Вызначылі лідараў адукацыі

- 15:36Адукацыйная прастора

Творча працуючых кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вызначылі на Быхаўшчыне. У раёне прайшоў фестываль “Лідар адукацыі”.

Як паведаміла загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.Л.Баранкевіч, фестываль праводзіўся з мэтай распаўсюджвання паспяховага вопыту кіраўніцкай дзейнасці, раскрыцця асобаснага і творчага патэнцыялу кіраўнікоў.

— Удзельнікамі фестывалю сталі дырэктары з працоўным стажам больш за тры гады. А праходзіў ён у два этапы. У адборачны паступіла восем заявак у фармаце відэапрэзентацый. У другі этап прайшлі трое канкурсантаў. Гэта дырэктар сярэдняй школы № 1 Быхава Вольга Барысаўна Смірнова, ды­рэктар сярэдняй школы № 2 райцэнтра Аляксандр Пятровіч Ганчароў і дырэктар Смаліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Уладзімір Віктаравіч Леснік, — расказала Алеся Леанідаўна.

Паводле яе слоў, заключны этап фестывалю прадугледжваў выкананне заданняў, якія раскрываюць прафесійныя і асабістыя якасці дырэктараў. Канкурсанты публічна абаранялі свае праекты “Кіраванне якасцю адукацыі”, якія ўяўлялі сабой практычную распрацоўку інавацыйнага характару па вырашэнні актуальнай праблемы развіцця ўстановы адукацыі. Потым удзельнікі выступалі з творчым самапрадстаўленнем. Яны дзяліліся сваёй формулай поспеху, разважалі пра ролю кіраўніка ў навучальнай установе, сакрэты эфектыўнай работы.

Па выніках фестывалю і па аднагалосным рашэнні журы перамогу і званне “Лідар адукацыі” атрымала ды­рэктар сярэдняй школы № 1 Быхава В.Б.Смірнова. Астатнім фіналістам таксама былі ўручаны дыпломы. Акрамя таго, тройка прызёраў фестывалю атрымала ў якасці ўзнагароды грашовыя сертыфікаты.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Быхаўскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.