“Я гатовы і сам даплачваць, каб працаваць у “Маскарадзе”

- 11:51Якасць адукацыі

Студэнту Дзмітрыю Курылу толькі 20 гадоў, а ён ужо ў камандзе распрацоўшчыкаў нашумелага дадатку “Маскарад” (MSQRD), які ўпэўнена трымае першае месца ў магазіне дадаткаў App Store, абагнаўшы па колькасці загрузак Facebook, Skype і Snapchat. Аўтарытэту кампаніі CEO Masquarade Technologies Inc., якая стварыла “вірусны” MSQRD, надаў і той факт, што ў пачатку красавіка дадатак стаў часткай карпарацыі Facebook, за ўсю гісторыю існавання якой вядомы менш за 10 выпадкаў падобных пакупак. Аб сакрэтах уласнага поспеху ў такім юным узросце мы і пагутарылі з Дзмітрыем.

“Атаку” мы вытрымалі, а хакатон выйгралі”

Спачатку некалькі слоў аб дадатку. “Маскарад” дазваляе накладваць “жывыя” маскі на твар чалавека ў рэальным часе. Карыстальнікі, напрыклад, могуць убачыць сябе ў выглядзе Іосіфа Сталіна, Канчыты Вурст, адчуць сябе малпай ці белым мядзведзем. І гэта не ўвесь пералік магчымасцей для фота і відэа.
“Самай папулярнай маскай стала маска Ды Капрыа. Падабаецца яна і мне самому”, — гаворыць Дзмітрый.
Арыгінальнай ідэю не назавеш. Аднак яе ўвасабленне беларуcкай камандай дакладна самае якаснае і эфектнае, нават у параўнанні з іншымі сусветнымі праграмамі. Гэта патрабуе глыбокіх ведаў у праграмаванні, чаго проста не мог не заўважыць Facebook.
Поспех “Маскараду” пачаўся з хакатону Garage48, што праходзіў у Мінску. (Хакатон — форум, на якім спецыялісты з розных сфер распрацоўкі праграмнага забеспячэння сумесна працуюць над вырашэннем якой-небудзь праблемы.)
“Жэня Няўгень, адзін з заснавальнікаў праекта, прапанаваў узяць удзел у хакатоне ў якасці iOS-распрацоўшчыка. (Акрамя яго, заснавальнікамі з’яўляюцца Сяргей Ганчар і Яўген Зацяпякін; зараз у камандзе — каля 14 чалавек, сярод якіх і Дзмітрый Курыла. — Заўв. аўт.). Тады я яшчэ выбіраў, паехаць да цёткі ў Брэст ці паўдзельнічаць…”, — успамінае Дзмітрый.
“На хакатоне нас прасавалі. Самі ментары гаварылі, што над ідэяй па накладванні масак яшчэ шмат трэба працаваць. “Атаку” мы вытрымалі, а хакатон выйгралі. У выніку атрымалі інфармацыйную падтрымку і піяр”, — працягвае суразмоўца.

“Кампаніі такі падыход спадабаўся. І мне прапанавалі прайсці субяседаванне”

Кампанія CEO Masquarade Technologies Inc. далёка не першая ў прафесійным жыцці юнака. У IT-сферы хлопец з 15 гадоў.
“Дагэтуль працаваў у Toggl OÜ — стартап-кампаніі, офіс якой знаходзіцца ў Таліне. Кампанія займаецца распрацоўкай сэрвісу Toggl, які падлічвае, колькі часу вы траціце на пэўную работу. Карыстаюцца ім такія вялікія кампаніі, як “Уолт Дысней” і “Уорнер Бразерс”, — удакладняе Дзмітрый.
Над сэрвісам Toggl хлопец працаваў, знаходзячыся ў Мінску (аддалена працавала палова супрацоўнікаў кампаніі). Ды і ўладкоўваўся, не прыязджаючы ў Эстонію. Усім жадаючым кампанія прапаноўвала прайсці тэст, па выніках якога можна было выйграць майку, а разам з гэтым і шанс стаць яе супрацоўнікам.
“Тэст я выканаў, там былі базавыя тэхнічныя пытанні. Аднак кнопка, якая дазваляла выбраць памер майкі, была заблакіравана: майкі скончыліся. Блакіроўку я зняў. Прадстаўнікам кампаніі такі падыход спадабаўся. У выніку яны прапанавалі мне прайсці субяседаванне”, — успамінае Дзмітрый.
Па Skype з работадаўцам размаўлялі больш за 2 гадзіны. Адказ быў станоўчым. Праўда, працаваць у кампаніі юнак адмовіўся. На той момант быў загружаны іншымі справамі.
“Прайшло колькі часу, і са мной зноў звязаліся. І на гэты раз дамова была заключана”, — узгадвае Дзмітрый.
Toggl OÜ была не першым месцам работы хлопца. З 15 гадоў ён займаўся распрацоўкай сайтаў, пытаннямі архітэктуры дадаткаў у адной беларускай кампаніі.
“Працаваў і да 15 гадоў. Безумоўна, бясплатна. Я гатовы быў і сам плаціць, каб мне паказвалі, як і што трэба рабіць. Нават зараз я гатовы даплачваць, але ўжо за тое, каб працаваць у “Маскарадзе”, — гаворыць Дзмітрый.

