Вызначыць траекторыю індывідуальнага развіцця вучня

- 12:09Планёрка ў рэгіёне

“Школа павінна спрыяць максімальнаму развіццю творчых і акадэмічных здольнасцей навучэнцаў, ствараць умовы для рэалізацыі індывідуальных праграм развіцця дзяцей, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Гродзенскай вобласці Павел Мікалаевіч Панкевіч. — Работа
ў гэтым кірунку ў апошнія гады дала свае вынікі. Упершыню ў гісторыі сістэмы адукацыі раёна ў 2018 годзе былі заваяваны адразу 3 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды”.

— Так, у 2018 і 2019 гадах навучэнцы нашага раёна пасля шасцігадовага перапынку сталі прызёрамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У мінулым годзе трое навучэнцаў раёна прынялі ўдзел у заключным этапе алімпіяды па працоўным навучанні і паказалі высокія вынікі, — паведаміў Павел Мікалаевіч. — Дыплом I ступені атрымала Настасся Бельская, навучэнка 11 класа Вялікабераставіцкай сярэдняй школы (настаўнік Т.А.Васіленка), а дыплом III ступені ў Арыны Яскевіч, навучэнкі 11 класа гэтай жа ўстановы. Дыплом II ступені заваяваў Раман Фортэль, навучэнец 10 класа Алекшыцкай сярэдняй школы (настаўнік А.А.Камяк). У 2019 годзе Раман зноў стаў прызёрам (дыплом ІІ ступені) заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Першы вопыт публічных выступленняў, дэманстрацыі вынікаў сваіх даследаванняў нашы вучні атрымліваюць на школьных навукова-практычных канферэнцыях і раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Імкненне. Адкрыццё. Поспех”. На II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі здольнасці вучняў развіваюцца праз аптымальнае спалучэнне асноўнай, дадатковай і індывідуальнай адукацыі. Вызначэнне траекторыі індывідуальнага развіцця кожнага вучня адбываецца пры ўзаема­дзеянні педагога-псіхолага, настаўнікаў-прадметнікаў, бацькоў і самога вучня.

Узорны хор “Бельканта” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага стаў прызёрам Рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”. У 2017 го­дзе эстрадны інструментальны ансамбль Tutti заняў 1-е месца на Рэспублікан­скім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. На ўзроўні раёна выпрацавана сістэма матэрыяльнай падтрымкі таленавітых дзяцей: раённым выканкамам, шэфскімі арганізацыямі заснаваны стыпендыі для навучэнцаў 8—11 класаў. Традыцыйным стаў прыём старшынёй Бераставіцкага райвыканкама педагогаў і іх навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў на рэспубліканскім узроўні.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 51, 
11 мая.

Надзея ЦЕРАХАВА.