Welcome

- 10:41Краязнаўства

З 12 лютага грамадзяне 80 краін могуць наведваць Беларусь у бязвізавым рэжыме і праводзіць на “зямлі пад белымі крыламі” цэлых пяць дзён. Пяць дзён яны могуць гуляць па шырокіх праспектах сталіцы і па звілістых вулачках былых мястэчак, пяць дзён адпачываць на берагах Браслаўскіх азёр або пад запаведны напеў Белавежскай пушчы. “У Беларусь без візы на 5 дзён: што прапануем турыстам?” — такой была тэма прэс-канферэнцыі, якая прайшла на мінулым тыдні ў прэс-цэнтры БелТА. Пашырым тэму канферэнцыі і ўжо пастфактум знойдзем адказ на пытанне: “Што прапануе турыстам айчынная сістэма адукацыі?” Словы ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі дапоўнім словамі педагогаў.

У першую чаргу дапоўнім словамі педагогаў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Па-першае, папулярызацыя турызму з’яўляецца асновай іх дзейнасці. Па-другое, аказанне платных экскурсійных паслуг для цэнтраў дзіцяча-юнацкага турызму і края­знаўства — самая прыбытковая крыніца паступлення пазабюджэтных сродкаў. Усяго ў краіне функцыянуе 51 такая ўстанова. Яны з’яўляюцца непасрэднымі арганізатарамі і каардынатарамі турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці ўстаноў адукацыі свайго рэгіёна. Інструктыўна-метадычнае суправаджэнне дзейнасці названых устаноў ажыццяўляе Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Ён з’яўляецца арганізатарам і каардынатарам турыстычна-экскурсійнай работы з навучэнцамі ўсёй краіны.

— Каля 300 тысяч навучэнцаў прынялі ўдзел у экскурсіях па Беларусі ў 2016 годзе, якія былі арганізаваны ўстановамі дадатковай адукацыі. У турыстычна-экскурсійную дзейнасць устаноў адукацыі ўведзены пералік рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, скла­дзеных у адпаведнасці са школьнымі пра­грамамі па шэрагу вучэбных прадметаў. У Брэсцкай і Гродзенскай абласцях распрацаваны даведнікі-бюлетэні абавязковых і рэкамендаваных экскурсій для навучэнцаў і студэнтаў у адпаведнасці з адукацыйнымі праграмамі. На пасяджэнні Каардынацыйнага савета па развіцці дадатковай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, якое праходзіла ў рамках III Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі 7 чэрвеня 2016 года, намеснікам міні­стра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктарам Віктаравічам Якжыкам і намеснікам міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Веньямінам Шаевічам Каганавым была зацверджана Праграма турыстычных маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі Беларусі і Расіі ў 2016/2017 навучальным годзе. Усе гэтыя маршруты мы можам прапанаваць і замежным гасцям з краін, для якіх уведзены бязвізавы рэжым, — паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур.

Алена Уладзіміраўна Ліхімовіч, намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме: “Падпісанне загада аб бязвізавым уездзе ў Беларусь для грамадзян 80 краін — гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Мы рады, што ўсе нашы намаганні наконт таго, каб Рэспубліка Беларусь была больш адкрытай, падтрыманы кіраўніцтвам дзяржавы. Госці любой турыстычнай выставы, у якой бы краіне яна ні праходзіла, любяць Беларусь, цікавяцца Беларуссю, хочуць прыехаць у Беларусь. Да сённяшняга часу галоўнай перашкодай для рэалізацыі такога жадання былі візы. Цяпер у нашых сяброў з’явілася выдатная магчымасць адкрыць Беларусь. Па заказе і пры ўдзеле супрацоўнікаў Нацыянальнага агенцтва па турызме ў краіне распрацавана каля 170 турыстычных маршрутаў, якія можна ўкласці ў трох- і пяцідзённыя маршруты. Па Мінску распрацавана больш за 40 турыстычных маршрутаў сярэдняй працягласцю 2—3 дні. Папулярнымі мясцінамі застаюцца Мінск, Нясвіж, Мір, “Дудуткі”, Бярэзінскі біясферны запаведнік. За пяць дзён госці могуць наведаць і абласныя цэнтры”.

