прадметнай падрыхтоўкі. Вельмі дапамаглі выкладчыкі ўніверсітэтаў (БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта), да якіх Паліна ездзіла на кансультацыі. Ва ўніверсітэтах яна азнаёмілася з некаторымі аспектамі практычнай работы”.

У Паліны дзве перамогі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і першая міжнародная перамога сёлета. Яна збіраецца працягнуць навучанне ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце па спецыяльнасці “Лячэбная справа”. Свой выбар дзяўчына зрабіла яшчэ ў школе. Паліну цікавяць пытанні мутацыі генаў і ўзнікненне анкалагічных захворванняў. Яна мяркуе, што стане ўрачом-анколагам, каб у будучыні дапамагаць людзям.

Надзея ЦЕРАХАВА.