Вызначаючы стратэгію развіцця сістэмы адукацыі

- 15:50Апошнія запісы, Рознае

У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі Міхаіла Анатольевіча Жураўкова з педагагічнымі работнікамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі сталіцы. Падчас сустрэчы былі абазначаны прыярытэтныя напрамкі і шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі на найбліжэйшую перспектыву. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончык, першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі М.С.Кіндзірэнка, рэктар МГІРА Т.І.Мароз.

Ужо ў пачатку сустрэчы М.А.Жураўкоў прызваў прысутных да шчырай нефармальнай размовы, нагадаўшы пра Рэспубліканскую педагагічную нараду, якую плануецца правесці напрыканцы жніўня і на якой будзе вызначана стратэгія развіцця сістэмы адукацыі краіны.

Кіраўнік ведамства засяродзіў увагу прысутных на асноўных напрамках дзейнасці сістэмы адукацыі ў найбліжэйшай будучыні. Па яго словах, ніякіх рэформ у сістэме адукацыі праводзіцца не будзе. Адзін з прыярытэтаў у развіцці школьнай адукацыі — павышэнне якасці падрыхтоўкі навучэнцаў. У гэтых мэтах працягваецца пераход на адносную завершанасць другой ступені навучання і далейшае ўкараненне профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Апошнім часам даволі часта чуюцца скаргі на тое, што існуе значны разрыў паміж школьнай і ўніверсітэцкай адукацыяй. І ён у пэўнай ступені будзе адчувацца, як адчуваецца і ў іншых дзяржавах. У арабскіх краінах, напрыклад, пасля 12-гадовай школьнай адукацыі тыя навучэнцы, якія жадаюць пайсці ва УВА, яшчэ цэлы год, а ў лепшых інжынерных установах два гады, рыхтуюцца да вучобы ва ўніверсітэтах. Зблізіць універсітэты са школай, псіхічна і фізічна разгрузіць дзяцей дазволіць менавіта профільнае навучанне, — лічыць Міхаіл Анатольевіч. — Ды і ўніверсітэты павінны падстройвацца пад рэаліі часу і навучанне на 1 курсе будаваць так, каб пры неабходнасці падцягнуць сваіх студэнтаў да належнага ўзроўню ведаў і ўменняў. І гэта своеасаблівы працяг прафілізацыі. Ёсць універсітэты, якія гэта разумеюць і ідуць насустрач.

У якасці аднаго з напрамкаў прафілізацыі прадугледжваецца і прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў з выкарыстаннем вучэбнай базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта значыць, навучанне ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі варта разглядаць як элемент профільнай адукацыі.

Па словах М.А.Жураўкова, у новыя правілы прыёму ва УВА плануецца ўнесці пункт, у якім гаворыцца, што выпускнікі прафтэхліцэяў, каледжаў, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю па сваім напрамку (напрыклад, выпускнік радыётэхнічнага каледжа жадае паступіць у БДУІР), не будуць праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, а будуць вытрымліваць толькі ўступны профільны экзамен. “Гэта павінна прыцягнуць навучэнцаў для паступлення ў каледжы, бо яны будуць ведаць: калі добра вучыцца, можна потым атрымаць вышэйшую адукацыю па скарочанай форме навучання, — мяркуе кіраўнік ведамства. — Дарэчы, зараз каледжы ўключаюцца ў склад універсітэтаў. Існуючая практыка паказвае, што гэта эфектыўна. З аднаго боку, узрастае прэстыж каледжа, з другога — універсітэт набывае базу для падрыхтоўкі абітурыентаў”.

М.А.Жураўкоў закрануў і пытанні распрацоўкі вучэбнай літаратуры. Стварыць ідэальны падручнік, які б задавальняў патрэбы ўсіх, проста немагчыма, бо колькі настаўнікаў — столькі і меркаванняў. Таму сёння важным з’яўляецца пераход на новае пакаленне вучэбных выданняў у межах рэалізацыі праекта “Базавы падручнік”, які дазволіць павысіць якасць засваення вучэбнага матэрыялу і яго практыка-арыентаваную накіраванасць. Базавы падручнік будзе змяшчаць сістэматызаванае выкладанне вучэбнага матэрыялу па тым ці іншым прадмеце ў мінімальна неабходным аб’ёме, які вызначаецца адукацыйным стандартам і вучэбнай праграмай. У якасці дадаткаў да яго будзе прадстаўлены разнастайны дадатковы матэрыял, якім можна карыстацца і на ўроках, і ў працэсе самастойнай работы. Але тут узрастае роля настаўніка. Адзін і той жа матэрыял можна выкладаць па-рознаму: сумна, суха і нецікава або творча і крэатыўна.

Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак — удасканаленне сістэмы адбору абітурыентаў. Хаця цэнтралізаванае тэсціраванне як сістэма праверкі ведаў выпускнікоў школ і прадэманстравала сваю эфектыўнасць, яно патрабуе далейшага развіцця. М.А.Жураўкоў агучыў некаторыя прапановы, якія зараз прапрацоўваюцца. Так, з наступнага года ў абітурыентаў з’явіцца магчымасць замест трох прадметаў ЦТ здаваць чатыры, што павялічыць іх шансы паступіць ва ўніверсітэт. Плануецца таксама, што праз год ЦТ па мове будзе сумешчана з выпускным экзаменам для тых выпускнікоў школ, у якіх мова не з’яўляецца профільным прадметам. Калі ж навучэнец паступае на спецыяльнасць, дзе мова — профільны прадмет, то яму прыйдзецца здаваць профільны экзамен. “У далейшым плануецца, што ЦТ па профільным прадмеце таксама будзе дыферэнцыраваным: калі, напрыклад, абітурыент паступае ў тэхнічную ВНУ, дзе патрэбна проста веданне на належным узроўні матэматыкі, то ён здае агульнае ЦТ, а калі ён ідзе ў вышэйшую ўстанову адукацыі, дзе матэматыка з’яўляецца профільным прадметам, то будзе дадаткова да ЦТ яшчэ здаваць профільны экзамен. У залежнасці ад УВА такі экзамен будзе дыферэнцыраваны. Тым самым і будзе выконвацца падыход дыферэнцыяцыі ўніверсітэтаў па складанасці экзамену. У далейшым мы плануем, што для паступлення ва УВА ў абітурыента застанецца для здачы адзін профільны экзамен, а астатнія будуць сумешчаны з выпускнымі экзаменамі”, — адзначыў М.А.Жураўкоў.