А пражываць госці могуць на турыстычных базах. Могуць, канечне, і ў гасцініцах, аднак фінансава выгадным такое пражыванне ў параўнанні з турыстычнымі базамі не будзе. Сёння каля 60 турыстычных баз, якія дзейнічаюць пры цэнтрах турызму і краязнаўства, даюць магчымасць адначасова размяшчаць каля 3 тысяч чалавек. Так, у Мінску, у будынку Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, знаходзіцца турыстычная база на 120 месцаў, якая штогод прымае каля 5 тысяч навучэнцаў і педагогаў, удзельнікаў рэспубліканскіх мерапрыемстваў і экскурсійных тураў. Складзены пералік перспектыўных турыстычных баз для арганізацыі адпачынку дзяцей, сем’яў і мола­дзі. У цяперашні час фарміруецца пералік музеяў устаноў адукацыі, якія могуць ажыццяўляць прыём замежных турыстаў і дэлегацый (з указаннем замежных моў, на якіх могуць быць праведзены экскурсіі).

Найбольшая колькасць такіх музеяў знаходзіцца ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Адзін з такіх музеяў, а дакладней, музейны пакой інтэрнацыянальнага сяброўства і міжнароднага су­працоўніцтва, дзейнічае ў ліцэі № 1 Гродна. Афіцыйна музейны пакой быў адкрыты 8 ліпеня 2009 года. Багаты матэрыял, які быў сабраны на аснове шматгадовага міжнароднага супрацоўніцтва ліцэя, дазволіў аформіць цікавую экспазіцыю. Першай краінай, з якой было падпісана пагадненне, стала Францыя, а дакладней, горад Лімож, ліцэй Гей-Люсака. Чаму менавіта Лімож? Усё проста: гэта горад-пабрацім Гродна. Плённае супрацоўніцтва з французскімі калегамі праходзіць у рамках культурна-адукацыйнага абмену, абмену перадавым педагагічным вопытам, рэалізацыі сумесных праектаў.

Алена Паўлаўна Пліс, дырэктар Інфармацыйна-турыстычнага цэнтра “Мінск”: “У Мінску робіцца многае для таго, каб інфраструктура беларускай сталіцы адпавядала сучасным стандартам. На цяперашні момант у горадзе працуе 49 гасцініц рознай катэгарыйнасці на 10,5 тысячы месцаў. Створана належная інфраструктура для прыёму дзелавых дэлегацый па бізнес-турызме. Мінск развіваецца ў гэтым кірунку і гатовы прымаць сур’ёзныя кангрэсы, мерапрыемствы, канферэнцыі. Дзейнічае праект “Мінск-экскурсійны” для жыхароў і гасцей сталіцы, якія аддаюць перавагу бюджэтнаму адпачынку. На некаторых маршрутах гарадскога транспарту ёсць аўдыясуправаджэнне, экскурсійныя аўтобусы аформлены ў адзіным стылі. Падчас паездкі на знакамітым чырвоным аўтобусе можна паслухаць экскурсіі на 8 мовах. Турыстычныя кампаніі актыўна распрацоўваюць праграмы для англамоўных груп. Спадзяёмся, што пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму паток турыстаў у сталіцу павялічыцца як мінімум на 15—20 працэнтаў”.