“Схадзі на сто субяседаванняў — дзесьці цябе дакладна возьмуць”

“Мне часта адмаўлялі, калі я ўладкоўваўся на работу. Калі я правальваўся на субяседаванні, стараўся атрымаць максімальны водзыў работадаўца. Вывучаў тое, пра што ў меня пыталіся і на што я не змог адказаць. Працаваў над памылкамі”, — узгадвае Дзмітрый.
Да Дзмітрыя часта звяртаюцца за парадай, як паспяхова прайсці субяседаванне. У сваю чаргу ён цікавіцца, на колькіх субяседаваннях быў чалавек. І калі чуе ў адказ “На адным”, гаворыць: “Схадзі на сто, дзесьці цябе дакладна возьмуць”.
“Для многіх правал на субяседаванні становіцца сапраўднай трагедыяй. Такое стаўленне да памылак я бачу ўсюды. Яно ў нашай культуры, і яно нам вельмі перашкаджае. Гэта ідзе яшчэ са школы, мне здаецца. Памятаеце, калі ты дрэнна напісаў дыктант, увага акцэнтуецца не на тым, як зрабіць так, каб ты напісаў наступны раз добра, а на тым, што ты атрымаў “два”, — гаворыць Дзмітрый.
“Лічу вельмі красамоўнай гісторыю Брайна Эктана, аднаго з заснавальнікаў WatsApp. Facebook адмовіў яму, калі той уладкоўваўся да іх на работу ў якасці інжынера. Праз год ён заснаваў кампанію WatsApp. І яшчэ праз пару гадоў гэтую кампанію Facebook купіў за 6 млрд долараў”, — працягвае Дзмітрый.
“Часам я задумваюся: калі б я некалі не праваліў субяседаванне ў адной з кампаній, ці атрымаў бы я такія магчымасці, якія маю зараз? Мабыць, тое, што мне адмовілі, стала пачаткам новага паспяховага этапу”, — гаворыць Дзмітрый.

“Яны не імкнуцца ведаць ні структуру даных, ні алгарытмы, а матэматыка — гэта база”

Вучыўся Дзмітрый Курыла ў звычайным класе звычайнай сярэдняй мінскай школы № 71. Яшчэ школьнікам шмат працаваў самастойна. Зараз за плячыма юнака каля 30 прачытаных кніг па праграмаванні на англійскай мове. Гэта пры тым, што ў школе англійская мова не вывучалася паглыблена. Ды і рэпетытараў сям’я ніколі не наймала.
“У дзяцінстве сярод сяброў у мяне самага першага з’явіўся камп’ютар. Першы і самы слабы: не выцягваў многія гульні. Магчымасці набыць новы не было. Прыходзілася гэтыя гульні аптымізаваць — мяняць канфігурацыйныя файлы і алгарытм. Стаў разбірацца, як яны працуюць. Пасля самыя простыя гульні пачаў пісаць сам”, — узгадвае Дзмітрый.
“Калі я вучыўся ў каледжы (Дзмітрый Курыла скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж; пасля яго заканчэння адразу паступіў на трэці курс БДУІР. — Заўв. аўт.), праходзіў дысцыпліну “Алгарытмізацыя праграмавання”, якую вёў Назараў. Ён цудоўна выкладаў структуры даных, алгарытмы. З ім я злавіў адну хвалю”, — дадае Дзмітрый.
“Памылковы погляд многіх праграмістаў у тым, што яны праграмуюць на высокіх мовах, але не імкнуцца ведаць ні структуру даных, ні алгарытмы, ні падыходы да праграмавання. Не хочуць ведаць гісторыю праграмавання. Сапраўды, каб ствараць простыя рэчы, ведаць гэта непатрэбна. Аднак калі давядзецца сур’ёзна працаваць з той жа графікай, вялікімі данымі, такія веды абавязкова спатрэбяцца”, — працягвае Дзмітрый.
Дзмітрый і сам не адразу зразумеў, што матэматыка — гэта база. Таму і заняткі па вышэйшай матэматыцы падчас навучання ў каледжы наведваў не ўсе, аб чым шкадуе.
“Зараз я не магу хутка прымяніць інтэгралы ці вытворныя, якія ў праграмаванні выкарыстоўваюцца даволі часта. Напрыклад, яны прымяняюцца ў сэрвісе трэндаў “Інстаграм”. Таму зараз я самастойна вывучаю кнігу па дыскрэтнай матэматыцы”, — дзеліцца Дзмітрый.
Многае з таго, што выкладаюць ва ўніверсітэце, Дзмітрый ужо ведае. Аднак, як гаворыць суразмоўца, на заняткі даводзіцца хадзіць, бо такія правілы. Праўда, шмат чаго з вялікім задавальненнем здаў бы агулам, а вызвалены час патраціў на чытанне новых кніг па праграмаванні.
“Я не адмовіўся б і сам раз у тыдзень прыходзіць і чытаць лекцыі. Гэта добры спосаб расказаць нешта каштоўнае людзям”, — дзеліцца Дзмітрый, у якога, дакладна, хапае для гэтага вопыту.

“Ці застануся я ў IT-індустрыі?”

“Ці застануся я ў IT-індустрыі праз 5—10 гадоў? Упэўнены, што так. Аднак праз гэты час, спадзяюся, мая работа будзе звязана са сферай вялікіх даных і машыннага навучання”, — гаворыць Дзмітрый.
Больш за ўсё гэтага хлопца цікавяць нейронныя сеткі, якія дазваляюць мадэляваць штучны інтэлект. Таму ўжо зараз ён стараецца развівацца ў гэтым напрамку.
“Нядаўна інжынеры ў Нью-Ёрку саставілі алгарытм, які па твітах выяўляе, напісаны яны чалавекам пад уздзеяннем алкаголю ці ў цвярозым стане. І, выкарыстоўваючы геалакацыю таго, дзе былі напісаны твіты, саставілі карту, дзе і ў які час у горадзе выпіваюць. Такія распрацоўкі мне падаюцца проста неверагоднымі”, — дзеліцца Дзмітрый.

Святлана ШЫЯН.
Фота з асабістага архіва Дзмітрыя КУРЫЛЫ.