Дарэчы, што тычыцца выпускных экзаменаў, то ў перспектыве плануецца за курс базавай школы па мове замест дыктанта ўвесці пераказ.

На думку міністра адукацыі, адкрыццё профільных класаў педагагічнай накіраванасці — гэта магчымасць узняць узровень педагагічнай адукацыі, павысіць прэстыж і імідж настаўніка. У рэспубліцы дзейнічаюць 103 профільныя класы педагагічнай накіраванасці, у якіх вучыцца 1220 навучэнцаў. Унесены прапановы, каб іх выпускнікі мелі перавагі перад іншымі абітурыентамі пры паступленні ў педагагічныя УВА. У прыватнасці, мяркуецца, што тыя выпускнікі, у якіх сярэдні бал атэстата не ніжэйшы за сямёрку, а па профільных прадметах адзнака не ніжэйшая за васьмёрку, будуць мець права паступаць без экзаменаў. Плануецца, што валанцёры і члены БРСМ будуць мець прэферэнцыі пры паступленні на пэўныя спецыяльнасці пры іншых роўных умовах. Калі, напрыклад, два чалавекі набралі аднолькавую колькасць балаў, то ўдзел у валанцёрскім руху дасць аднаму з іх перавагу.

Міністр зазначыў, што апошнім часам чуюцца прапановы рэзка зменшыць колькасць месцаў ва УВА і павысіць патрабаванні да навучэнцаў. Аднак Міхаіл Анатольевіч лічыць, што гэты крок не будзе садзейнічаць масаваму паступленню вучняў у прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі. Хутчэй гэта справакуе адток навучэнцаў у іншыя краіны, асабліва ў Расію.

У сувязі з далучэннем нашай краіны да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі прапанавана перайсці да сістэмы вышэйшай адукацыі, якая адпавядае міжнароднай стандартнай класіфікацыі адукацыі: бакалаўрыят, магістратура і аспірантура. Адрозненні паміж выпускнікамі, якія засвоілі адукацыйныя праграмы бакалаўрыята, магістратуры і аспірантуры, будуць заключацца ў ступені спецыялізацыі, аб’ёме кампетэнцый, паглыбленасці ў інавацыйныя і навуковыя аспекты той ці іншай галіны ведаў. Кіраўнік профільнага ведамства зазначыў, што прапановы, якія тычацца развіцця вышэйшых навучальных устаноў, будуць яшчэ раз уважліва прапрацаваны, абмеркаваны з зацікаўленымі структурамі і ўнесены ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі.

Як адзначалася на сустрэчы, якасць работы настаўніка — адзін з паказчыкаў таго, як павінна працаваць сістэма адукацыі. Каб сучасны настаўнік развіваўся, ён павінен якасна аналізаваць і дыягнаставаць сваю дзейнасць. Часта штуршок для дзеяння даюць супярэчнасці паміж стылем работы, што склаўся ў педагога, і вынікамі, якія ён атрымлівае. Найбольш плённа педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень падчас мэтавага і тэматычнага павышэння кваліфікацыі, бо будуецца індывідуальная адукацыйная траекторыя і педагог прафесійна расце ад так званага адаптыўнага ўзроўню да крэатыўнага. У межах школы забяспечваецца як унутранае (узаеманаведванне ўрокаў, майстар-класы, удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства), так і знешняе педагагічнае ўзаемадзеянне (супрацоўніцтва з МГІРА, НІА, садзейнічанне ў абнаўленні вучэбных праграм, міжнароднае супрацоўніцтва). Дарэчы, МГІРА на працягу апошніх гадоў актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва. Распрацавана больш за 10 адукацыйных праграм. Педагогі сталіцы пабывалі ў Фінляндыі, Прыбалтыцы, Расіі. А гэта, на думку міністра адукацыі, важны складнік павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў, таму гэты напрамак неабходна развіваць.

Педагогі мелі магчымасць задаць М.А.Жураўкову пытанні. У прыватнасці, іх цікавіла, калі будзе выбудавана канцэпцыя профільнага навучання, якія мерапрыемствы плануе рэалізаваць галіновае ведамства па прасоўванні ідэй устойлівага развіцця, а таксама пытанні падрыхтоўкі да міжнароднага даследавання РІSА.

Удзельнікі мерапрыемства ўнеслі і некаторыя прапановы. Сярод іх — пашырыць магчымасці дапрофільнай падрыхтоўкі ў гімназіі, магчыма, нават за кошт павелічэння вучэбнай нагрузкі; установам, якія доўгі час працавалі ў інавацыйным рэжыме, надаць статус інавацыйных цэнтраў з абавязковай атэстацыяй з унясеннем змяненняў у Кодэкс аб адукацыі; унесці ў Канцэпцыю развіцця інклюзіўнай адукацыі пытанні варыятыўнасці навучання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.