Актыўнае супрацоўніцтва вя­дзецца і са Швецыяй (гімназіяй Рычарда Стэфана, што на востраве Готланд). Самым яркім этапам супрацоўніцтва са скандынаў­скай краінай стала навучанне гро­дзенскіх ліцэістаў у гімназіі Рычарда Стэфана і жыццё ў шведскіх сем’ях на працягу года. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з гімназіяй літоўскага гарадка Сейрыяй, а таксама гімназіяй Друскінінкая. Замежныя сябры неаднаразова наведвалі гродзенскі ліцэй. Падчас кожнага такога наведвання абавязкова знаёміліся з экспазіцыяй музейнага пакоя інтэрнацыянальнага сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва. За два апошнія гады ў пакой завітала больш за 500 гасцей. Для іх праводзіліся экскурсіі на англійскай, польскай і французскай мовах. Нядаўнія госці — удзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Дзяржава”.

Акрамя музейнага пакоя інтэрнацыянальнага сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва, у ліцэі дзейнічае і музейны пакой энерга- і рэсурсазберажэння, музей гісторыі педагогікі Гродзеншчыны, ваенна-патрыятычны пакой. А ў 2012 годзе ў рамках рэалізацыі праекта “Ліцэй — музей” прайшло ўрачыстае адкрыццё музея спорту і экалагічнага турызму. Але гэта яшчэ не ўсё. Нядаўна быў адкрыты і музей гісторыі фатаграфіі. У кожнага ліцэйскага музея свая выхаваўчая місія. Музейны пакой інтэрнацыянальнага сяброў­ства і міжнароднага супрацоўніцтва — гэта не проста месца, дзе захоўваюцца пэўныя экспанаты, праводзяцца экскурсіі, ладзяцца сустрэчы з замежнымі гасцямі. Галоўная мэта дзейнасці музейнага пакоя — зрабіць так, каб навучэнцы выраслі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны і годна прадставілі яе за мяжой.

Калі ў ліцэі № 1 Гродна міжнароднае супрацоўніцтва — даўняя справа з багатымі традыцыямі, то ў сярэдняй школе Міра Карэліцкага раёна яно толькі наладжваецца. Здаецца, Мір — знакавы турыстычны аб’ект, адзін з самых папулярных сярод замежных турыстаў у Беларусі, аднак пакуль што замежныя госці знаёмяцца толькі з музейным багаццем замкавага комплексу. А вось з багаццем гісторыка-краязнаўчага музея сярэдняй школы Міра знаёмяцца ў асноўным навучэнцы і педагогі Карэліцкага і суседняга Навагрудскага раёна, аднак замежных гасцей у школе гатовы прымаць хоць сёння. Кіраўнік музея Валерый Іванавіч Брант разам з калегамі распрацавалі аглядную экскурсію на англійскай мове. Па экспазіцыі яшчэ аднаго школьнага музея Ігната Дамейкі (ураджэнца гэтых мясцін) падрыхтавана экскурсія на англійскай і іспанскай мовах. Тут ужо сустракалі чылійскіх гасцей, былі ў мірскім школьным музеі і госці з ЗША.

Лідзія Андрэеўна Жур, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: “У мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў устаноў адукацыі пры правядзенні мерапрыемстваў у Мінску раім выкарыстоўваць магчымасці Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў пытаннях арганізацыі экскурсійных і турыстычных праграм, транспартнага абслугоўвання, арганізацыі пражывання і харчавання, арганізацыі і правядзення канферэнцый, семінараў, трэнінгаў і іншых мерапрыемстваў. Пры арганізацыі выездаў навучэнцаў у рэгіёны краіны раім таксама выкарыстоўваць магчымасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і турыстычныя базы гэтых рэгіёнаў”.

Па словах Лідзіі Андрэеўны Жур, каб больш поўна выкарыстоўваць рэзервы ўстаноў адукацыі ў правядзенні турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, з сакавіка па май будзе праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Лепшы тураператар дзіцяча-юнацкага адукацыйнага турызму Рэспублікі Беларусь”. Плануецца, што конкурс будзе садзейнічаць развіццю і папулярызацыі дзіцяча-юнацкага адукацыйнага турызму, ацэнцы якасці і эфектыўнасці работы ўстаноў, якія займаюцца арганізацыяй дзіцяча-юнацкага турызму, абмену вопытам работы тураператараў дзіцяча-юнацкага турызму. Журы будзе ацэньваць колькасць і якасць распрацаваных экскурсійных праграм, уласнага транспарту, колькасць менеджараў па турызме ў штаце ўстановы і інш. Прызёры конкурсу будуць рэкамендаваны ўстановам адукацыі для арганізацыі экскурсійнай дзейнасці з навучэнцамі.

— Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсійнай дзейнасці ў нас пакуль што актыўна наладжана толькі з польскімі і літоўскімі партнёрамі, і тое ў асноўным у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Некалькі гадоў назад добрай традыцыяй было правядзенне аздараўленчых летнікаў з літоўскімі калегамі на ўмовах узаемнага абмену. Перашкодай для працягу гэтага супрацоўніцтва стала візавае пытанне. Аднак цяпер, спадзяёмся, яно будзе вырашана. Наладжваецца супрацоўніцтва і з Азербайджанскай Рэспублікай, хаця з гэтай краінай у нас бязвізавы рэжым. Багатыя традыцыі сяброўства ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму і з Расійскай Федэрацыяй, куды мы таксама можам наведвацца ў бязвізавым рэжыме, — паведаміла загадчык аддзела турыстычна-экскурсійнай работы РЦЭіК Таццяна Сямёнаўна Емяльянава.

Супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ўпэўнены, што нашы шматлікія водныя, пешаходныя паходы карысталіся б вялікай папулярнасцю. Замежнаму турысту на Беларусі цікава прырода. А паходы (пешыя, водныя, веласіпедныя) па нашых палях, лясах, берагах рэк і азёр, безумоўна, былі б прываблівымі. Цікавым бы стаў і ўдзел у сумесных спаборніцтвах (напрыклад, па скалалажанні або спартыўным арыентаванні, якія папулярныя і ў Беларусі, і ў краінах Заходняй Еўропы).

Філіп Анатольевіч Гулы, старшыня савета Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі: “Навіна аб увядзенні бязвізавага рэжыму з’яўляецца важным маркетынгавым ходам, паказвае адкры­тасць нашай краіны. Упэўнены, што ў найбліжэйшы час мы ўбачым павелічэнне патоку бізнесменаў, прадстаўнікоў дзелавых колаў, VIP-турыстаў. Нашы замежныя партнёры ўжо хочуць прыехаць у Беларусь са сваімі сем’ямі, каб паказаць ім, з якой краінай яны супрацоўнічаюць”.

— Для актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва варта актывізаваць узаемавыгадны абмен, напрыклад, у плане пражывання экскурсійных груп. Мы гатовы рэалізаваць любыя экскурсійныя праграмы. І будуць каштаваць гэтыя праграмы танней, чым у нашых канкурэнтаў на рынку турыстычных паслуг. Былі б толькі прапановы, была б толькі зацікаўленасць з боку замежных калег. Рыбалка, водны паход, начлег у палатках пад зорным небам, экскурсіі па нашых гарадах, знаёмства з помнікамі архітэктуры — усё гэта сістэма адукацыі можа арганізаваць на высокім узроў­ні, — адзначыла Лідзія Андрэеўна Жур.

Каб нашы гарады напоўнілі госці з тых самых 80 краін, адзначаных ва ўказе прэзідэнта № 8, нам, беларусам, самім варта часцей падарожнічаць па роднай краіне і пры гэтым абавязкова дзяліцца ў сацыяльных сетках фотаздымкамі, відэаролікамі пра гэтыя падарожжы. Эфектыў­насць “сарафаннага радыё” яшчэ ніхто не адмяняў. Візы адмянілі — бу­дзем рабіць усё магчымае, каб гэтая адмена не была фармальнасцю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.